На павышэнне энергетычнай бяспекі

тэцПлан уводу ў эксплуатацыю першага пускавога комплексу цеплаэлектрацэнтралі (ЦЭЦ) у Лунінцы намечаны на снежань 2013-га. Праектная магутнасць – 4 мегаваты. Гэтага дастаткова, каб забяспечыць цеплавой і электрычнай энергіяй горад. Аб тым, на якой стадыі знаходзіцца будаўніцтва, расказвае начальнік аддзела рэалізацыі інвестыцыйнага праекта Віталь ШЧЭРБІЧ:

– У энергетычнай сферы працую 9-ты год, па адукацыі – інжынер-праграміст. Працоўную дзейнасць пачынаў на ААТ “Палессеэлектрамаш”, потым перайшоў у камунальную службу, пазней перакваліфікаваўся ў энергетыкі, чаму спрыяла інжынерная пасада ў Лунінецкай раённай кацельні Пінскіх цепласетак. Яна працуе на газе і дае толькі цяпло. А электраэнергія для беларусаў – нятанны экспарт, таму для Лунінеччыны ўзвядзенне энергетычнага аб’екта – справа важная і неабходная.

ЦЭЦ у Лунінцы – адзін з пунктаў Дзяржаўнай праграмы энергазберажэння. Яго ажыццяўленне – гэта, перш-наперш, павышэнне энергетычнай бяспекі краіны, дзякуючы выкарыстанню ўласных паліўна-энергетычных рэсурсаў. Важным звяном будзе і эканомія за кошт замяшчэння газу мясцовымі відамі паліва – торфам і драўнянымі адходамі. У праект плануецца інвеставаць каля 300 мільярдаў рублёў.

Асноўнае абсталяванне аб’екта – паравая турбіна фірмы Siemens і два катлы Белаазёрскага энергамеха-нічнага завода. Новая распрацоўка айчынных праекціроўшчыкаў выклікала цікавасць у суседзяў – Украіны і Польшчы. Трэба адзначыць, што прыкладна 65 працэнтаў абсталявання, якое зараз манціруецца ў Лунінцы, мае беларускую “прапіску”. ЦЭЦ будзе выпрацоўваць 23,63 мільёна кВт/гадзін і 108,7 тысяч гігакалорый цяпла ў год.

– Каму даверылі ўзвядзенне цеплаэнергацэнтралі?

– Асаблівая роля ў рэалізацыі праекта адведзена РУП “Белэнергабуд” філіялу “Будаўнічае ўпраўленне Бярозаўскай ГРЭС”, які з’яўляецца генпадрадчыкам. У цесным супрацоўніцтве зараз тут працуюць 11 субпадрадчыкаў, сярод якіх і лунінецкая ПМК-7. На ўзвядзенні аб’екта задзейнічаны каля 200 чалавек. На сённяшні дзень выканана 80 працэнтаў будаўнічых работ. Актыўнымі тэмпамі працягваецца мантаж асноўнага катла Е-20. Робіцца ён брыгадамі “Белаазёрскэнергарамонт” філіяла “Брэстэнерга”, у складзе якіх высокакваліфікаваныя слесары-мантажнікі і зваршчыкі.

– У нашым рэгіёне вельмі актуальным застаюцца пытанні, звязаныя з экалагічнай бяспекай…

– Упэўнена магу сказаць, што лунінчанам не трэба хвалявацца. Тут будзе ўстаноўлены магутны фільтр, які зробіць выкіды ў атмасферу мінімальнымі.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.