Франтавое мінулае ў лёсе хутараніна

КлимчукБалоцістыя краявіды ў ваколіцах Велуты раптам змяняюцца прыгожай лясной панарамай. Звілістай стужкай удалеч цягнецца дарога, адкрываючы новыя старонкі Лунінеччыны. “Няўжо і тут жывуць людзі?» — у думках пачынаю сумнявацца ў правільнасці свайго шляху, бо аказалася ў гэтых мясцінах упершыню. Ды раптам з-за павароту вынырваюць старыя яблыні, як сведкі былога чалавечага жылля. Яшчэ далей бачна некалькі хат, над адной з якіх з коміна ўзнімаюцца густыя клубы дыму. Не перадаць маляўнічасці гэтага куточка, дзе з аднаго боку сцяной стаіць лес, а з другого — раскінулася невялікая паляна.

А вось і сядзіба Міхаіла КЛІМЧУКА, самага старэйшага жыхара хутара Княжыставічы, які па дакументах лічыцца аддаленай вуліцай аграгарадка. Гаспадар сустракае каля веснічак — якраз прыехала аўталаўка, што раз на тыдзень прывозіць тавары паўсядзённага попыту. Прадавец прапаноўвае хлеб, малако, крупы і каўбасы. Задаволіўшы патрэбы ў прадуктах і атрымаўшы заяўкі на наступны прыезд, машына рухаецца далей па маршруце.

А мы з Міхаілам Лаўрэнцьевічам заходзім на падворак. Хата сустракае цяплом ад грубкі, але тут жа адчуваецца адсутнасць сямейнай утульнасці.

— Даўно жыву адзін, — уздыхае мужчына. — Такі ў мяне лёс — заставацца ўдаўцом…

У вачах — ледзь схаваная горыч. І ён расказвае пра набалелае…

Нарадзіўся ў 1926 годзе ў Велуце, адкуль бацька неўзабаве перабраўся на аддалены хутар. Калі Міхаіл пасталеў і стварыў сваю ся-м’ю, то хацеў будавацца ў вёсцы. Але мясцовыя ўлады прапанавалі асесці тут, плануючы, што на гэтым месцы разрасцецца новы пасёлак.

Паціху разжыліся, думалася так будзе да старасці. Нарадзілася чацвёра дзяцей. Калі меншаму споўнілася тры гады, а старэйшаму — дванаццаць, прыйшла страшная бяда. Захварэла на невылечную хваробу і неўзабаве памерла жонка Сцепаніда Сяргееўна. Ніколі той момант не выветрыцца з памяці. Каля труны стаялі бедныя сіроты, яшчэ не ўсведамляючы, што здарылася. Дарослыя хавалі вочы, не ведаючы, як іх супакоіць. Плакалі, шкадуючы не толькі нябожчыцу, але і дзетвару.

Вельмі цяжка было Міхаілу. “Як жыць далей, як падняць сыноў і дачушку?” — свідравала думка. Вяскоўцы ў той час не бачылі вялікага дастатку, усё здабывалася мазалём. Працаваў Міхаіл на лесахімучастку ўзрыўніком, потым — уздымшчыкам жывіцы.

Тры хлопчыкі і дзяўчынка імкнуліся самастойна спраўляцца з няхітрымі абавязкамі. Ды без жаночых рук любая вясковая гаспадарка прыйдзе ў заняпад. Трэба з агародам управіцца, на сотках шчыраваць на ўсю сілу, і без жыўнасці ў хлявах не пражыць. Заробак ледзь пакрываў самыя неабходныя расходы на адзенне і абутак. Бачачы гэта, Міхаіл задумаўся пра новую жаніцьбу. Але замяніць маці адразу чатыром сіротам рашыцца не кожная.

