Як памірае дом

Мы заўсёды з задавальненнем удыхаем пах драўляных палавіц і свежай фарбы на новабудоўлі. Светлы, яшчэ не абжыты дом, хай сабе невялікіх памераў, выглядае прыгожа. Застаецца толькі гадаць, хто стане гаспадаром новых пакояў, чые мары збудуцца пад светлым дахам.
І зусім супрацьлеглыя пачуцці адчуваем пры наведванні будынку, які самотна дажывае свой век. Часта хаты старэюць разам з гаспадарамі, якія даражаць родным памяшканнем і не хочуць яго пакідаць да апошняга. Нават сонца, здаецца, менш зазірае ў маленькія вокны, страціўшы цікавасць да адзінокіх людзей.
Але пакуль цепліцца чалавечае жыццё, трымаецца і дом. Фіранкі адхіляюцца раніцай, каб хоць крышачку святла пранікла ў паўзмрок, дадаючы радасці яго насельнікам. З коміна ўецца густы дым, сцелючы гаркаваты пах і навяваючы зайздросныя думкі пра цёплы прыпечак. Жаданая лавачка пад прызбай чакае гаспадароў, каб яны, змораныя, апусціліся на яе і задумаліся аб сваім мінулым…
Калі ж імклівыя гады пакінуць у хаце толькі свой горкі след ад страчанага, пачынае руйнавацца і былое ўтульнае жыллё…
Вуглы паступова ўрастаюць у зямлю, зараснікі палыну ўзнімаюцца ці не да самага даху. Весні-цы скрыпуча адгукваюцца на павевы ветру. Толькі яблыні імкнуцца ўпрыгожыць агульную шэрасць наваколля. Але хутка і яны, абдзеленыя чалавечай увагай, пачнуць размахваць сухімі галінамі.
Нехта першы адчыніць пустыя пакоі ў пошуках каштоўнасцей. Але якія яны тут, у горкім прытулку адзінокай старасці? Паснаваўшы па падлозе, той няпрошаны госць панясе з сабой няхітрыя старыя пажыткі, каб прадаць за бутэльку віна ці здаць на металалом.
Аднойчы вецер грукне мацней звычайнага, і шыба, не вытрымаўшы напору, разляціцца на маленечкія кавалачкі вострага шкла. Тады ўжо дождж і снег пачнуць з новай сілай руйнаваць людскую працу, прыводзячы ў заняпад трухлыя бярвенні.
Хтосьці пашкадуе, што без ніякай карысці нішчыцца дом, і па-пілуе цёплыя сцены на дровы. Застанецца сіратліва бялець сярод агульнай зеляніны старэнькая грубка, больш нагадваючы помнік, чым частку чалавечага побыту. Яе лёс незайздросны, пад адкрытым небам яна хутка разваліцца на няроўныя кавалачкі цэглы.
Праз некаторы час месца, дзе стаяў будынак, зарасце густым пустазеллем, якому вельмі падабаецца абжываць новыя тэрыторыі. Толькі невялікія ўзгоркі яшчэ будуць нагадваць пра мінулае. З часам выветрацца і ўспаміны пра былое жыццё гаспадароў, а новыя пакаленні наўрад ці захаваюць у памяці нешта канкрэтнае.
Так памірае дом, сядзіба, дзе жылі продкі. Яны тут стваралі дабрабыт, гадавалі дзяцей, марылі, смяяліся і плакалі. Але няўмольны час адправіў у нябыт усе іх простыя жыццёвыя памкненні.
Калі часам надарыцца заўважыць сярод зараснікаў ці на пустцы адзінокую яблыню, куст бэзу або рэшткі драўлянага зруба, не праходзьце міма з абыякавасцю. Гэта людзі пакінулі свой маленькі след на зямлі.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.