Быць верным партнёру

партнер19 лютага — Дзень прафілактыкі інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам.

Аб гэтых інфекцыях далёка не кожны чалавек мае дастаткова поўнае ўяўленне. Між тым, па распаўсюджанасці яны прыраўноўваюцца да кішэчных або рэспіраторных. Па статыстыцы, у нашай краіне кожны 4-5 шлюб бясплодны менавіта з-за іх. Пра тое, што неабходна ведаць пра каварнага ворага, расказалі ўрач-валеолаг раённай паліклінікі Жанна КУЛЕШ і загадчыца аддзела эпідэміялогіі РЦПЭ Галіна КАНАПАЦКАЯ.

— Ці актуальная праблема для раёна?

— Захворванне па большасці інфекцый у параўнанні з мінулым годам павялічылася на 40 працэнтаў. Зарэгістраваны рост хламідый (з 59 да 72 выпадкаў). Адзначаецца зніжэнне заражэння ганарэяй (з 12 да 10), урагенітальным трыхаманозам (з 93 да 81).

— Як разумею, іх шмат?

— Існуе больш за 30. Да асноўных адносяцца ганарэя, сіфіліс, хламідыёз, трыхаманоз, генітальны герпес, ВІЧ-інфекцыя. Гэтыя захворванні распаўсюджаны на ўсёй планеце. Эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя падлічылі, што кожны шосты жыхар зямнога шара пакутуе якой-небудзь інфекцыяй, якая перадаецца палавым шляхам.

— У чым жа асаблівасці такіх хвароб?

— З-за адсутнасці клінічных праяў усё часцей сталі сустракацца маласімптомныя формы. Калі не лячыць, яны лёгка пераходзяць у хранічныя. Яшчэ больш сумным і трагічным фактам для любой маці з’яўляецца заражэнне венерычным захворваннем свайго дзіцяці — падчас цяжарнасці, родаў або ў выніку бытавога кантакту.

— Якія часцей працякаюць бессімптомна?

— Яркая клінічная карціна звычайна бывае пры ганарэі ў мужчын. Iншыя інфекцыі маюць працяглы інкубацыйны перыяд (2-3 тыідні). У жанчын менш выяўленыя.

— Ці ёсць небяспека захварэць у месцах агульнага карыстання — саўнах, лазнях, басейнах?

— Для мужчын — адназначна няма. У жанчын такое тэарэтычна магчыма, але ў жыцці малаверагодна. Для заражэння трэба, каб вільготныя выдзяленні хворага трапілі на палавыя органы здаровага. Больш небяспечны варыянт — карыстацца ручніком інфіцыраванага, што і адбываецца з маленькімі дзяўчынкамі, у якіх тыя ж прадметы асабістай гігіены, што і ў заражанай мамы. Сіфіліс і герпес могуць перадавацца праз сліну. Калі піць з адной бутэлькі, карыстацца чужымі зубной шчоткай, губной памадай, брытвай (маючы пры гэтым запаленне дзясен ці мікратрэшчыны на вуснах), заражэнне верагодна.

— Калі пажадана абследавацца?

— У нашай краіне каля 330 лабараторый займаюцца абследаваннем на гэтыя інфекцыі. Калі адбылася змена партнёра — абавязкова. З кожнай новай «любоўю» інфекцыі могуць назапашвацца, тады ўрачу больш складана разабрацца і вылечыць іх цалкам. Вельмі важна праверыцца перад тым, як заводзіць дзяцей — каб папярэдзіць ускладненні цяжарнасці і забяспечыць нармальнае развіццё плода.

— Ведаю, пры некаторых з інфекцый лячэнне прымусовае, ёсць нават крымінальная адказнасць…

— Гэта датычыць сіфілісу і ганарэі. У Крымінальным кодэксе існуе артыкул 158. Пацыент, якому паставілі такі дыягназ, папярэджваецца аб магчымасці заражэння, правілах лячэння і падпісвае адпаведны дакумент. Для тых, хто ігнаруе рэкамендацыі і заражае палавога партнёра, прадугледжана адказнасць — пазбаўленне волі або выпраўленчыя работы.

— Як абараніць сябе?

— Перш за ўсё, пазбягаць выпадковых палавых сувязей і памятаць, што прэзерватыў з’яўляецца дастаткова надзейнай абаронай супраць большасці ІППШ. Самае галоўнае правіла — быць верным свайму партнёру.

Атрымаць індывідуальную кансультацыю можна ў пунктах, якія функцыяніруюць пры прыёмных аддзяленнях Лунінецкай раённай бальніцы (вул. Багдановіча, 4) і філіяла ў Мікашэвічах (вул. Першамайская, 18). Прафілактычная дапамога аказваецца кругласутачна, бясплатна і ананімна.

Гутарыла Марына АРЭШКА

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.