Фотаздымак з вайны

Свибович МИУсё менш сведкаў мужнага змагання ў часы ваеннага ліхалецця застаецца ў жывых. Але забывацца пра подзвігі простых салдат, якія на франтах страцілі сілы і здароўе, мы не маем права. Кожнае сведчанне таго далёкага часу важна і дорага нашчадкам.

У рэдакцыю звярнуўся Мікалай Свібовіч з Краснай Волі:

— Хачу перадаць у краязнаўчы музей ваенны фотаздымак свайго дзядзькі, які на ім разам з саслужыўцамі.

На жаль, пра дваіх воінаў няма ніякіх звестак, а вось пра Данілу СВІБОВІЧА (на здымку злева) у пляменніка засталіся самыя цёплыя ўспаміны…

— Нарадзіўся Даніла Яфімавіч у нашай вёсцы ў 1920 годзе. Я добра памятаю, як для мяне і маіх равеснікаў было цікава зазірнуць у скрыню, дзе ў дзядзькі захоўваліся такія незвычайныя рэчы. Гаспадар даражыў імі, але дазваляў патрымаць у руках салдацкую біклажку і кацялок. А прымераць на сябе цяжкую папругу — было найвялікшым жаданнем для ўсіх хлапчукоў. Мы бегалі з ёй па вуліцы і прадстаўлялі сябе адважнымі воінамі. Як нам тады зайздросцілі равеснікі з іншай кампаніі!

Яшчэ ў скрыні захоўвалася некалькі шэрых лісточкаў паперы, на якіх былі надрукаваны тэксты песень: “Вставай, страна огромная”, “Дан приказ ему на запад” і “Катюша”. Мы разумелі, што такімі вядомымі і аптымістычнымі радкамі байцы паднімалі баявы дух.

Само адчуванне таго, што гэтыя рэчы прывезены з фронта, на іх застаўся пах гаркаватага дыму ад узрываў снарадаў і мін, што імі карысталіся байцы перад боем, для нас, дзяцей пасляваеннага часу, мела вельмі вялікае значэнне. На такіх каштоўнасцях мы выхоўваліся, бязмежна даражылі мірным небам над галавой. Нават было шкадаванне, што нарадзіліся занадта позна і не паспелі самі стаць у баявы строй. Цяпер у падлеткаў зусім іншыя гульні, больш мірныя і спакойныя. А мы раслі на расказах старэйшых пра гераічныя подзвігі, лавілі кожнае слова пра тыя невыносна цяжкія будні, датыкаліся да вялікіх шрамаў на целе.

Лёс не шкадаваў беларускага воіна Данілу Свібовіча. Пакуль ваяваў пад Варшавай, набліжаў Перамогу, дома памерла маладая жонка, з якой зусім мала паспелі пажыць разам. Было балюча — ён застаўся жывым пад кулямі, а жанчына пакінула гэты свет ужо ў мірны час. Пасля вяртання дадому прыняў удзел у адраджэнні з руін спакутаванай зямлі. Потым стварыў новую сям’ю, нарадзілася многа дзяцей. Але яны паміралі маленькімі — дарослымі сталі толькі 4 сыны і 2 дачкі, якія выраслі і раз’ехаліся па свеце. На малой радзіме не засталося нікога. Ды не ўсё складвалася і надалей — да сённяшніх дзён не дажылі трое з хлопцаў.

Даніла Яфімавіч працаваў у родным калгасе будаўніком, паляводам, жывёлаводам. Ішоў туды, дзе патрабаваліся ўменне і стараннасць.  З маленства прывучаны да працы, аддаваў ёй усяго сябе і вучыў гэтаму сыноў і дачок. Калі жонка перанесла інсульт, даглядаў яе як мог. Прыкладваючы ўсе сілы для змагання з каварнай хваробай блізкага чалавека, менш увагі пакідаў для сябе. І па непрадказальнасці жыцця сам памёр на два гады раней за слабую жанчыну — у 1986-ым.

Пасля Чарнобыльскай катастрофы дзядзькаў дом, які застаўся пустым, нашчадкі прадалі. Новыя гаспадары перавезлі пабудову на іншае, не такое забруджанае радыяцыяй, месца. Пустата на падворку, дзе жылі родныя людзі, доўга балела ў сэрцы. Неўзабаве тут пасадзілі малады лес, праехаўшыся трактарам не толькі па зруйнаванай сядзібе, а здаецца, закранаючы нешта вельмі балючае ў душы. Тым больш, перад гэтым быў знішчаны сад, які даваў штовосень багаты ўраджай яблыкаў і радаваў густой лістотай.

З гадамі сціраюцца ў памяці хвалюючыя падзеі і дарагія ўспаміны. Адыходзяць у вечнасць байцы, якім выпала выстаяць перад ворагам — раненні і пакуты франтавых дарог пакінулі ім так мала сіл для мірных перамог.

Радуе, што над намі чыстае неба. Толькі часам балюча, калі губ-ляюцца важныя і дарагія сэрцу рэчы — сведчанні дасягненняў нашых продкаў, якія сваёй крывёй кавалі для нас Перамогу. Пра мужнага салдата Данілу Свібовіча на маленькай радзіме цяпер нагадвае толькі стары фотаздымак, які захаваўся ў сямейным архіве пляменніка.

Марыя ЯРАХОВІЧ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.