Ці настане «чорны дзень» для «ІПэшнікаў»?

IMG_0714У суботу на рынках у Мікашэвічах і Лунінцы адбыліся сходы. Перад індывідуальнымі прадпрымальнікамі трымалі слова намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч, начальнік аддзялення Брэсцкай абласной інспекцыі Дзяржстандарту Генадзь Рудзько, вядучы інжынер РУП “Пінскі цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі” Валянціна Каліноўская, намеснік начальніка падатковай інспекцыі Віктар Пауліч і іншыя службовыя асобы.

Нельга сказаць, што індывідуальныя прадпрымальнікі былі агрэсіўна настроеныя. Яны разумеюць усю сітуацыю. Многія паспелі перагледзець сваю дзейнасць і адаптавацца да новых умоў. З 1 сакавіка рыначныя гандляры не змогуць прадаваць рэшткі тавару, увезеныя яшчэ да ўвядзення патрабаванняў па сертыфікацыі. Гэтыя рэшткі ІП прадаюць ужо восем месяцаў, і вось цяпер — стоп. Прадпрымальнікі сцвярджаюць, што зараз многім давядзецца закрыцца.

Чаму рэшткі так важны для “ІПэшнікаў”?

У ходзе сустрэчы прадпрымальнікі падкрэслівалі, што тавар быў увезены ў адпаведнасці з дзеючым на той момант заканадаўствам. Выплачаны падаткі.

Аднак відавочна, што праблема значна глыбей: рэшткі былі апошняй “лазейкай”, якая дазваляла прадаваць тавар без суправаджальных дакументаў. Дзяржаўныя органы не раз адзначалі, што гандляры пад выглядам рэшткаў прадаюць новы тавар.

Адзін з прадпрымальнікаў заявіў: “Калі б мы не абнаўлялі тавар, мы проста не змаглі б плаціць падаткі”.

З 1 сакавіка некаторыя рыначныя гандляры падаткі плаціць перастануць — легальных магчымасцей прадаваць тавар без дакументаў у іх не будзе.

Чаму за два з паловай гады ІП не знайшлі тавар з дакументамі?

Тэхрэгламент Мытнага саюза “Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці” ўступіў у сілу 1 ліпеня 2012 года, аднак многія ІП да гэтага часу не змаглі да яго адаптавацца. Рыначнікам складана рабіць дакументы на свой тавар самім — партыі занадта малыя. Мяркуецца, што гэтым павінны займацца аптовыя пастаўшчыкі.

Але праблема ў тым, што самыя папулярныя сярод нашых ІП аптовыя рынкі, якія знаходзяцца ў Маскве і іншых буйных расійскіх гарадах, не прадаюць сертыфікаваны тавар. Гэта значыць, яны не выконваюць патрабаванні Мытнага саюза. Так сцвярджаюць беларускія прадпрымальнікі. Па іх словах, некаторыя расійскія аптавікі могуць даць сертыфікат — несапраўдны і вельмі дарагі. Аб тым, як распазнаць падроблены дакумент, расказаў і прадэманстраваў Генадзь Рудзько.

Хто навядзе парадак у Расіі?

Расія адмаўляе, што ў яе гандлёвых аб’ектах прадаецца тавар без дакументаў.

Там сцвярджаюць, што нелегальную прадукцыю ніхто не будзе рэгістраваць і сертыфікаваць. Прадстаўнік Дзяржстандарту, звяртаючыся да прадпрымальнікаў, заявіў, што яны не павінны садзейнічаць абароту нелегальнага тавару. Беларускі бок прапанаваў Расіі змагацца з “нелегаламі”, аднак пытанне пакуль павісла ў паветры.

На нашых рынках прысутнічае таксама тавар з Польшчы, Украіны і іншых краін. Але ён усё роўна прывозіцца аптавікамі ў Маскву, а адтуль купляецца нашымі ІП. Працэдура растаможкі зараз занадта складаная і дарагая, каб ёю займаліся асобныя гандляры, да таго ж цяпер да яе далучыцца працэдура сертыфікацыі.

Ці дапамогуць айчынныя аптовыя базы?

Атрымліваецца, што ІП могуць вазіць тавар толькі з аптовых рынкаў унутры Мытнага саюза. Таму лагічнай выглядае альтэрнатыўная прапанова — карыстацца айчыннымі аптовымі базамі, якія, у адрозненне ад расійскіх, выконваюць заканадаўства.

Паводле інфармацыі Мінгандлю, такіх баз у Беларусі больш за 30. Аднак ІП не спяшаюцца на іх завітаць. Чаму? Справа ў тым, што ў нашай краіне спрабуюць адрадзіць старыя аптовыя базы, якія прывыклі працаваць з абмежаваным асартыментам. Яго на ўсіх 80 тысяч прадпрымальнікаў не хопіць. Да таго ж, гандляры наракаюць на прадстаўленыя мадэлі, якія не маюць попыту ў пакупнікоў, і на высокі кошт тавару. “Была нядаўна на базе, хацела набыць курткі на продаж, — дзеліцца адна прадстаўніца малога бізнесу. — Яе кошт — 800 тысяч рублёў. Па якой жа цане я павінна яе прадаваць? Зараз у продажы ў мяне ёсць падобныя курткі па 500 тысяч, і то пакупнікі просяць знізіць цану”.

Прадпрымальнікі лічаць, што маглі б самі стварыць прыватныя базы, калі б для гэтага былі заканадаўчыя і падатковыя ўмовы і інфраструктура.

Што будуць рабіць ІП?

Днямі стала вядома, што Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №90, згодна з якім дзеянне ўказа ад 9 лютага 2015 №48 “Аб мерах па забеспячэнню дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў” прыпыняецца да 1 чэрвеня 2015 года.

Раней паведамлялася, што па ўказу №48 юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны будуць плаціць штрафы за парушэнні патрабаванняў тэх-нічных рэгламентаў МС, ЕАЭС. Бізнесменаў дакумент прымушаў таксама адказваць за дакладнасць праведзеных выпрабаванняў прадукцыі, за парушэнні правілаў і працэдур сертыфікацыі і дэкларавання.

На сённяшні дзень, указ №222 ад 16.05.2014 г. “Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі” ніхто не адмяняў, і ніякія ўдакладненні пакуль не ўнесены. Значыць, 1 сакавіка 2015 заканчваецца пераходны перыяд, выдзелены ІП для продажу рэшткаў тавараў, увезеных у РБ з тэрыторыі дзяржаў — членаў МС да 1 ліпеня 2014 года без дакументаў. А вось сертыфікаты атрымалі “адтэрміноўку” яшчэ на тры месяцы.

Сёння прадпрымальнікі стаяць перад выбарам: ці плаціць падаткі і арэндную плату за сакавік, ці не выходзіць на работу…

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.