“АД НАС ЗАЛЕЖЫЦЬ, КІМ СТАНУЦЬ НАШЫ ДЗЕЦІ…”

Не за гарамі той час, калі ў навучальных установах прагучыць апошні ў гэтым годзе званок. Ужо сёння многія выпускнікі, а разам – і іх бацькі задумваюцца, куды пайсці вучыцца. Аб вышэйшай адукацыі мараць многія, але не сакрэт, што больш запатрабаваны сёння на рынку працы рабочыя прафесіі. Аб тым, якія з іх карыстаюцца асаблівым попытам, на якім узроўні сёння знаходзіцца прафпадрыхтоўка вялі размову за «круглым сталом” дырэктары: ДПТК сельскагаспадарчай вытворчасці – Ф.А. БІРЫЛА, ліцэя прыборабудавання – А.Р. БАЎКУНОВІЧ, ААТ «Палессеэлектрамаш” – С.М. КАРПАЎ, начальнік СПМК №17 – Г.П. ШАРЫКАЛА, намеснікі дырэктараў РУП «РМЗ” – Ю.П. ГУШЧА, КУШВП ЖКГ «Лунінецкая ЖКГ” – У.М. АЛЯКСЕЕЎ і начальнік цэнтра занятасці В.І. УЛАДЗІМІРАВА.

Ф.А. Бірыла:
Сёння нашы выпускнікі запатрабаваны ў розных кутках Брэстчыны і Беларусі. Будаўнікоў рады бачыць у Мінску і Салігорску, аграрыяў – Пінскім, Ляхавіцкім і Драгічынскім раёнах. Фермеры Брэсцкага раёна просяць забяспечыць спецыялістамі для работ у садах. У нашым жа раёне такой вострага недахопу рабочай сілы не адчуваецца, хаця цесна супрацоўнічаем з такімі арганізацыямі, як БУ-63, РУВП «Граніт”, СВК «Вулькаўскі світанак”, «Хваецкае”, «Лунінскі” і «Гарадоцкі”.
А.Р. Баўкуновіч:
Нам вельмі прыемна працаваць з нашымі базавымі прадпрыемствамі ААТ «Палессеэлектрамаш” і райспажыўтаварыства. Спадзяемся на супрацоўніцтва з РУВП «Граніт”. Нядаўна атрымалі дазвол на пераўтварэнне ў каледж. І ў 2011 годзе плануем набраць групу прадаўцоў, якія атрымаюць сярэдняспецыяльную адукацыю. У перспектыве – падрыхтоўка спецыялістаў на другім узроўні па прафесіях тэхнічнага цыкла.
Зараз вельмі імклівы час, які патрабуе пастаянна глядзець наперад. Ужо ў гэтым годзе мяркуем набраць навучэнцаў па дзвюх новых спецыяльнасцях. Гэта слесары па кантрольна-вымяральных прыборах і аўтаматыцы і мантажнікі сантэхнічных сістэм і абсталявання. Прадпрыемствы Брэстчыны ўжо далі адпаведна 35 і 20 заявак. Аднак у нашым раёне такія спецыялісты пакуль не патрабуюцца.

Вядучы:
Вядома, што ў прафтэхустановы прыходзяць далёка не выдатнікі. Магчыма, гэта палохае некаторых кіраўнікоў, і яны не спяшаюцца даваць заяўкі.

