Шчырая размова

IMG_6152Лунінеччыну наведаў намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама па кадравай рабоце Аляксандр КАВАЛЕВІЧ.

Абмеркаваўшы надзённыя пытаны з кіраўніком РАУС Уладзімірам Рыбаком і наведаўшы спецыялізаваны ізалятар, які з нядаўняга часу атрымаў “прапіску” ў адным з будынкаў былой райбальніцы, праваахоўнікі пабывалі ў рэдакцыі газеты “ЛН”, пасля чаго паспяшаліся на сустрэчу з калектывам ААТ “Лунінецкі малочны завод”.

Нагодай для гэтага сталі вынікі анкетавання насельніцтва, згодна з якімі толькі 27 працэнтаў удзельнікаў апытання Лунінецкага і Столінскага раёнаў работу міліцыі ацэньваюць як станоўчую. Паказчык у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Брэстчыны невысокі. У той жа час, як запэўніў Аляксандр Кавалевіч, падрыхтоўка асабовага саставу Лунінецкага РАУС і праводзімая работа знаходзіцца на добрым узроўні. На яго думку, праблема нізкага даверу з боку грамадскасці, магчыма, у даволі жорсткім падыходзе праваахоўнікаў, у першую чаргу, да парушальнікаў дарожнага руху. У той жа час, штрафы вадзіцелям за перавышэнне хуткасці, а пешаходам — за знаходжанне на дарозе без святлоадбіваючых элементаў на адзенні ў цёмны час сутак — гэта зусім малая цана, якую людзі плацяць за сваю бяспеку. Як сведчыць статыстыка, летась у дарожна-транспартных здарэннях у вобласці загінулі 112 чалавек, 17 з іх — на Лунінеччыне. Каб папярэдзіць гібель людзей на дарогах, праваахоўнікі робяць шмат. Імпануе іх зладжанае ўзаемадзеянне з райвыканкамам і дарожнымі службамі, дзякуючы чаму як у горадзе, так і ў раёне ў добрым стане знаходзяцца знакі, у найбольш небяспечных месцах устаноўлены штучныя няроўнасці і г.д.

IMG_6153

Дзяржава клапоціцца, каб забяспечыць людзей у пагонах усім неабходным для выканання абавязкаў. Толькі летась аддзяленні РАУС Брэстчыны папоўніліся 5 новымі аўтамабілямі. У міліцыянераў добрыя зарплаты, сучаснае абмундзіраванне. Таму і патрабаванні высокія. Найперш, чалавек у форме павінен быць акуратным знешне, тактоўна паводзіць сябе з людзьмі, умець правільна аформіць дакументы і многае іншае. А гэта пад сілу толькі людзям адукаваным. Таму большасць праваахоўнікаў пастаянна павышае свой адукацыйны ўзровень.

Было прыемна пачуць з вуснаў А.Р. Кавалевіча, што Брэстчына разам з Гродзеншчынай — самыя бяспечныя для пражывання. На 10 тысяч насельніцтва зарэгістравана 83 злачынствы — гэта самы нізкі ўзровень сярод рэгіёнаў Беларусі. У той жа час насцярожыла інфармацыя наконт гандлёвых кропак, якія прадаюць спіртныя напіткі ледзь не кругласутачна. У вобласці такіх 12, з іх 4 — на Лунінеччыне. У некаторых закралася думка, ці не яны сталі ўскоснай прычынай трагедый на дарогах у нашым краі?

У коле абмяркоўваемых былі і іншыя пытанні. Аляксандр Кавалевіч расказаў аб тым, як вядзецца барацьба са злачыннасцю і распаўсюджваннем курыцельных сумесяў, якім чынам захоўваецца бяспека на дарогах, і спакой пажылых людзей.

 

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.