Праўда з адценнем горычы

IMG_2456-1З нашай апошняй сустрэчы мінуў год. Кардынальных змен не адбылося, хіба што дабавілася маршчынак на іх тварах, пабялелі скроні ды пабольшала лякарстваў на століках каля ложкаў. Усё гэтак жа з чорна-белых і каляровых фотаздымкаў, прымацаваных да сцен ці за шклом у шафах, глядзяць іх сыны — маладыя, прыгожыя і жывыя…

Такімі навечна засталіся 9 ураджэнцаў Лунінеччыны, якія не вярнуліся з пекла афганскай вайны. Мінулі Бастынь: бацькі Івана Зылевіча (1964-1984) таксама пайшлі з жыцця. Украінец Андрэй Гулівец загінуў у жніўні 1980-га, а яго матуля Кацярына Гаўрылаўна пераехала да дачкі ў Лунінец з Днепрапятроўскай вобласці. Апошні раз мы сустракаліся ў 2013-ым.

Прыхапіўшы падарункі, па ўжо знаёмых адрасах накіраваліся старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандр Жуланаў, галоўны спецыяліст сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ганна Паўлюкевіч, начальнік групы тэрытарыяльнай абароны райваенкамата Аляксандр Сімкін. Па ходу паездкі да дэлегацыі далучаліся старшыні сельсаветаў: Дзятлавіцкага — Канстанцін Мардухай (разам з галоўным спецыялістам Наталляй Насковіч), Бастынскага — Фёдар Рашэцкі (завітала і спецыяліст па ідэалагічнай рабоце СВК “Велута” Галіна Каліноўская), Дварэцкага — Аляксандр Віднікевіч, Рэдзігераўскага — Валерый Лусевіч, галоўны спецыяліст Мікашэвіцкага гарвыканкама Таццяна Стральчук.

— Акуратна, не зачапіцеся, — вітала нас у двары жыхарка Дзятлавіч Валянціна Іванаўна КАНАПАЦКАЯ. — Вось балон падрыхтавалі, хутка газавікі павінны прыехаць. Хадзем у хату! Рыгор, прымай гасцей!

Бадзёры выгляд Рыгора Сямёнавіча надаваў упэўненасці, што ўсё добра:

— Памаленечку ходзім, а інейшай сілы ўжо не стае, — расказаў гаспадар. — Як Віктара не стала, дык Мікола ўвесь клопат пра нас узяў на сябе. Бывае, дзеці са школы прыбягаюць. Дзякуй, што і вы не забываеце! Гарачае прывітанне ад нас перадавайце ўсім бацькам!

83-ці год ідзе Веры Рыгораўне ЮРКО з Велуты. Быццам крыўдуючы на сваё працяглае жыццё, з горыччу заўважыла: маўляў, няхай бы сыны лепш жылі, і паказала на Сяргееў фотаздымак. Міжволі кожны з нас замаўчаў…. Некалі іх хата залівалася гоманам і смехам 8 дзяцей, і здавалася, што яны проста абавязаны сустрэць разам шчаслівую старасць. Страта сына перакрэсліла гэтую мару раз і назаўсёды. Так, яны ладзілі вяселлі і хрысціны астатнім сынам і дочкам, але… Горкія думкі Вера Рыгораўна гоніць прэч. І сёння яна ўмела шые на машынцы (вось толькі прасунуць нітку ў іголку просіць іншых), вяжа. А сваю невялікую пенсію перад Новым годам падзяліла, і разам з вышыванымі ручнікамі перадала 15 унукам і 9 праўнукам.

Дыхтоўная агароджа з металапрофілю замест мінулагодняй драўлянай паявілася каля дома жыхаркі Ракітна Веры Дзмітрыеўны МАЦКЕВІЧ. Жанчына адразу паказала нам новы армейскі здымак, а яе дочкі Кацярына і Марыя расказалі гісторыю яго незвычайнага паяўлення. У тым, што можа ўсё-такі здарылася памылка, і не свайго Мішу яна пахавала больш як 30 год таму (тым больш, што труну не адчынялі), маці сумнявалася ўсё жыццё, тоячы надзею: трапіў у палон, ці страціў памяць… І вось у канцы 2014-га ўнук, рыхтуючы курсавую работу на афганскую тэматыку, у інтэрнэце знайшоў звесткі пра саслужыўцаў свайго дзядзькі. Дагестанец Ахмед сёння жыве ў Валгаградскай вобласці. Размаўляючы па “скайпу”, ён паказаў той самы здымак, які пазней пераслаў. Расказаў, як з Мішам служылі ў адным атрадзе, і як трапілі пад нечаканы абстрэл. “Я сам склаў яго рэчы, адпраўляючы ў апошні шлях. Вы пахавалі свайго сына і брата”, — горкая праўда развеяла ўсе сумненні. Кароткай размовы хапіла, каб далёкія людзі ў адно імгненне сталі блізкімі. Ахмед зараз цяжка хварэе, але паабяцаў, калі паправіцца, прыедзе ў Беларусь. І тады Вера Дзмітрыеўна абавязкова пазнаёміць яго з 13 унукамі і 24 праўнукамі. Дарэчы, самую маленькую з іх назвалі ў гонар прабабулі. На развітанне жанчына папрасіла крыху падсыпаць пад’езд да дома, каб вясной вялікая вада не прыносіла столькі турбот гаспадыні.

