ХОЧАЦЦА ВЕРЫЦЬ, ШТО ЗНІКЛІ ПАДСТАВЫ для паяўлення новых “Палескіх “Мауглі”

Аб прыкрым выпадку ў адным з сельсаветаў паведамлялі ў №112 “ЛН” за 07.09.2007 г. Вяртаемся да надрукаванага ў спадзяванні, што лад жыцця дзяцей, які прыкметна палепшыпся, стане яшчэ больш светлым.

Сям’я, якая мела статус знаходжання ў сацыяльна-небяспечным становішчы, стаяла на кантролі ў мясцовых органах улады. Былі вызначаны шляхі дапамогі бедалагам. Улічваючы, што абодва бацькі працуюць у СВК, гаспадарка выдзеліла ім адзін з дамоў, узведзеных па дзяржаўнай праграме адраджэння вёскі. Аднак жанчына, спасылаючыся на п’янства мужа, адмовілася перасяляцца ў новабудоўлю. З дзецьмі, якія цацкамі называлі бутэлькі з каларадскімі жукамі, працягвала туліцца ў бабулінай хацінцы на хутары, без элементарных умоў быту і развіцця. Калі грамадскасць выявіла гэта становішча, адказныя асобы забілі трывогу. 

Малышоў прызначылі ў дзіцячы сад, дзе ім сабіралі адзенне педагогі і бацькі. Старэйшы хлопчык у гэтым навучальным годзе стаў першакласнікам. Але ў снежні ён адсутнічаў у школе на працягу некалькіх тыдняў. Намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце, настаўніца і сацыяльны педагог, не прамаруджваючы, завіталі ў няблізка асталяваўшуюся сям’ю: што здарылася?

– Сын прастудзіўся, – адказала мама.

Прадстаўнікі школы патрабавалі медыцынскую даведку. Зноў прагучаў няўпэўнены адказ:

– На ферме працую без падменнай даяркі. Часу не хапіла звярнуцца да ўрача. Хлопчык заставаўся дома з бабуляй, лячыўся дома народнымі сродкамі.

Жанчыне растлумачылі, што гэта прычына – неабгрунтаваная. Можна было выклікаць хуткую дапамогу ці ўрача з мясцовай установы аховы здароўя. Прагулу школьніка аб’ектыўную ацэнку даў савет прафілактыкі, які тэрмінова сабраўся на пасяджэнне, куды былі запрошаны і абодва бацькі.

Інспектар па справах непаўналетніх пры РАУС паставіў жанчыну перад ультыматумам: ці за тыдзень перасяляешся ў новы дом, ці дзеці будуць прызначаны ў сацыяльны прытулак. Падалося, што на маці найбольш паўплывала не столькі гэта акалічнасць, колькі тое, што бацькам неабходна будзе кампенсаваць дзяржаве ўтрыманне малышоў. Напалохалася, што такіх сродкаў не мае… Так ці інакш, але Новы год для гэтай сям’і азнаменаваўся наваселлем. Было бачна, што дом, два гады быўшы без гаспадыні, ажыў: на вокнах паявіліся фіранкі, на двары вывешвалася пасціраная бялізна. Педагогі пыталіся ў хлопчыка: 

– Як табе жывецца? Ці па-ранейшаму злоўжывае спіртным тата?

– Значна менш, – усміхаўся хлопчык. – Некалькі разоў купляў нам шакаладкі. А нядаўна адрамантаваў тэлевізар, які шмат часу стаяў без справы… 

У канцы трэцяй чвэрці прадстаўнікі школы зноў наведалі сям’ю. Дом пакідае сумнае ўражанне: атынкаваныя сцены дагэтуль без шпалераў, падлога не пафарбаваная. У педагогаў нямя прэтэнзій да маці: бачна, як яна стараецца і прыгаваць ежу, і абсціраць, клапоціцца пра сваіх трох малых і аднаго дарослага мужчыну. Вось яго паводзіны пакуль выклікаюць толькі абурэнне. Але навакольныя спадзяюцца, што прыклад жонкі ўрэшце паўплывае на свядомасць мужа. Ён павінны асэнсаваць неабходнасць выканання бацькоўскага абавязку.

На адным з урокаў настаўніца папрасіла першакласнікаў намаляваць рэч, якая выклікае ў іх найбольшае захапленне. Большасць дзяцей адлюстравалі любімыя цацкі ці сваё ўяўленне аб будучых экзатычных падарожжах. У педагога сціснула сэрца, калі гэты хлопчык працягнуў ёй паперу, дзе была намалявана ванна…