Юны сімвал чытанняў

IMG_2937Так можна назваць хлопчыка Антона, якога віншавалі з днем анёла віншавалі ў інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці «Взыскание погибших».

З другіх Свята-Антоніеўскіх чытанняў пачаліся мерапрыемствы да Дня праваслаўнай кнігі, што адзначаецца 14 сакавіка. Нагадалі пра жыццё прападобнага Антонія Вялікага, які цяжкасці знаходжання ў пустыні пераадольваў з дапамогай гумару. Прывялі шмат вясёлых гісторый з кнігі “Быў такі выпадак” свяшчэнніка Міхаіла Шпалянскага. Ганаровымі ж гасцямі прыхаджан сталі цудоўныя самадзейныя артысты — народны фальклорны гурт “Лабчанка”.

У выкананні Настассі Якавец гучалі новыя і палюбіўшыеся лунінчанам творы. Быццам прадбачыўшы ўдзел у сустрэчы зусім юных лунінчан, пазнаёміла і з новым жанрам — яна стала пісаць вельмі светлыя і павучальныя казкі. З байкамі выступіла і старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Н.І. Казанкова.

Сяброўкі кіраўніка “Лабчанкі” разам з ёй спявалі духоўныя, народныя, жартоўныя песні. Усміхаліся гледачам Таццяна Юрко, Ганна Рудая, Раіса Калесніковіч, Вольга Якавец, Аксана Антановіч, Надзея Юрцэвіч. Знаёмячыся з удзельніцамі калектыву, даведаліся, што кожную хвалююць уласныя праблемы — адна выхоўвае унукаў, другія — дзіця-інваліда, многія перажываюць за сваякоў ва Украіне, пенсійны ўзрост большасці артыстаў пагаршае здароўе. Але, як пажартавала байкапісца, “хворыя — мы дома, а выходзім на сцэну — здаравеем і маладзеем”.

Настаяцель іерэй Сергій Крышталь падкрэсліў, што і навакольных “Лабчанка” зараджае бадзёрасцю і аптымізмам, а значыць — умацоўвае дух, увасабляючы заклік царквы з годнасцю пераносіць жыццёвыя выпрабаванні. Да ўдзячнасці калектыву, якую выказаў свяшчэннік, далучыліся і прыхаджанне. Валянціна Бут-Гусаім уручыла артыстам прыгожы пірог, які выпякла сама. Пасля малебна ў храме, які многія вяскоўцы наведалі ўпершыню, удзельніцы гурта вярнуліся ў Лобчанскі СДК, дзе пачаставаліся хлебам са святой вадой.

Дзякуючы дапамозе кіраўнікоў філіяла “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод” (М.І. Ільючык), філіяла “Аптова-рознічнае аб’яднанне” райспажыўтаварыства (Н.А. Віцэнка), раённага аддзела ўнутраных спраў (У.У. Рыбак), гастрольная вандроўка “Лабчанкі” была камфортнай і хуткай.

Прыемна адзначыць, што ў цяперашніх чытаннях прымалі ўдзел многія студэнты, якія сакурснікам у сваіх ВНУ змогуць расказаць пра “Лабчанку” — славутасць малой радзімы. Удвая радасней за імянінніка Антона: хлопчык быў настолькі ўважлівым і так шчыра апладзіраваў артыстам, быццам усведамляў, што лепшы падарунак, чым вітанне творчасцю, і не прыдумаць.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.