УЗОРНАЯ МУЖНАСЦЬ ДАСТАЕЦЦА ВЫБРАНЫМ!

“Прафесіяналізм, адвага, гонар” – гэтымі словамі ўпрыгожаны флаг МНС, які развіваецца каля раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Тры шчырыя і запаветныя якасці прафесіі работнікі пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 з даўніх часоў нясуць у гарачых сэрцах, імкнучыся захаваць нават у самыя складаныя хвіліны нялёгкай працы. Сярод тых, каму ўласціва стойкасць, непахісны характар, – камандзір аддзялення Аляксандр Канстанцінавіч БОГДАН.  

15 год ён прымае выклікі вогненай стыхіі. Па словах выратавальніка, “памеры” страха залежаць ад таго, з якой праблемай сутыкаешся. Дробныя ўзгаранні даўно перасталі здавацца нечым незвычайным, нягледзячы на непрадказальнасць нават самага малога агню. А вось людскімі ахвярамі звыкнуцца не здольны нават вопытнейшы работнік. 

– Не раз выносілі са спаленых домаўладанняў загінуўшых людзей. Аднойчы агонь нядобра пажартаваў над гаспадыняй палаючай хаты і пажарнымі, што прыбылі на месца здарэння. Усхваляваная жанчына са слязамі на вачах прасіла выратаваць сына, які застаўся ў адным з пакояў. Пасля таго, як узгаранне было ліквідавана, высветлілася, што хлопчык… гасцюе ў сваёй бабулі. Такія выпадкі сапраўды казытаюць нервы і прымушаюць хвалявацца! – расказвае Аляксандр Канстанцінавіч. 
За доўгія гады адданай работы падобных момантаў было шмат. Справіцца з перажываннямі дапамагаюць блізкія сэрцу людзі – жонка Галіна Іванаўна, сыны-школьнікі Дзіма і Андрэй, а таксама дачушка Яначка.

…Дробныя падзенні і электрычныя ўдары, водныя “душы”, вогненыя палоны… Часта выратавальнікі з усмешкай успамінаюць свае “прыгоды”, што звычайным людзям наўрад ці пададуцца вясёлымі. Відаць, такім чынам агняборцы развітваюцца з негатыўнымі эмоцыямі і стомамі – вечнымі спадарожнікамі прафесіі. Хочацца па-добраму зайздросціць чалавеку, які смела глядзіць у вочы бяспецы і думае пра выратаванне людскога жыцця. А пасля, уявіўшы складанасць справы, разумееш – узорная мужнасць дастаецца выбраным!



Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.