Прафесійны падыход

Радионович А.Г.Прафесійны падыход да зваротаў людзей, якія пражываюць на тэрыторыі Чэхаўскай выбарчай акругі №37, мае чалавек з вялікім дэпутацкім стажам, вопытны кіраўнік, начальнік Лунінецкага КУП ВКГ “Водоканал” Аляксандр РАДЗІЯНОВІЧ:

Цяперашні ўчастак значна меншы за былы — Цэнтральны ўражваў і памерамі, і колькасцю людзей пераважна пажылога ўзросту, якіх хвалююць рэальныя праблемы. Яшчэ памятаюцца перыяды, калі народных дэпутатаў запрашалі на скасаванне шлюбаў ці іх рэгістрацыю, дзе таксама праводзілі пэўную работу. Мінуў час, а з ім змяніліся асаблівасці нашай дзейнасці. Сёння на падпарадкаванай тэрыторыі жыве прыкладна аднолькавая колькасць жыхароў як у прыватным сектары, так і ў шматпавярхоўках. Просьбы, з якімі звяртаюцца землякі, у асноўным датычаць непасрэдных прафесійных абавязкаў — водаадвядзення, водазабеспячэння, якасці пітной вады. Як паказвае практыка, усе звароты задавольваюцца. З апошніх задач, што знаходзяцца на разглядзе, — пажаданне жыхароў завулка Чэхава ў Лунінцы падключыцца да цэнтральнага водаправода. Нашы спецыялісты праводзяць неабходныя працэдуры, вымярэнні, падлікі. Ёсць упэўненасць, што пытанне вырашыцца станоўча, прычым палавіна кошту работ будзе кампенсавана дзяржавай. Рэальныя лічбы, на жаль, назваць не магу: на канчатковую суму ўплываюць розныя фактары — працягласць, дыяметр труб, наяўнасць калодзежа і гэтак далей.

Напэўна, многія памятаюць леташнюю сітуацыю з распаўсюджваннем так званых фільтраў вады, з якімі нядобрасумленныя прадаўцы хадзілі па кватэрах. Аб падобных выпадках выманьвання грошай нам таксама паведамілі абаненты. Таму на старонках “Лунінецкіх навін” тлумачылі людзям, каб не паддаваліся на хітрасці злодзеяў. Карыстаючыся выпадкам, хачу адзначыць — вада ў райцэнтры адпавядае еўрапейскім стандартам (утрымлівае 0,01-0,05 міліграма жалеза на 1 літр). У планах на сёлетні год паставілі задачу правесці цэнтралізаванае водазабеспячэнне: у аграгарадках — да 80 працэнтаў, у Лунінцы і Мікашэвічах — да 100. Вядома, тут трэба разумець 100-працэнтную магчымасць да падключэння.

Так сталася, што, удзельнічаючы ў пасяджэннях раённага Савета дэпутатаў, і сам неаднаразова ўзнімаў хвалюючыя пытанні. Даўно спрабую вырашыць праблему задзейнічання пустуючых будынкаў ААТ “Палессеэлектрамаш”. У нашай сферы дзейнасці — водазабеспячэнні, ацяпленні — вельмі патрэбны спецыяльныя засаўкі. Іх выпуск не наладжаны наогул у Беларусі, матэрыял вымушаны закупаць за межамі краіны. Чаму б не заняцца гэтай справай? Ёсць месца, знойдуцца спецыялісты, было б жаданне…

Запісала Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.