“І НЕ ШКАДУЮ НІ АБ ЧЫМ”, –

так аб сваім прафесійным шляху разважае дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм Віктар Аляксеевіч КЛІМОВІЧ.

Ён нарадзіўся ў размешчанай сярод балот невялікай вёсачцы Драгічынскага раёна і падрастаў у часы, калі вакол яе пачалі весці шырокамаштабнае асушэнне. Занятыя сялянскай працай бацькі, не заўсёды маглі прасачыць, куды ў вольны ад школы і хатніх абавязкаў час збягаў іх старэйшы сынок, аднак дакладна ведалі, што шукаць яго трэба на балоце. Бег сюды разам з іншымі, такімі ж басаногімі, хлапчукамі з вёскі. З поля зроку няўрымслівай дзетвары не выпадала ні магутная тэхніка, ні адкрытыя шчырыя твары меліяратараў, ні сам працэс асушэння. Усё ім было цікава. Таму пры выбары далейшага жыццёвага шляху не вагаўся. Пасля заканчэння 8-мі класаў, разам з іншымі равеснікамі, падаў дакументы ў Пінскі гідратэхнікум. Незаўважана праляцелі 40 год, прысвечаных любімай справе. Набіраўся вопыту, павышаў адукацыйны ўзровень.

– Працаваць даводзілася на розных участках: быў майстрам, камсамольскім, а затым партыйным лідэрам. Аднак самымі плённымі лічу тыя 22 гады, што ўзначальваю прадпрыемства. У гістарычным плане адрэзак часу невялікі, а колькі давялося перажыць калектыву. Асабліва складанымі былі пасляперабудовачныя гады канца мінулага стагоддзя. Звыклыя для нас бюджэтныя асігнаванні ў галіну амаль не рабіліся, а захаваць і падтрымліваць у працаздольным стане вялікую гаспадарку (у раёне 78 тысяч гектараў асушаных зямель, або 80 працэнтаў сельгасугоддзяў) было неабходна. “Выкручваліся” як маглі: дапамагалі калгасам уздымаць зябліва, вывозіць на палі арганіку, займаліся нетрадыцыйнымі работамі на прасторах краіны, не прапускаючы ніводнага шанцу зарабіць грошы. Пры гэтым здолелі захаваць касцяк калектыву, сваю унікальную тэхніку і выконваць пастаўленыя задачы. Жылі і працавалі з верай, што ва ўрадзе абавязкова зразумеюць наколькі важна меліярацыя для Палесся і краіны ў цэлым. Мары здзейсніліся ў 2005 годзе, калі была прынята дзяржаўная праграма “Захавання і выкарыстання меліяраваных зямель на 2005-2010 гады”. Разам з ёю ажывіліся работы па рэканструкцыі і захаванню меліярацыйных сістэм і збудаванняў. Сёлета з гонарам сустрэлі паўвекавы юбілей прадпрыемства, выканаўшы пры гэтым усе пастаўленыя задачы. Толькі летась на тэрыторыі раёна асвоілі 4 мільярды рублёў, а за лік амартызацыйных сродкаў абнавілі тэхніку, набылі новыя трактары і касілкі на суму 30 мільёнаў рублёў…

Пра дарагое сэрцу дзецішча і свой унікальны калектыў Віктар Аляксеевіч можа расказваць гадзінамі, як і пра сваю любоў да роднай матухны-зямелькі. Нягледзячы на “загружанасць” на рабоце, ён заўсёды знаходзіць час, каб пабываць на дачы, дзе вырошчвае немудрагелістую агародніну і садавіну, незважаючы на тое, што яе без праблем можна набыць на рынку ці ў любым харчовым магазіне.

– Ні за якія грошы не купіш той асалоды, што атрымліваеш ад плёну сваіх рук, ад яднання з прыродай і дачынення да зямлі. А хараства, лепшага за гэта, для мяне ў жыцці і не трэба. Я – сын зямлі і служыць ёй буду пакуль патрэбны…

А яшчэ Віктар Аляксеевіч любіць збіраць грыбы. Ён выдатны сем’янін, разам з жонкай Марыяй Іванаўнай, служачай райвыканкама, выгадавалі дзве дачкі, маюць унука.

Сёлета калектыў прадставіў кандыдатуру свайго дырэктара на ганаровае званне “Чалавек года-2008”, якое і было падтрымана створанай пры райвыканкаме раённай камісіяй.