«Астравок духоўнасці»

IMG_3014У Цэнтральнай бібліятэцы адбылося ўрачыстае адкрыццё залы рэлігійнай літаратуры. Мерапрыемства прайшло з удзелам настаяцеля храма ў гонар іконы Божай Маці «Взыскание погибших» іерэя Сергія Крышталя.

Спачатку гасцей пазнаёмілі з выставай малюнкаў «Прыгажосць Божага свету». Тут прадстаўлены работы хлопчыкаў і дзяўчынак з дзіцячай школы мастацтваў, Мікашэвіцкай гімназіі імя У. Нядзведскага, ЦДТ.

За гады існавання ў бібліятэцы сфарміраваўся фонд кніг, якія адлюстроўваюць асновы праваслаўнага вучэння, вытокі хрысціянскай рэлігіі, зборнікі біблейскіх гісторый, вершаў і апавяданняў праваслаўных пісьменнікаў, а таксама асновы сямейнага жыцця і выхавання дзяцей з царкоўнага пункту гледжання.

Раней падобная літаратура знаходзілася ў мастацкім салоне. Але паколькі яе колькасць пастаянна расце і карыстаецца папулярнасцю сярод жыхароў горада і раёна, было вырашана аформіць асобную залу, якую назвалі “Астравок духоўнасці”. Тут чытач можа знайсці кнігі і брашуры, якія расказваюць аб правілах паводзінаў у храме, статут жыцця праваслаўнага хрысціяніна, розныя выданні Бібліі, Евангелляў, малітвасловаў, псалтыры, акафісты, жыціі святых.

Наведвальнікаў не пакідае абыякавым маляўнічае афармленне. Вялікая заслуга ў гэтым належыць мастаку Вользе Каспяровіч. Радуюць вока кампазіцыі «Нараджэнне Хрыстова», «Хрышчэнне Гасподне», атаксаматэматычная выстава, прысвечаная Вялікадню. З часам напаўненне пашырыцца, з’явяцца работы з нагоды іншых падзей. А яшчэ тут мясцовыя майстры могуць прадстаўляць свае карціны і вырабы на духоўныя тэмы.

Зараз ганаровае месца заняў макаронны макет храма ў гонар іконы Божай Маці «Взыскание погибших», які вырабіла дырэктар ЦБС Надзея Радзіяновіч. На яго стварэнне ў жанчыны пайшло амаль тры гады. Майстрыха падзякавала іерэю Сергію Крышталю за дапамогу і падтрымку, а пасля папрасіла прыняць макет у падарунак.

— Вялікі дзякуй, але забраць яго адсюль проста не маю права, — падкрэсліў свяшчэннаслужыцель. — Гэты дзіўны твор прынясе намнога больш карысці, калі будзе знаходзіцца ў “храме кніг’’.

Адкрыццё залы стала прыгожай фінальнай кропкай месячніка праваслаўнай кнігі, які прайшоў у раёне. У яго рамках у бібліятэках арганізаваны выставы творчых работ, сустрэчы, гутаркі, праваслаўныя чытанні.

 

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.