Праблемы. І не толькі камунальныя…

хомичНа пытанні чытачоў “ЛН” адказвае намеснік старшыні райвыканкама Руслан ХОМІЧ.

( Яўгенія Саковіч, Лутавень. Добры дзень, Руслан Васільевіч! Магчыма, пытанне маё не зусім у вашай кампетэнцыі, але, калі зможаце, дапамажыце. Звяртаюся да вас ад імя ўсіх жыхароў нашай невялікай вёскі, якія на падворку трымаюць кароў. Такіх усяго 19 чалавек, але праблема ад гэтага не становіцца менш значнай. Нам проста няма дзе пасвіць жывёлу. Там, куды ганялі раней, ужо ўсё вытаптана. Ёсць нядрэнныя ўчасткі, але іх трэба падкасіць. Падключылі на дапамогу старшыняў Сінкевіцкага сельвыканкама і мясцовай гаспадаркі “Аграграніт”. Аднак у апошняга то паліва няма, то тэхніка няспраўная…
– Правільна зрабілі, Яўгенія Іванаўна, што звярнуліся на “Прамую лінію”, калі такія дробязныя пытанні не могуць вырашыць два кіраўнікі на месцы. Абавязкова вам дапаможам.
Як стала вядома, 25 жніўня на вызначаныя ўчасткі пашы была накіравана тэхніка філіяла “Аграграніт”. Угоддзі падрыхтаваны для выпасу кароў з прыватнага сектара.
( Георгій Шмат, Лунінец. У мяне некалькі пытанняў. Чаму на вуліцы Лінейная на газоне паркуюцца не толькі легкавушкі, але і вялікагрузныя аўтамабілі? Вось і зараз тут стаіць “фура”…
– Накіруем супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі і, калі і сапраўды ёсць парушэнні, парадак будзе наведзены. Адначасова яны атрымаюць даручэнне больш пільна аднесціся да гэтай праблемы не толькі на вашай, але і іншых вуліцах горада. Зялёная зона – не для паркоўкі.
– Скажыце, а калі наша вуліца будзе заасфальтавана?
– У планах сёлетняга года асфальтаванне вуліцы Лінейная не значыцца.
– Чаму дагэтуль не перакрыты рух па вуліцы Вакзальная? Яна вельмі вузкая, і машыны ствараюць рэальную пагрозу для пешаходаў.
– Працягласць названай вуліцы каля 700 метраў. Шырыня праезнай часткі – ад 3 да 3,5 метра, абочына – усяго паўметра-метр. З аднаго боку – дамы, з другога – чыгунка. Пашырыць вуліцу і пакласці тратуар тут проста немагчыма. Менавіта таму было прынята рашэнне праезд па гэтай вуліцы забараніць. З боку вуліц Савецкая і Фрунзе ўстаноўлены адпаведныя знакі “Рух забаронены”. У мэтах захавання дарожнай бяспекі супрацоўнікі ДАІ перыядычна кантралююць тут сітуацыю. Дадзім ім даручэнне часцей бываць на названым участку. Адначасова ўпраўленнем Дзяржаўтаінспекцыі выдадзена прадпісанне КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” выканаць ямкавы рамонт асфальтавага пакрыцця вуліцы Вакзальная.
( Андрэй Шыш-Дударга, Лунінец. Маладая сям’я, якая 7 год жыве ў інтэрнаце, стаіць на агульнай чарзе на атрыманне жылля. Якая перспектыва ў бліжэйшы час займець дах над галавой? У сям’і – пакуль адно дзіця.
– Сёлета ў Лунінцы па дзяржзаказе ўзводзяцца два шматкватэрныя дамы па вуліцы Гагарына. Пабудаваць у іх кватэры могуць грамадзяне, якія маюць права на льготны крэдыт. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16.01.2012 г. №13 “Аб некаторых пытаннях прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) ці набыцці жылых памяшканняў”, права на льготны крэдыт маюць сем’і, якія пражылі ў інтэрнаце не менш як 10 год. Значыць, маладая сям’я, пра якую ідзе гаворка, прэтэндаваць на такую дапамогу дзяржавы пакуль не можа. На аўкцыёне новыя жылыя памяшканні ў нас не прадаюцца. Вывучаецца, праўда, пытанне далявога будаўніцтва. Папросім спецыялістаў даць дакладную інфармацыю (тлумачэнні па гэтаму пытанню чытайце на 2-ой стар. “ЛН” – Т.В.).
