Захаваць суверэнітэт і ўстойлівае развіццё Беларусі

ВдовенкоНапрыканцы мінулага года завяршыла сваю работу шостая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. Пра яе вынікі — размова з сенатарам Таццянай УДАВЕНКА.

— Таццяна Дзмітрыеўна, у чым асаблівасці заключнай сесіі?

— Перш за ўсё ў тым, што ў яе ходзе адбылася знакавая падзея — быў ратыфікаваны Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Такім чынам, з 1 студзеня 2015 года для Беларусі, Расіі, Казахстана і Арменіі пачынаецца новы этап інтэграцыйных узаемаадносін. Прыняты дакумент дае магчымасць стварыць адзіны рынак для свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы. Такі эканамічны саюз вельмі карысны для нашых народаў, бо заснаваны на даўніх сяброўскіх адносінах паміж нашымі краінамі. Вядома ж, мы спадзяемся, што ўсе праблемы будуць вырашацца на раўнапраўнай аснове ўзаемаразумення і ўзаемапавагі. Вельмі важна, каб любыя непаразуменні ў сферы гандлёва-эканамічных адносін паміж краінамі-партнёрамі вырашаліся не ў аднабаковым парадку, а пры дапамозе разгляду гэтых праблем інтэграцыйнымі органамі кіравання Еўразійскага эканамічнага саюза, якія, трэба заўважыць, і былі створаны з гэтай мэтай.

Увогуле, адна з галоўных задач парламента краіны — пашырэнне рынкаў збыту айчынных тавараў за мяжой, прыцягненне інвестыцый у нашу краіну, умацаванне іміджу Беларусі за яе межамі. Гэтаму садзейнічала правядзенне першага форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Працягваецца работа па навядзенню і ўмацаванню кантактаў з краінамі Азіі, Лацінскай Амерыкі, Еўрасаюза, удасканальваюцца стасункі з Турцыяй, Шры-Ланка, Лаосам.

— Якія яшчэ важныя дакументы прыняты ў ходзе пасяджэння?

— Варта адзначыць, што за час работы сесіі было прынята 66 пастаноў Савета Рэспублікі, адобрана 52 законапраекты, у тым ліку, аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў. Акрамя гэтага, прыняты да ведама два Дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На сесіі адобраны галоўны фінансавы дакумент — рэспубліканскі бюджэт на 2015 год. Ён сфарміраваны на аснове параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, грашова-крэдытнай палітыкі краіны, а таксама з улікам выканання бюджэту за 2014 год. Варта адзначыць і ўнясенне змяненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь. Накіраваны яны на тое, каб прывесці названы дакумент у адпаведнасць з прынятымі Прэзідэнтам рашэннямі па пытаннях падаткаабкладання, законамі “Аб мытным рэгуляванні ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь” і “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь”.

Гэта дапаможа вырашыць праблемныя пытанні ў сферы падаткаабкладання і спросціць парадак вылічэння і ўплаты канкрэтных падаткаў. Увогуле, складана пералічыць законы, прынятыя на шостай сесіі. Усе яны важныя для нашага грамадства, бо закранаюць самыя розныя сферы жыццядзейнасці: работу органаў мясцовага кіравання і самакіравання; правядзенне кадастравай ацэнкі зямлі; работу чыгуначнага транспарту.

— Улічваючы тое, што для нашага рэгіёна чыгуначны транспорт з’яўляецца вызначальным, ці нельга пра змяненні ў яго рабоце крышку падрабязней?

— У законапраекце канкрэтызуюцца віды чыгуначных зносін, сярод якіх выдзелены гарадскія, рэгіянальныя, міжрэгіянальныя, міжнародныя і камерцыйныя маршруты. У залежнасці ад скорасці руху цягнікоў і прыпынкаў у населеных пунктах перавозкі падраздзяляюцца на бізнес-клас і эканом-клас, што істотна павялічыць варыятыўнасць і якасць паслуг на чыгунцы. Законапраектам замацаваны цэлы блок нарматыўных прадпісанняў, накіраваных на павышэнне бяспекі руху і эксплуатацыі чыгуначнага транспарту. Дарэчы, прынята нямала змяненняў і ў рабоце іншых відаў транспарту, у прыватнасці, воднага. Дапаўненні таксама маюць на мэце ўмацаванне мер бяспекі водных перавозак, эксплуатацыі маламерных суднаў і баз для іх прыпынкаў.

