Кватэры – па дзяржзаказе

Прынцып забеспячэння ўласнай жылплошчай тых, хто стаіць у чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, зменены. З гэтага года адзіным заказчыкам будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай выступае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва райвыканкама. Цяпер грамадзяне, якія маюць права на атрыманне льготных крэдытаў, не ўключаюцца ў працэс будаўніцтва. За ўзвядзенне шматпавярховак з гэтага часу адказвае толькі дзяржзаказчык. Што гэта дасць? 

Па словах в.а. дырэктара КУП “ЛунінецрайУКБ” Анатоля Клопата, увядзенне дзяржзаказу дазволіць пазбегнуць перабояў у фінансаванні будаўніцтва, а таксама максімальна рацыянальна выкарыстоўваць сродкі, якія выдзяляюцца на дзяржаўную падтрымку. У практыцы будаўніцтва ў ЖБК назіраліся выпадкі, калі ўзвядзенне дома залежала ад аднаго ці некалькіх грамадзян, якія не змаглі своечасова ўнесці ўсе грошы ці плацілі з затрымкай. А забудоўшчык не меў дастаткова сваіх фінансавых рэсурсаў, каб дабудаваць дом. Адсюль – і доўгабуды, і незадаволенасць членаў арганізацый забудоўшчыкаў…
Для таго, каб цалкам вызваліць грамадзяніна ад удзелу ў фінансаванні на этапе будаўніцтва, прадаючы яму гатовую кватэру адначасова з крэдытам на яе, і быў распрацаваны механізм дзяржзаказу.
Згодна з Указам № 215 ад 8.05.2013 г. “Аб некаторых мерах па ўдасканаленню будаўніцтва (узвя-дзення, рэканструкцыі) жылых памяшканняў”, узвя-дзенне дамоў па дзяржзаказе – прэрэгатыва адзіных дзяржаўных заказчыкаў (УКБ), а таксама дзяржарганізацыі або арганізацыі з доляй дзяржавы ў статутным фондзе 50 працэнтаў і больш. Дзяржзаказчыкі будаўніцтва будуць атрымліваць крэдыты ў “Беларусбанку” пад 2 % гадавых.
– Гэта значыць, што забудоўшчык атрымлівае стабільнае фінансаванне па графіку, вытрымлівае тэрміны будаўніцтва, – тлумачыць Анатоль Мікалаевіч. – Такім чынам, цана застанецца той, якая была вызначана на момант пачатку будоўлі. Не ўклаўся ва ўстаноўлены тэрмін – давядзецца дабудоўваць дом за кошт дзяржзаказчыка. На плечы людзей гэтыя выдаткі не пераносяцца.
Дарэчы, для забудоўшчыка ўстанаўліваюцца дадатковыя патрабаванні. Перш за ўсё, ён кожны месяц павінен выплачваць працэнты па крэдыце. Гэта пры тым, што яшчэ не атрымаў грошай ад грамадзян. З аднаго боку – дадатковыя выдаткі, а з другога – стымул, каб пабудаваць у тэрмін і прадаць кватэры па абумоўленай цане.
– Уявім, дом пабудавалі, а жадаючых выкупіць кватэры няма. Як быць?
– У такім выпадку згодна з Указам, непрададзеныя на працягу 4-х месяцаў пасля заканчэння будаўніцтва кватэры могуць выкупляцца райвыканкамам за бюджэтныя сродкі, а затым пераводзіцца ў арэнднае або сацыяльнае жыллё ці прадавацца на аўкцыёнах.
– У чым асаблівасць працэдуры будаўніцтва дома па дзяржзаказе?
– Яна падрабязна распісана у тым жа Указе №215. Так, не пазней як за 6 месяцаў да ўводу жылога дома ў эксплуатацыю, а калі нарматыўныя тэрміны менш за 6 месяцаў, то з моманту пачатку будаўніцтва, грамадзяніна абвяшчаюць аб усіх характарыстыках і поўным кошце кватэры. Прычым, згодна з чаргой маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Чалавеку прапануецца ўжо гатовы прадукт з канкрэтнай цаной. Да гэтага моманту ён ужо дакладна ведае, які крэдыт атрымае і колькі сваіх грошай трэба ўнесці. Зыходзячы з гэтага, прымае станоўчае ці адмоўнае рашэнне аб набыцці прапанаванай кватэры.
– У ЖБК, як правіла, менш чым за 9 месяцаў дамы не ўзводзіліся, а некаторыя па нарматыўных тэрмінах – ад года да двух. Наколькі ведаю, яны крыху скараціліся. Такім чынам, у людзей будзе менш часу, каб знайсці неабходную суму для ўнясення ўласных сродкаў. Што рабіць? Адмаўляцца ад кватэры?
– Перавышэнне нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва недапушчальна. Купляць кватэру ці не, кожны вырашае самастойна. У выпадку адмовы чалавек застаецца ў чарзе маючых патрэбу грамадзян далей і чакае наступнай прапановы. Любы чаргавік сёння з дакладнасцю да некалькіх мільёнаў можа пралічыць, колькі сваіх грошай трэба будзе ўнесці. Памер крэдыту вядомы, сярэдні кошт аб’екта для маючых патрэбу таксама. Прыкладную плошчу на сям’ю можна вызначыць.
– Хто мае права на атрыманне такой кватэры?
– На кватэры, пабудаваныя па дзяржзаказе, могуць прэтэндаваць ільготныя катэгорыі грамадзян, якія маюць права на дзяржпад-трымку. Усе яны прапісаны ва Указе № 13. Так, мнагадзетныя сем’і змогуць атрымаць крэдыт пад адзін працэнт гадавых; грамадзяне, якія пражываюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек, – пад 10 працэнтаў; іншыя катэгорыі грамадзян – пад 20 працэнтаў стаўкі рэфінансавання; маладыя сем’і з двума дзецьмі – пад 50 працэнтаў і г.д. Што датычыць усіх астатніх катэгорый грамадзян, якія не падпадаюць пад будаўніцтва жылля па дзяржзаказе, то для іх захоўваюцца ўсе існуючыя на сённяшні дзень механізмы будаўніцтва жылля: ЖБК, долевае і індывідуальнае будаўніцтва. Дзяржзаказ будзе дадаткам да іх.
– Якія планы будаўніцтва па дзяржзаказе на гэты год на Лунінеччыне?
– У Лунінцы ў заводскім раёне будуць пабудаваны два 72-кватэрныя дамы – падрадчыкамі выступяць ПМК-7 і ПМК-19. Здача аб’ектаў запланавана на кастрычнік. Таксама ў райцэнтры па вуліцы Смаленская ў жніўні паявіцца аднакватэрны дом сямейнага тыпу для мнагадзетнай сям’і. На ліпень намечана ўзвядзенне шматпавярхоўкі ў Мікашэвічах, дзякуючы чаму тут змогуць палепшыць жыллёвыя ўмовы 72 сям’і.
Запісала
Алена ДАНІЛОВІЧ.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.