АКЦЭНТАВАЦЬ УВАГУ НА БУДАЎНІЦТВЕ ЖЫЛЛЯ

Тое, што семінар будаўнікі вырашылі правесці на базе нашага раёна, – невыпадковасць. Справа ў тым, што Лунінец па выніках мінулага года стаў пераможцам абласнога конкурсу па добраўпарадкаванню, а будаўнічыя арганізацыі стабільна выконваюць даведзеныя паказчыкі. Аб усім гэтым сведчыў расповяд старшыні райвыканкама Уладзіміра Мілашэўскага, відэафільм і экскурсія па будаўнічых аб’ектах. 

Добраўпарадкаванасць тэрыторыі ДРБУ-101 прыемна ўразіла ўдзельнікаў семінара. Тут працуе каля 80 чалавек. Тое, што прадпрыемства працуе стабільна і вынікова, – заслуга кіраўніка Аляксандра Вярэнча. Да таго ж, тэхнічны патэнцыял ДРБУ-101 даволі вялікі: 80 адзінак тэхнікі. Выконваемыя аб’ёмы з году ў год узрастаюць на 20-30 працэнтаў. Летась выканана работ на 7 мільярдаў рублёў. Важнейшы паказчык – прыбытак, які складае каля 300 мільёнаў у год. Вытворчаць працы павялічылася за апошні час у 2,4 раза. Усе работы выконваюцца ўласнымі сіламі. У мэтах выкананння Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14.06.2007г. № 3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы” тут праводзяцца мерапрыемствы, якія падпарадкаваны дасягненню эканоміі матэрыяльных рэсурсаў і грашовых сродкаў.

У ацяпляльны сезон уласная кацельня на абагрэў будынкаў і памяшканняў расходуе 195 кубоў дроў, што каштуе прыкладна 5 мільёнаў рублёў. Калі б выкарыстоўвалі газ, то гэта сума ўзрасла б да 25 мільёнаў. Як пазней адзначыў у сваім выступленні начальнік ПМК-7 Уладзімір Канапацкі, для будаўнікоў вельмі важна не толькі пабудаваць, але і прасачыць далейшы “лёс” аб’екта. Таму вельмі радуе, што ДРБУ-101, на ўзвядзенні новай базы якога працавалі работнікі мехкалоны, працвітае і мае стабільныя вынікі.

Наступны прыпыначны пункт – мікрараён “Баханова”. Тут на плошчы 82,5 гектара размешчаны 258 дамоў, яшчэ 107 знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва. У новым квартале плануецца ўзвядзенне яшчэ 28 катэджаў. Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цяльпук расказаў аб тым, што “Баханова” – найбольш яркі ўзор комплекснай індывідуальнай забудовы. Яшчэ нядаўна тут быў кар’ер. Цяпер – зона адпачынку гараджан. Побач узводзіцца царква. Некалькі тыдняў таму да будаўніцтва новай дарогі прыступіла ДБУ-8. Намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Сакоўскі звярнуў увагу на тое, наколькі важна абсталяваць будаўнічы гарадок і добраўпарадкаваць навакольную тэрыторыю, перш чым прыступіць да работ.

Даўгабудам можна назваць раённую бальніцу, узвядзенне якой пачалося яшчэ ў мінулым стагоддзі. Улічваючы, што сродкаў выдзялялася мала, яе будаўніцтва зацягвалася і нават спынялася. Цяпер тут задзейнічаны брыгады ПМК-19, аддзелачныя работы вядуць пінская СПМК-5, баранавіцкая СПМК-3, іванаўская СПМК-7 і лунінецкая СПМК-17. Калісьці корпус, дзе зараз працуюць будаўнікі, планавалася аддаць пад гінекалагічнае аддзяленне. Па новым праекце тут размесцяцца аперацыйны і хірургічны блокі, радзільнае і рэанімацыйнае аддзяленні. Менавіта на здачы ў эксплуатацыю гэтага блока сёлета будзе сканцэнтравана асноўная ўвага.
Па дарозе ў пасёлак Палескі зрабілі прыпынак у Вулькаўскім 1 Цэнтры культуры і народнай творчасці, дзе летась дзякуючы намаганням будаўнікоў зроблены рамонт. Госці былі прыемна здзіўлены і выказаліся за павелічэнне падобных аб’ектаў у вёсках: гэта дазволіць не толькі захаваць самабытную культуру, якую нясуць такія калектывы, як народнае аматарскае аб’яднанне “Жывіца”, але і прыцягнуць моладзь у сельскую мясцовасць.

