Заслон наркотыкам

спайсЛетась падлеткамі на тэрыторыі вобласці ўчынена 60 злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, што больш чым у 4 разы перавышае ўзровень 2013 года.

Статыстыка сведчыць пра тое, што адбываецца «амаладжэнне» спажыўцоў псіхаактыўных рэчываў. Неабходна адзначыць кардынальнае змяненне структуры рынку нарказлачыннасці, якое звязана з актыўнай заменай наркатычных сродкаў опіумнай групы на сінтэтычныя канабіноіды, так званыя «спайсы».

Прычынай, якая абумовіла распаўсюджванне спайсаў у маладзёжным асяроддзі, з’яўляецца іх адносная таннасць. Да таго ж, гэты від наркотыку, які ўяўляе сабой курыцельную сумесь, доўгі час рэкламаваўся распаўсюджвальнікамі як легальны прадукт, які не ўтрымлівае наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. На самай справе гэта не адпавядае рэчаіснасці. На тэрыторыі Брэстчыны ў 2014-ым зарэгістраваны 2 факты, калі ўжыванне спайсаў прывяло да смерці. На жаль, 2 трагічныя выпадкі адбыліся ўжо сёлета.

Спайсы ламаюць жыццё падлеткаў, прыносяць боль і пакуты іх бацькам.

Непаўналетні Ш., 1997 г. н., з’яўляўся навучэнцам Брэсцкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, станоўча характарызаваўся па месцы вучобы, танцаваў у народным ансамблі “Радасць”, меў планы і рэалізоўваў іх. У лютым 2014 года падлетак упершыню паспрабаваў спайс. І жыццё пайшло па незапланаваным сцэнарыі. Шматлікія гутаркі з юнаком наконт небяспекі наркотыкаў не прынеслі выніку. Ён быў перакананы, што можа свабодна адмовіцца ад ужывання псіхаактыўных рэчываў. Разам з тым, залежнасць прывяла да цяжкіх наступстваў і парушэнняў функцый галаўнога мозгу. Падлетак уцякаў з дому, прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, змяшчаўся на лячэнне ў псіхіятрычны стацыянар, а ў кастрычніку накіраваны ў спецыяльную закрытую лячэбна-выхаваўчую ўстанову для непаўналетніх.

Дэкрэтам № 6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў”, які ўступіў у сілу ў пачатку гэтага года, устаноўлены новаўвядзенні ў заканадаўства, закліканых стаць бар’ерам на шляху нарказлачыннасці ў нашай краіне. Так, з 16 да 14 гадоў паніжаны ўзрост наступления крымінальнай адказнасці за ўчыненне злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркатычных сродкаў.

Адным з важнейшых момантаў, якія раней не былі замацаваны на заканадаўчым узроўні, з’яўляецца адказнасць службовых асоб, якія арганізоўваюць правядзенне дыскатэк, работу культурна-забаўляльных (начных) клубаў і ігральных устаноў, і абавязаны прымаць усе меры па недапушчэнню фактаў збыту або ўжывання наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.

У сувязі з тым, што распаўсюджванне спайсаў нярэдка адбываецца пры дапамозе інтэрнэта, Дэкрэт №6 накладае шэраг абавязкаў і на ўладальнікаў розных інтэрнэт-рэсурсаў. Апошнія абавязаны аналізаваць змест інфармацыі і не дапускаць, каб яны выкарыстоўваліся для ўчынення супрацьпраўных дзеянняў. Акрамя таго, пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг за кошт уласных сродкаў абавязаны забяспечыць фарміраванне і захоўванне актуальных звестак аб карыстальніках сайтаў.

Разам з тым, немалаважную ролю ў супрацьдзеянні распаўсюджвання наркаманіі ў маладзёжным асяроддзі працягвае мець аператыўнасць і адэкватнасць мер, што прымаюцца, своечасовае рэагаванне на змены, якія адбываюцца з падлеткам, з боку бацькоў і педагогаў. Найбольш характэрнымі прыкметамі, якія сведчаць пра ўжыванне спайсаў, з’яўляюцца пачырванеўшыя, як быццам пасля бяссонніцы, вочы, бяссэнсоўны погляд, ацёкшыя рукі, гаворка становіцца расцягнутай і невыразнай, а рухі запаволенымі і нязграбнымі. У паводзінах падлетка адзначаюцца павышаная раздражняльнасць, нярвовасць, частыя дэпрэсіі, парушэнні сну, страта апетыту, безуважнасць да падзей, што адбываюцца навокал. Акрамя таго, непаўналетні можа праяўляць павышаную цікавасць да дамашняй аптэчкі і фармакалогіі, прасіць значна больш грошай на кішэнныя выдаткі, учыняць дробныя крадзяжы, наведваць сайты, якія былі нецікавымі раней. Спайсы часта рэалізуюцца пад выглядам розных духмяных рэчываў, прыпраў, араматычных сумесяў і г.д.

Наркаманія — гэта хвароба, а значыць, галоўная задача ўсіх зацікаўленых ведамстваў, а таксама проста неабыякавых грамадзян — па-пярэдзіць сам яе факт, паставіўшы заслону супрацьпраўным паводзінам.

Генадзь ВАЙТОВІЧ,
начальнік упраўлення аховы правапарадку
і прафілактыкі УУС аблвыканкама.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.