Агарод на падаконніку

З надыходам першага веснавога месяца на падаконніках кватэр і дамоў “вырастаюць” своеасаблівыя імправізаваныя цяплічкі. Гэта дачнікі прыступілі да сяўбы і вырошчвання расады агародніных культур. Не толькі новыя сарты, але і тэхналогіі па іх вырошчванні ўдасканальваюць штогод вяскоўцы і гараджане. Хтосьці займеў свой вопыт, навыкі, прафесіяналізм, а пачынаючым усё гэта асвоіць яшчэ толькі прадстаіць.
Многія думаюць, што чым большая расада, тым лепш. І пры гэтым моцна памыляюцца. Пры высадцы ў адкрыты грунт яна прыжываецца вельмі цяжка, бо шмат сіл траціць на пераадольванне хвароб.
Пасля перасадкі перцы і баклажаны адчуваюць сябе некамфортна, затое таматы прыжываюцца добра. Для гэтага раслінкам адводзяць спецыяльныя стаканчыкі, а вось перац і баклажаны лепш пасадзіць парамі. Пры высадцы ў адкрыты грунт “двайнікі” не перашко-дзяць адзін другому.
Нярэдка на рынку гандлююць пераросшай, выцягнутай расадай. Не дапусціць такога ў хатніх умовах можна за кошт паніжэння тэмпературы, правільнага асвятлення. А вось агуркі, напрыклад, можна вырошчваць і безрасадным спосабам. І ўсё ж за кошт выганкі яны хутчэй дадуць ураджай на градцы.
Важным фактарам пры вырошчванні цеплалюбівых культур перад высадкай на пастаяннае месца з’яўляецца загартоўка. Яе праводзяць паступова, павялічваючы знаходжанне на свежым паветры. Гэта дазваляе пазбегнуць сонечнага абпальвання, тым самым расада стане больш устойлівай да перападу вонкавых тэмператур.
Віднае месца на прыся-дзібных участках займае самая холадаўстойлівая культура – капуста. Яе таксама можна пачаць вырошчваць на падаконніках. Але лепш загадзя заняцца падрыхтоўкай градак, якія не шкадуючы пасыпаем попелам, устанаўліваем металічныя дугі, а плёнку нацягваем на іх. Як толькі глеба прагрэецца на глыбіню 5-10 сантыметраў, высяваем насенне. Раслінкі развіваюцца не так хутка, як на падаконніку, дзе дыхаюць цеплынёй батарэі, затое зялёненькія, бадзёрыя і здаровыя. На такую расаду не паспее зрабіць набегі капусная блошка па той прычыне, што тэмпература вонкавага паветра перашкаджае ёй выйсці са свайго ўкрыцця раней звычайнага тэрміну, а, значыць, і завязвацца галоўкі пачнуць намнога хутчэй.
Неўпрыкмет прабяжыць час і першы вясновы месяц перадасць эстафету красавіку. Ажыве рух на прысядзібных участках – дачнікі распачнуць новы сезон. А з ім і будуць перадавацца з вуснаў у вусны і жарты. Як вось гэты.

“А НАРАДЗІЛА Б СЫНА…”
Пасля застолля муж сядзіць на лаўцы, курыць цыгарэту, цікуе, як жонка перакопвае градку.
– Шкада, што не нарадзіла сына. Дапамога зараз табе была б, – з сумам гаворыць муж.
– Безумоўна, – уступае ў размову гаспадыня. – Сядзелі б тады ўдваіх ды пакурвалі…

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.