На гэта нацэлена і дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі. Новыя домікі, якія ўзводзяцца ў Палескім, адпавядаюць усім сучасным патрабаванням. Віктар Сакоўскі падкрэсліў, што калі б усе будаўнічыя арганізацыі адносіліся да ўзвядзення жылля як работнікі ПМК-19, нараканняў з боку правяраючых і кантралюючых інстанцый было б намнога менш.

Як толькі аўтобусы з удзельнікамі семінара ў мікрараёне “Заходні” прыпаркаваліся каля дамоў ЖБК-8 і ЖБК-9, тут жа пад увагу трапілі агароджа аб’ектаў з сеткі-рабіцы, казыркі з металачарапіцы над часовымі ўваходамі, а таксама якасная кладка цэглы. Начальнік ПМК-7 Уладзімір Канапацкі падрабязна расказаў, аб праводзімых работах. Разам з кваліфікаванымі работнікамі, тут пераймаюць вопыт вучні. Што датычыць якасці будаўніцтва, то на аб’екты рэгулярна запрашаюцца прадстаўнікі дзяржбуднагляду для дэталёвага абследавання выкананага аб’ёму работ. Як у кожнай арганізацыі ў ПМК-7 таксама бываюць недахопы і недапрацоўкі, але іх імкнуцца своечасова заўважыць і выправіць. Сярэдняя зарплата муляраў складае 900 тысяч рублёў. Менавіта гэты факт выклікаў найбольшыя спрэчкі ва ўдзельнікаў семінара. Віктар Сакоўскі выказаў незадаволенасць, тым, што гэта лічба ніжэй за сярэднеабласную. Не сакрэт, што жыллё зараз і так нятаннае. Яго плануюць зрабіць больш даступным за кошт адмены каафіцыента 1,44 па заработнай плаце, які быў уведзены летась для таго, каб падняць прэстыж будаўнікоў і забяспечыць вяртанне спецыялістаў з расійскіх гарадоў.

Хаця ёсць і іншыя спосабы падняць зарплату будаўнікоў. Напрыклад, кааператыўны дом ЖБК-8 рэальна здаць не ў кастрычніку, як гэта прадугледжана планам, а ў ліпені. (Гэта не адмаўляе і Уладзімір Канапацкі.) Значыць, і зарплата будаўнікоў будзе вышэй.

Між тым, удзельнікі семінара паднялі яшчэ адну праблему, якая якраз і датычыць паскарэння работ на ўзводзімых аб’ектах, – вежавыя краны. Іх не хапае. Тэхніку, зразумела, можна дадаткова набыць, але, як і ўсюды, усё ўпіраецца ў грошы. Расійскія краны каштуюць танней, аднак трэба падтрымліваць айчынных вытворцаў… 

Цікавасць выклікала мадэрнізацыя палігона жалезабетонных вырабаў ПМК-7, вытворчыя базы ПМК-19 і СПМК-17 і рэканструкцыя стадыёна “Палессе”.

Падчас пленарнага пасяджэння абмяркоўваліся пытанні выканання заданняў па ўводу ў эксплуатацыю жылых дамоў, аб’ектаў дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, а таксама праграм адраджэння і развіцця вёскі, развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы будаўнічнай галіны.



Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.