Хутка сустрэў Марыю Пятроўну з Іванаўскага раёна. Сышліся жыць разам. Насцярожанасць была з абодвух бакоў — малым цяжка верылася, што месца мамы зойме іншая жанчына, а яе палохала пагроза не знайсці з імі ўзаемаразумення. Ды неўзабаве мяжа сцерлася, адносіны наладзіліся, і дзеці шчыра дзякавалі новай матулі за клопат і падтрымку. А праз некаторы час сям’я Клімчукоў пабольшала яшчэ на дзве дзяўчынкі.

Паступова дзеці выраслі і разляцеліся — хто служыў у арміі, хто вучыўся. Потым і сем’і стварылі далёка ад роднага хутара. Для маладых тут не было добрых умоў для жыцця, палохала аддаленасць ад бліжэйшай вёскі. Хацелася большай цывілізацыі. Сын і дачка асталяваліся ў Лунінцы, астатнія — за межамі раёна. Парадавалі старых унукамі і праўнукамі.

Міхаіл Лаўрэнцьевіч і Марыя Пятроўна планавалі разам сустрэць глыбокую старасць, чакаючы вестак ад нашчадкаў. Размеранасць і спакой хутарскога жыцця давалі ўсе падставы для гэтага. Але зноў гаспадару давялося спазнаць цяжкую страту. Жонка захварэла, і ён аўдавеў у другі раз…

Мінула 8 год пасля пахавання, асірацела ўся вялікая сям’я, адзінота трывала пасялілася разам з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Часта доўгімі зімовымі вечарамі да драбніц згадваецца той неспакойны перыяд жыцця. Юнак якраз дасягнуў паўналецця ў 1944-ым, і яго прызвалі ў армію. Пабыў паўтара месяца ў запасным палку, прайшоў асновы ваеннай падрыхтоўкі. Накіравалі на фронт, трапіў на прарыў нямецка-літоўскай мяжы. Там адбыўся першы бой, у якім змяшаліся страх і адвага, доблесць і смеласць. Момант, калі кожны станавіўся сабой, бо ў крытычных сітуацыях не было часу на роздум. Гераічныя ўчынкі ці баязлівыя адступленні адбываліся амаль падсвядома, паказваючы характар і сутнасць чалавека.

На 30 кіламетраў наблізіліся да Усходняй Прусіі, некалькі месяцаў стаялі ў абароне. Пры новым наступленні ў нямецкай вёсцы Міхаіл быў моцна паранены ў ногі. Лячэнне ў шпіталі зацягнулася на некалькі месяцаў, там і сустрэў Перамогу. Пасля выздараўлення накіравалі ў Беларусь на тэрміновую службу. Спачатку быў пехацінцам, потым — у войсках ваенна-паветраных сіл.

Дамоў вярнуўся восенню 1950-га. Родныя мясціны за мірны час ужо крыху адбудаваліся ад ваеннай разрухі. Людзі перасталі баяцца гулу самалётаў, палеткі засеялі жытам. Цывільнае жыццё сваім няспешным крокам рухалася наперад…

Вяртаючыся ў ціхую паўсядзённасць ад доўгіх успамінаў, Міхаіл Лаўрэнцьевіч выходзіць на ганак. Свежы вецер б’ецца ў вокны, сонца зазірае ў хату праз адчыненыя дзверы. Цяпер разумею, чаму ветэран, жывучы ў такой маляўнічасці, адмаўляецца ад паездкі ў санаторый ці пераезду бліжэй да дзяцей. Нідзе яму не будзе лепш, чым дома. Толькі вельмі хацеў бы даведацца пра сваіх баявых таварышаў з 4 роты 2 батальёна 79 гвардзейскага стралковага палка. Ці застаўся хто з іх? Ці памятаюць яны ваеннае юнацтва?

Часта прыязджаюць дзеці і ўнукі. Кожны год у жніўні родныя збіраюцца разам, каб павіншаваць бацьку і дзядулю з днём нараджэння. Ён чакае гэты прыезд, як асаблівае свята. Усіх убачыць, пра многае пагаварыць. І хоць моцна скардзіцца на сэрца, але марыць дажыць да 90-гадовага юбілею.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.