( Алена Калянковіч, Ракітна. На нашай вуліцы Школьная ды і на іншых часта здараюцца перапады напружання ў электрычных сетках. Звярталіся ў раён электрасетак, але там нам дапамагчы не спяшаюцца. Нават не ведаем, у чым справа: вінаваты стары трансфарматар, апоры лініі электраперадачы ці якія іншыя прычыны. У кожным доме цяпер шмат дорагакаштуючай бытавой тэхнікі, баімся, што яна пачне псавацца. І хто тады кампенсуе страты?
– Па вашай заяве ў Ракітна выехалі спецыялісты, якія зрабілі замеры ўзроўняў нагрузкі і напружання на трансфарматарнай падстанцыі і ў дамах па вуліцы Школьная. Праінспекціраваны таксама стан паветранай лініі электраперадачы. Высветлена, што праблемы ўзнікаюць менавіта па прычыне павелічэння колькасці падключаемага электраабсталявання. У сувязі з гэтым узрастае электраспажыванне, і паяўляюцца перагрузкі па токаразмеркаванню на сілкуючай лініі электраперадачы. Для ўхілення гэтых праблем плануецца ў 4-ым квартале 2014 года выканаць работы па замене правадоў на лініі электраперадачы ад КТП-278 з наступным пераразмеркаваннем нагрузак.
( Святлана Антановіч, Лунінец. На вуліцы Някрасава заўсёды стаялі кантэйнеры для смецця. Цяпер іх прыбралі. Куды дзяваць смецце з агародаў жыхарам Пушкінскай і іншых вуліц?
– Вялікагрузныя кантэйнеры з вуліцы Някрасава і сапраўды прыбралі. Яны, згадзіцеся, не былі асаблівым упрыгожаннем горада. Цяпер па Пушкінскай двойчы ў ты-дзень ходзіць спецыялізаваны транспарт. Спыняецца ён каля дамоў №№ 4,18,28 у панядзелак у 7.30 і сераду – у 18.40. Выкідваць туды можна толькі цвёрдыя камунальныя адходы. Расліннасць ад садаводства і агародніцтва такімі адходамі не з’яўляецца, таму выкідваць яе ні ў кантэйнеры, ні тым больш у спецыялізаваны транспарт забараняецца. Руплівы гаспадар знойдзе прымяненне ёй на ўчастку. Калі ж гэта ў вас зрабіць не атрымаецца, то па тэлефоне 3-21-52 у рабочыя дні з 8.00 да 17.00 можаце заказаць у ЖКГ асобны кантэйнер. Паслуга платная.
(Іван Драніч, Лунінец. Чаму рахункі на аплату камунальных паслуг жыльцам дома №47/1 па вуліцы Чырвоная прыносяць са спазненнем? Згодна з усімі нарматыўнымі дакументамі, мы павінны атрымліваць іх да 15 чысла кожнага месяца. У жніўні 18 чысла ніводная з кватэр нашага дома “жыровак” не атрымала. І чаму іншы раз сумы, пазначаныя ў рахунках, адрозніваюцца ад тых, што праходзяць па банку?
– Патрабаванне арт.1 п.3 Палажэння аб парадку разлікаў і ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 12.06.2014 г. №517, якое прадугледжвае дастаўку рахункаў-паведамленняў да 15 чысла кожнага месяца, у нас выконваецца. Рассылаць “жыроўкі” камунальнікі пачынаюць 13 чысла. Запатрабуем ад камунальнай службы, каб у ваш дом гэтыя дакументы дастаўлялі першачаргова. Што датычыць несупадзення дадзеных у рахунках на аплату і да-дзеных у банку, то сёння гэтая недарэчнасць поўнасцю выключана. Спецыялістамі зроблены поўны аналіз за некалькі апошніх месяцаў, несупадзенняў не выяўлена.
( Васіль Янішэўскі, Лунінец. Наш дом па вуліцы Макаранкі, 4 пабудаваны 40 год таму. Кожную зіму ў нас праблемы з падачай цяпла – рвуцца старыя трубы. Няўжо так складана замяніць 30 метраў зношаных ацяпляльных сетак, каб не пакутавалі людзі? І яшчэ. Як часта павінны прамываць сістэму ацяплення ў доме? Такое ўражанне, што камунальнікі не прытрымліваюцца ніякіх патрабаванняў.