— Новы год багаты на самыя розныя палітычныя кампаніі, важнейшая з якіх — выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Горкі прыклад Украіны вельмі яскрава паказвае, што грамадскай бяспецы трэба сёння ўдзяляць самую пільную ўвагу…

— … і на шостай сесіі быў прыняты законапраект, які павінен працаваць на забеспячэнне грамадскай і пагранічнай бяспекі. У прыватнасці, ён прадугледжвае ўвядзенне забароны ў час правядзення сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый ці пікетавання іх арганізатарам хаваць свае твары пад маскамі ці іншымі сродкамі, якія ўскладняюць устанаўленне асобы. Прадугледжана таксама адміністрацыйная адказнасць за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Увогуле, на сесіі прынята нямала юрыдычных законапраектаў. У прыватнасці, праект закона “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны, Крымінальна-выканаўчы кодэксы Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях”, якім прадугледжана ўвядзенне інстытута дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве. Такое пагадненне заключаецца з абвінавачваемым у выпадку прызнання віны і патрабуе выканання ім шэрагу абавязацельстваў па аказанню садзеяння папярэдняму расследаванню злачынства і кампенсацыі нанесенага ўрону. У такім выпадку ёсць гарантыя, што тэрмін і памер назначанага судом пакарання не будзе перабольшваць палавіны максімальнага тэрміну пакарання за ўчыненае злачынства. Прычым за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, звязаныя з пасягальніцтвам на жыццё і здароўе чалавека, не будзе прымяняцца вышэйшая мера — смяротнае пакаранне. Распрацаваны і так званы механізм крымінальнай прававой кампенсацыі, гэта значыць, матэрыяльнага ўздзеяння на абвінавачваемага з мэтай загладжвання віны перад грамадствам (пры ўмове згоды абвінавачваемага на ўнясенне ў бюджэт грашовых сродкаў у добраахвотным парадку).

— Ці панесла змяненні заканадаўства, якое стаіць на варце эканамічнай бяспекі?

— Так. Цяпер заканадаўча замацавана паняцце абгрунтаванай эканамічнай (дзелавой) рызыкі. Гэта дазволіць абараніць кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання, іншых асоб на пасадах ад крымінальнага праследавання ў выпадку іх дзеянняў, звязаных з рызыкай магчымага нанясення ўрону. Законапраектам прапаноўваецца павялічыць мінімальны памер штрафу за злачынствы супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці з 30 да 300 базавых велічынь, а максімальны — з 1000 да 5000 базавых велічынь. Разам з тым, змяненні і дапаўненні накіраваны на тое, каб дэкрыміналізаваць асобныя віды злачынстваў супраць уласнасці па прычыне іх нязначнасці — напрыклад, падробка праязных дакументаў, фальсіфікацыя сродкаў вымярэння, незаконныя дзеянні з паштовымі маркамі і іншае. Прычым, кардынальна зменены падыходы да прымянення мер стрымання ў адносінах да абвінавачваемых ва ўчыненні няцяжкіх злачынстваў. Калі чалавек не хаваецца ад органаў правасуддзя, мае пастаяннае месца жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, заключэнне пад варту прымяняцца не будзе. Што датычыць залога, то ў якасці яго могуць быць унесены не толькі грошы, але і каштоўнасці, рухомая і нерухомая маёмасць на суму, адпаведную нанесенаму ўрону.

Асобна варта спыніцца на Дэкрэце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №4 “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый”, які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2015 года. Настаў час, калі і кіраўнікам, і іх падначаленым трэба максімальна адказна ставіцца да сваіх абавязкаў, забяспечыць эфектыўную работу ўсіх арганізацый і прадпрыемстваў, незалежна ад формы ўласнасці. Толькі пры такіх умовах мы захаваем суверэнітэт і ўстойлівае развіццё нашай краіны.

Гутарыла Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.