А.Р. Баўкуновіч:
Можа і так, але робім усё магчымае, каб падрыхтаваць добрых спецыялістаў. Мы зацікаўлены, каб лепшыя заставаліся ў нашым раёне. Заяўка ж з’яўляецца афіцыйным дакументам. А раптам наш выпускнік не валодае дастатковымі прафесійнымі навыкамі, ды і характар можа аказацца не падарункам. Магчыма, праз пэўны час прадпрыемства наогул не будзе мець патрэбу ў такіх спецыялістах. Тады давядзецца даваць адказы ў розныя інстанцыі. А звальненне можа каштаваць учарашняму выпускніку судовымі разбіральніцтвамі. Усё гэта не так проста, як можа падацца на першы погляд. 
Ф.А. Бірыла:
Перад намі сёння стаіць задача скласці план набора да 2020 года. Аднак кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый не могуць даць гарантый і, тым больш, падаць заяўкі на падрыхтоўку спецыялістаў на такую далёкую пераспектыву.
Уявіце, толькі сёлета мы прынялі ў каледж 440 чалавек. Упершыню набралі групу тэхнікаў-будаўнікоў. Ёсць пакуль складанасці пры падрыхтоўцы, але мы стараемся. Нам пашанцавала, што да нас на работу прыйшла майстар вытворчага навучання Вольга Клопат, якая робіць прафесію будаўніка прывабнай і цікавай. Ды і іншыя выкладчыкі імкнуцца да павышэння якасці ведаў, высокага ўзроўню навучання. Гэтага ўжо здолелі дабіцца пры падрыхтоўцы тэхнікаў-механікаў. Так, пры паступленні ў Горацкую акадэмію пры конкурсе 5 чалавек на месца ад 7 да 13 нашых выпускнікоў штогод становяцца студэнтамі.
Акрамя гэтага, працуем у цеснай сувязі з цэнтрам занятасці насельніцтва. Рыхтуем спецыялістаў па іх заяўках.
В.І. Уладзімірава:
Апошнім часам павялічылася колькасць жадаючых набыць будаўнічыя спецыяльнасці. Заяўкі працягваюць паступаць. Ці ёсць магчымасць навучаць яшчэ адну групу?
Ф.А. Бірыла:
На жаль, пакуль не зможам. Дзве групы набраны. Зараз прапануем месцы ў групу электрагазазваршчыкаў.
Г.П. Шарыкала:
Дазвольце дадаць лыжку дёгцю ў размову. Гутарка ішла аб тым, што ўзровень якасці падрыхтоўкі будаўнікоў павышаецца. Не згодны з гэтым. Два гады працуем з каледжам, і хачу сказаць, што спецыялісты выходзяць адтуль дрэнныя. Яны мала што ведаюць аб прафесіі, і навыкі ў іх адсутнічаюць. Тынкоўшчыкі-маляры атрымліваюць пасведчанні з прысваеннем 3-га разрада, а аконны адкос зрабіць не могуць, хаця павінны ўмець. Разам з тым, непадрыхтаваныя спецыялісты прыходзяць і пасля курсаў, якія арганізоўвае цэнтр занятасці, накіроўваючы беспрацоўных у Мінск. Кажуць, што падрыхтоўка там ідзе па нямецкай тэхналогіі, але чамусьці плітачнік 4-га разрада не ведае, што такое масцярок …
В.І. Уладзімірава:
Упершыню чую такія нараканні. Многія менавіта аб такіх «корачках” марылі. Зараз у сталіцу не адпраўляем, толькі ў Брэст. А вось што датычыць падрухтоўкі ў каледжы, мяркую, вы як спецыяліст можаце што карыснае падказаць. Іх навучэнцы праходзяць у вас практыку, дык можа ёсць сэнс дапамагчы і стварыць для будучых спецыялістаў эксперыментальны аб’ект.
Г.П. Шарыкала:
Мы не супраць супрацоўніцтва. Прывозьце да нас навучэнцаў. Дадзім аб’ект, майстра, вопратку і інструмент. Пазнаёмяцца з вытворчасцю. Згодны, што дапамога дзецям патрэбна. Кожны год бяром на практыку да 12 чалавек і надалей будзем браць. Хаця многія з іх палову часу, што павінны працаваць, пракурваюць. Летась узялі на работу 4 чалавекі. Не скажу, што спецыялісты добрыя, але ў іх ёсць жаданне спасцігнуць сакрэты прафесіі.
Ф.А. Бірыла:
Прапаную вам, паважаны Георгій Паўлавіч, стаць старшынёй экзаменацыйнай камісіі і даваць сваю ацэнку на выпускных выпрабаваннях.
Г.П. Шарыкала:
Згодны. Будзем працаваць.