– У курсе праблем вашага дома, Васіль Міхайлавіч, як ведаем і тое, што летась у пачатку ацяпляльнага сезона быў парыў трубы, па якой падаваўся цепланосьбіт, на ўваходзе. Тады рамонтныя работы былі выкананы аператыўна. На жаль, замяніць участак сістэмы ацяплення сёлета не здолелі з-за недахопу фінансаў. Гэтыя работы запланавана выканаць у вясенне-летні перыяд 2015 года. Будзем спадзявацца, што надыходзячую зіму вытрымаем без на-дзвычаных сітуацый. Што датычыць гідрапнеўматычнай прамыўкі сістэмы ацяплення, то праводзіцца яна адзін раз у чатыры гады, а гідраўлічныя выпрабаванні – штогод. Згодна з зацверджаным графікам прамыўка сістэмы дома №4 па вуліцы Макаранкі будзе зроблена да пачатку ацяпляльнага сезона 2014-2015 гг.
( Тэлефаную вам ад імя жыхароў дома №115а па вуліцы Чырвоная ў Лунінцы. У нас да камунальнай службы нямала ёсць пытанняў. Першае, калі ў нашым двары паявіцца “ляжачы паліцэйскі”? Двор праязны, машыны ездзяць тут, не збаўляючы хуткасць…
– Прапанова аб гэтым паступіла ў камісію па бяспецы дарожнага руху. Да канца верасня пытанне аб мэтазгоднасці абсталявання ў двары дома №115а штучнай няроўнасці будзе разгледжана, пра што паведамім дадаткова.
– Калі ў нас установяць казыркі над пад’ездамі?
– Па плану рамонт даху над пад’ездамі ў вашым доме спецыялістамі жыллёва-эксплуатацыйнай службы павінен быць выкананы да канца кастрычніка гэтага года. Будзем трымаць праблему на кантролі.
– Чаму каля ўваходаў у пад’езды №№2,3,4 заўсёды стаіць вада?
– Спецыялісты некалькі разоў пабывалі каля вашага дома і нават пасля дажджоў лужын тут не бачылі.
– Над 9-ым паверхам знаходзіцца так званы тэхнічны паверх. Ён увесь завалены бытавым смеццем. Калі нарэшце яго ачысцяць?
– Вам не сорамна? Хто, скажыце, гэтае смецце туды прынёс? Не думаю, што гэта работа жыльцоў з суседніх дамоў. Дык чаму вынікі вашай, мякка кажучы, неакуратнасці павінны выпраўляць іншыя? Выйдзіце на суботнік, прыбярыце тое, што нагрувасцілі і надалей сачыце за парадкам, а камунальнікі вам у гэтым дапамогуць.
– Наш пад’езд і тэрыторыю каля дома ніхто ніколі не прыбірае. Просім зрабіць пераразлік і надалей не ўключаць у аплату сумы за работу, якую не выконваюць.
– Спецыяльная камісія пабывала ў двары дома №115-а па вуліцы Чырвоная. Тэрыторыя тут – у здавальняючым стане. Тым не менш, кіраўніцтва ЖКГ зверне ўвагу работнікаў на больш стараннае стаўленне да сваіх абавязкаў. Прычым, не толькі пры ўборцы дваровых тэрыторый, але і пад’ездаў.
– Апошняе пытанне. Калі будзе парадак на дзіцячай пляцоўцы паміж нашым домам і КБА?
– Што маеце на ўвазе? Калі стан дзіцячых горак, то летась тут замянілі старыя на новыя. Тэрыторыя падкошана. Пра гэта сведчыць спецыяльны акт абследавання, якое было праведзена адразу пасля вашага тэлефанавання. Іншая справа, што пляцоўку месцам для адпачынку не саромеюцца выбраць не вельмі ахайныя дарослыя, якія пакідаюць пасля сябе непрыгожыя сведчанні “ўзліванняў”, то тут прэтэнзіі менавіта да іх. Дадзім даручэнне патрульна-паставой службе РАУС, каб часцей зазірала на гэты ўчастак. А што да камунальнікаў, то яны работу сваю выконваюць.
( Людміла Рудзько, Лідзія Гарошка, Кажан-Гарадок. У чым прычына пагаршэння якасці вады з цэнтральнага водаправода? Апошнім часам з крана ідзе вадкасць бурага колеру, якую не тое што для гатавання ежы, для мыцця бялізны выкарыстоўваць нельга.
– Часовае пагаршэнне якасці вады ў размеркавальных сетках у Кажан-Гарадку выклікана выхадам са строю абсталявання на станцыі абезжалезвання. Няспраўнасць гэтую плануецца поўнасцю ўхіліць да 15 верасня 2014 года. Пакуль жа заменены два фільтры, зроблена скідванне вады ў тупіковых участках размеркавальнай сеткі, а самі трубы прамыты. Гэта дазволіць часткова палепшыць якасць пітной вады да поўнага ўхілення прычыны збою.