— А я прачытала ў газеце, што вы прыедзеце да нас, — Алена Антонаўна КОЎШЫК з Дварца трымала ў руках чарговы нумар “ЛН”. — Дзякуй за ўвагу і падарунак!

У маі яна сустрэне свой 85-ты дзень нараджэння. Азіраючыся ў мінулае, жыццё нельга назваць лёгкім. Цяжкая праца, чацвёра дзяцей, з якіх Анатоль быў самым малодшым. Здаецца, тады, у 88-ым, у сэрцы пасяліўся боль, які не адпускае дагэтуль. Як вядома, вяскоўцам хапае шматлікіх клопатаў. Вось і Алена Антонаўна доўга збірала грошы, каб падрамантаваць дах і ганак, падвесці прыродны газ. З удзячнасцю прыняла прывітанні ад сябровак, і таксама прадэманстравала джэмпер, што калісьці звязала самастойна. Быў час, калі жанчыне хапала толькі раз паглядзець на мудрагелісты ўзор, і адразу ўвасобіць яго на рэчах. На жаль, цяпер і зрок не той, і рукі не слухаюцца…

Сёлета Павел Кавалевіч з Дрэбска мог бы адзначыць залаты юбілей, але жорсткі лёс адмерыў юнаку ўсяго 21 год. Ніколі не змірыцца з гэтым яго бацька Іван Паўлавіч КАВАЛЕВІЧ. Жыве ўспамінамі пра сына. У час нашага візіту прызнаўся, што нядаўна ўпаў з веласіпеда, моцна ўдарыў плячо. Але да медыкаў не звяртаўся… Ад прапановы падлячыцца ў санаторыі таксама адмовіўся. Калі раней плёў кошыкі, то зараз знайшоў новы занятак — выразае з дрэва. Апошні выраб — прыгожа аформлены насценны гадзіннік.

Жыхарка Чэрабасава Ніна Данілаўна ЗАХАРЧУК страціла свайго Колю ў 1981-ым. Ордэнам Чырвонай Зоркі юнак узнагароджаны пасмяротна. Так сталася, што жанчына правяла навагоднія і калядныя святы ў бальніцы. Зараз адчувае сябе крыху лепш. Думае аб хуткай вясне, калі паклічуць на агарод звычныя турботы. А ён, трэба заўважыць, зусім не малых памераў. Пацікавіліся, ці хопіць угнаенняў, на што атрымалі станоўчы адказ. А яшчэ Ніна Данілаўна папрасіла тэлефоны сваіх сябровак, бо дзесьці згубіла іх нумары.

Не толькі зямля, але і дзве казы з курамі патрабуюць увагі ад Марыі Аляксандраўны ТРУХАНОВІЧ з Сітніцы. Яна мужна вытрымала гібель свайго Сашкі, але плынь часу не зменшыла горыч страты. Сёння радуецца 5 унукам і 5 праўнукам. Доўгімі зімовымі вечарамі чытае кнігі пра Афганістан, глядзіць тэлевізар. Уважліва сочыць за навінамі з суседняй Украіны, і моліць Бога, каб у нас не было вайны. Летась прасіла высекчы дрэвы ўздоўж сажалкі, размешчанай праз дарогу. Работу, якую часткова выканалі, варта было б завяршыць сёлета.

Наша падарожжа, напоўненае шчымлівымі ўспамінамі, завяршылася ў доме Аляксандры Барысаўны і Уладзіміра Платонавіча ЗАЙЧАНКАЎ з Мікашэвіч. Іх Саша загінуў у маі 1985га. Узнагароджаны медалямі “За адвагу” і “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”. Тады здавалася, што толькі іх сям’ю напаткала жудасная трагедыя. Асэнсаванне сапраўднага маштабу той незразумелай вайны прыйшло намнога пазней. Яны ніколі нікому не скардзіліся, стараючыся самастойна пераадольваць жыццёвыя нягоды. Радасці дадаюць 3 унукі, старэйшы з якіх вучыцца ў Мінску, а малодшаму споўнілася тры гады.

 

IMG_2523-1

IMG_2510-1

IMG_2503-1

IMG_2501-1

IMG_2482-1

IMG_2476-1

IMG_2465-1

IMG_2492-1

…Няжка падабраць словы для тых, хто пахаваў сваё дзіця. Мы бачылі слёзы матуль, але як плача бацька — упершыню. Сапраўды, іх памяць вечная. А таму жывіце за сябе і за іх!

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.