Вядучы:
Не думаю, што ўсё так дрэнна з падрыхтоўкай спецыялістаў у нашых навучальных установах.
Ю.П. Гушча:
Хачу заўважыць, што ў нас такіх нараканняў, як у будаўнікоў, няма. Зараз на прадпрыемстве праходзяць практыку 6 электрагазазваршчыкаў. За імі замацавалі настаўнікаў, далі канкрэтныя заданні. Ведаю, што іншы раз практыканты знаходзяцца на ролях «прынясі-падай”. У нас такога няма. Назіраючы за юнакамі, ужо сёння гатовы прадаставіць работу чацвярым з іх. Зразумела, даводзіцца з імі «вазіцца”: выхоўваць пачуццё адказнасці, трымаць пад кантролем іх паводзіны. Але як без гэтага?
Г.П. Шарыкала:
У нас таксама з венікамі не ходзяць – адразу ў брыгаду. Але думаю, што і з боку каледжа павінна быць зацікаўленасць у тым, каб іх выхаванцы паспяхова праходзілі практыку. А так, за паўтара-два месяцы адпрацоўкі майстар вытворчага навучання ні разу не пацікавіўся аб поспехах сваіх навучэнцаў.
С.М. Карпаў:
У гэтым плане нам пашанцавала. Мы працуем з ліцэем прыборабудавання і такіх пытанняў у нас не ўзнікае. А ў тым, што нехта прыходзіць на практыку і большую частку часу марнуе дарма, вінаваты не столькі малады чалавек, колькі кіраўнік, за якім ён замацаваны і майстар цэха. У нас жа – іншая праблема. Прыходзяць, напрыклад, электрыкі. Быццам і тэорыю ведаюць, а на практыцы прымяніць не могуць. У вас у ліцэі дастаткова станкоў. Дык няхай вашы майстры вытворчага навучання іх выводзяць са строю, а будучыя электрыкі рамантуюць. Толькі так можна падрыхтаваць добрага спецыяліста. А на практыку мы заўсёды будзем браць нашых дзяцей. Безумоўна, ёсць Мінск, Піцер, Масква, але ніхто іх там не чакае, хіба што наркотыкі і гарэлка. А тут яны пад наглядам бацькоў, ды і нашым з вамі. Яны падобны пласціліну, сырыя зусім яшчэ, хаця ў ліцэі і каледжы іх грамадскімі ведамі напоўнілі. Ад нас залежыць, кім стануць нашы дзеці.
Ф.А. Бірыла:
Сумна, але з кожным годам узровень адукацыі, з якім прыходзяць да нас юнакі і дзяўчаты, усё ніжэй і ніжэй. Яны нават сваё прозвішча і назву вёскі без памылак напісаць не могуць. Але мы павінны іх вучыць. І добра, што яны ідуць у каледж ці ў ліцэй, а не праводзяць час на вуліцы ў пошуку крымінальных прыгод. Радуе, што ў нас атрымліваецца не толькі падцягнуць іх веды, але раскрыць творчыя і іншыя таленты.

Вядучы:
Упэўнена, што ў кіраўнікоў устаноў прафтэхнавучання ёсць падставы для аптымізму: многія іх выхаванцы старанна працуюць у арганізацыях раёна. І ў тым, што наш горад становіцца прыгажэй і чысцей ёсць і іх заслуга.  
У.М. Аляксееў:
Рыхтуючыся да «круглага стала” зазірнуў у аддзел кадраў. Дык ведаеце, аказваецца ў камунальнай службе працуе больш як 50 выпускнікоў каледжа! Многіх з іх можна назваць не толькі універсальнымі спецыялістамі, але і незаменнымі работнікамі. Зваршчыкаў, вадзіцеляў, трактарыстаў вы рыхтуецце выдатных, а вось з будаўнікамі сапраўды ёсць праблемы. 
Г.П. Шарыкала:
Што б не гаварылі зараз, я ўпэўнены, што лепшай падрыхтоўкі спецыялістаў, чым існавала ў савецкія часы яшчэ не прыдумалі, калі за станочнікам замацоўвалі вучня, які за месяц асвойваў прафесію. Шкада, што ўвялі ліцэнзіі на падрыхтоўку спецыялістаў, а то б рыхтавалі іх на месцы самастойна.

Вядучы:
Чытачоў «раёнкі” хвалюе такое пытанне: ці можна атрымаць спецыяльнасць тэхнік-будаўнік, калі за плячамі толькі курсы, дзе атрымана прафесія тынкоўшчыка-маляра?
Ф.А. Бірыла:
На жаль, у нашым каледжы могуць атрымаць спецыяльнасць толькі тыя, хто ў нас прайшоў першую прыступку навучання. На такіх умовах намі атрымана ліцэнзія, а мы павінны прытрымлівацца яе. Павысіць прафесійны ўзровень жадаючыя могуць у спецыялізаваных навучальных установах у Брэсце ці Мазыры.
В.І. Уладзімірава:
Пытанне перападрыхтоўкі хвалюе і нас. Некаторыя, атрымаўшы прафесію прадаўца, жадаюць атрымаць будаўнічую і наадварот. Жыццё складваецца ў кожнага па-рознаму. І вельмі хочацца, каб падрыхтоўка спецыялістаў задавольвала арганізацыі, куды прыходзяць маладыя спецыялісты.

Вядучы:
Як бачна, паміж установамі прафтэхнавучання і вытворцамі ёсць праблемы. Але як адзін, так і другі бок зацікаўлены ў іх вырашэнні. А таму адкрытая размова будзе на карысць усім: і навучэнцам, і выкладчыкам, і практыкам.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.