«Нулявы дом»

IMG_0375-1Вы ведаеце, што гэта такое? Не. А вось навучэнцы сельскагаспадарчага каледжа, якія засвойваюць будаунічыя спецыяльнасці, не тотлькі ведаюць, але і дзеляцца сваімі думкамі падчас канферэнцый, якія сталі ўжо традыцыйнымі.

У сваёй прэзентацыі Дзмітрый Гарадкавец, якому дапамагаў Яўген Гелец, паведаміў, што нулявы дом — гэта энергаэфектыўная пабудова, асаблівасцю якой з’яўляецца малое энергаспажыванне і амаль поўная энерганезалежнасць. Будучыя тэхнікі-будаўнікі ведаюць, што патрабуецца для ўзвядзення аб’екта, і трэба спадзявацца, хутка змогуць свае веды ўвасобіць у жыццё.

IMG_0392-1

— Энергазберажэнне з кожным годам становіцца ўсё больш актуальнай праблемай, — расказвае выкладчык будаўнічых дысцыплін Вольга Клопат. — Абмежаванасць энергетычных рэсурсаў, высокі кошт энергіі, негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе, звязанае з яе вытворчасцю, — усе гэтыя фактары міжволі наводзяць на думку, што разумней зніжаць спажыванне энергіі, чым пастаянна павялічваць яе вытворчасць, а значыць, і колькасць праблем. Ва ўсім свеце ўжо даўно вядзецца пошук шляхоў змяншэння энергаспажывання за кошт яго рацыянальнага выкарыстання. Адным з самых актыўных спажыўцоў энергіі ў нашай краіне з’яўляецца будаўнічы комплекс. Як паказвае вопыт, магчымасцей эканоміі энергіі ў гэтай сферы нямала. Менавіта таму прапанавалі навучэнцам на VІІ будаўнічай канферэнцыі выступіць з прэзентацыямі і расказаць пра энергазберагальныя тэхналогіі ў будаўніцтве.

Навучэнец групы 8 ТС Аляксандр Косач падрабязна спыніўся на сучасных тэхналогіях уцяплення агароджваючых канструкцый. Яго прэзентацыя аказалася не толькі пазнавальнай, але і вясёлай, дзякуючы героям кінастужкі “Аперацыя “Ы” і іншыя прыгоды Шурыка”. А вось Анастасія СЕНЮКОВІЧ, якой дапамагаў Рустам Саліеў, расказала аб прымяненні геліясістэм ва ўмовах Беларусі. Аказваецца, у Лунінцы таксама ёсць дом з сонечнымі батарэямі. Яго гаспадар Вячаслаў Супрунчык самастойна зманціраваў сістэму і падзяліўся як дасягнуць эканамічнага эфекту.

IMG_0402-1

Цікава было даведацца пра экадом, які можна пабудаваць сваімі рукамі. Адпаведную прэзентацыю падрыхтаваў Аляксандр Чарнавокі. Учарашні 9-класнік Кірыл Неўдах хаця і робіць толькі першыя крокі ў асваенні навыкаў будаўнічай прафесіі, але яго ўвагу ўжо прыцягнулі сучасныя цеплаізаляцыйныя аддзелачныя матэрыялы.

“Сістэма рэкуперацыі цяпла”, “Вокны з інэртным газам”, “Салома для будаўніцтва дома” — наколькі ўсё гэта дапамагае ў энергазберажэнні, расказалі Павел Ходат, Мікіта Бусько і Сяргей Лукашэвіч.

Па словах Вольгі Клопат, такога роду мерапрыемствы, як канферэнцыя, дапамагаюць актывізаваць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў, не абмяжоўвацца праграмай, якая іншы раз не паспявае за навукова-тэхнічным прагрэсам. Тэмы юнакі і дзяўчаты выбіраюць самастойна, а выкладчыкі толькі накіроўваюць іх у патрэбным напрамку.

Хочацца спадзявацца, што ўсе гэтыя тэхналогіі будуць укаранёны ў практыку будаўніцтва.

Алена ДАНІЛОВІЧ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.