«Как трудно это пережить…»

Здараецца, жыццё прыносіць нечаканыя выпрабаванні. У паўсядзённы адладжаны рытм урываецца каварная хвароба блізкага чалавека, і, прыкаваўшы яго да бальнічнага ложка, на доўгія месяцы горыччу запаўняе ўсе думкі. Былыя праблемы на фоне страшнага здарэння выглядаюць простымі і нязначнымі. Мітусліва шукаецца паратунак, але выйсця няма…

Вольга Шпакоўская з Луніна зведала на сабе ўсе метады змагання за выздараўленне мужа. I прайграла ў гэтай нялёгкай вайне, аддаўшы вечнасці самага роднага і каханага. Хаця ўвесь час цеплілася надзея, што стан палепшыцца, прыйдзе выздараўленне…

У такія моманты больш тонка і яскрава адчуваюцца адносіны пабочных людзей. Звычайныя чалавечнасць і разуменне каштуюць неймаверна дорага, але гэтак жа балюча коле ў сэрца людская чэрствасць і абыякавасць. Суседзі па палаце, з якімі разам змагаліся за жыццё сваіх родных, надоўга застаюцца не проста знаёмымі — агульная страта аб’ядноўвае, дапамагае выжыць у цяжкія хвіліны.

Чатыры месяцы таму скончыўся зямны шлях Пятра Маркавіча Шпакоўскага. Ім не суджана было сустрэць разам 40-годдзе сумеснага жыцця, да якога засталося зусім нядоўга. I больш ніколі яны не параяцца па надзённых пытаннях, не сядуць, як бывала, побач каля тэлевізара…

Цяпер адзінота палохае жанчыну і трывожыць сэрца. Прасторныя пакоі ціснуць даўкай цішынёй, ад якой хочацца вызваліцца ды збегчы, але няма куды…

«А сердцу так трудно,
Оно понимает,
акую потерю судьба принесла…”

Такія радкі просяцца ў Вольгі Іванаўны на паперу, калі яна глядзіць на партрэт нябожчыка. Можа не зусім рыфмаваныя, але напісаныя ад глыбіні душы. Яны дапамагаюць у хвіліны, калі становіцца найбольш тужліва і горка.

“Мне надо это пережить,
I рану залечить глубокую такую…»

Ды не так проста вярнуцца ў звычайную паўсядзённасць пасля страты. Тым больш, што ўспаміны кожную хвіліну нагадваюць пра шчасце.

Яны сустрэліся не ў самым бесклапотным юнацтве. У Вольгі быў няўдалы першы шлюб, маленькі сын, з якім на руках засталася пасля яго скасавання. У Пятра таксама не склалася ў сям’і, якую стварыў у Карэліі. Каля былой жонкі гадаваліся двое дзяцей, якім пасылаў аліменты.

Напэўна яны і надалей заставался б са сваімі разбітымі сэрцамі, калі б не ўмяшаліся знаёмыя. Пабочныя людзі прапанавалі ім аб’яднаць дзве адзіноты ў адну агульную сям’ю, якая мела права на існаванне. Пазнаёмілі, і неўзабаве мужчына і жанчына сышліся жыць разам. Адразу прыйшло пачуццё павагі, цеплыні і ўзаемаразумення. Коля не заставаўся без увагі, айчым прыняў яго, як роднага. I пацягнуліся дні, напоўненыя спакоем і ціхай радасцю. У адладжаны быт часам урываліся праблемы, але разам іх вырашаць было не так страшна.

Аднойчы Вольга, якая працавала на дрэваапрацоўчым камбінаце, атрымала вытворчую траўму — жанчыне часткова адрэзала тры пальцы правай рукі. Спачатку быў адчай, але паступова прызвычаілася — працягвала працаваць на больш бяспечнай і простай рабоце, атрымлівала невялікую даплату да заробку. Да фізічнага болю часам дадаваўся душэўны, калі знаходзіліся адказныя асобы, якія не лічылі страту пальцаў значнай праблемай, а матэрыяльную дапамогу наадварот — завышанай. Даводзілася змагацца за справядлівасць. Аднойчы справа нават дайшла да суда, але цяпер яна не хоча згадваць аб гэтым, пакінуўшы ўсё на сумленні вінаватых…

Скалечанай рукой Вольга навучылася вязаць і вышываць гладдзю і крыжыкам. На здзіўленне: “Хіба гэта магчыма?” — усміхаецца. Маўляў, ад безвыходнасці многае пераадолееш. Але бачна было, што далося ўсё гэта ёй вельмі няпроста.

Цудоўныя вырабы размясціліся ў пакоях, сведчачы пра яе жаноцкую мужнасць і цярпенне. Бялюткія ручнікі і разнастайныя карціны зіхацяць самымі яркімі колерамі, самаробныя іконы выглядаюць дасягненнямі мастацтва.

Коля цяпер дарослы, працуе на “Палессеэлектрамашы”, мае сваю сям’ю. Яго дачушкі закончылі школу. Алеся — чыгуначніца, а Марына — будучы юрыст.

Пётр Маркавіч родам з Вулькі 1, працаваў трактарыстам у калгасе. Атрымліваў многа грамат і ўзнагарод, якімі за стараннасць адзначалі на святы і юбілеі. Яшчэ да выхаду на пенсію перанёс цяжкую хваробу, якая праз многа год нагадала аб сабе, не пакінуўшы шанцаў на выздараўленне.

У студзені Вольга Іванаўна адзначыла 65-годдзе, але свята атрымалася сумным з-за нядаўняй страты. У апусцелай хаце занадта прасторна для яе адной. Без увагі не пакідаюць нашчадкі, але ў маладых свае клопаты, і жывуць яны асобна. А цеплыню, якая сагравала любячых мужа і жонку, не заменіць ніхто. Зараз не атрымліваецца і любімае захапленне вышыўкай. Кволае супакаенне жанчына знаходзіць у размовах з матуляй, якая жыве непадалёку і таксама ўдава…

Лідзіі Васільеўне Дударга на Ражство споўнілася 85 год. Усё жыццё яна адпрацавала ўздымшчыцай жывіцы. Мужчынская справа ніколі не здавалася ёй цяжкай, бо ў вёсцы заўсёды пераважаюць фізічныя нагрузкі. Давялося самой будаваць дом. У маладосці яна засталася без мужа з маленькімі дачушкамі — Вольгай і яе малодшай сястрычкай Нінай. I толькі калі дзеці выраслі, знайшла сямейнае шчасце з аднавяскоўцам Міхаілам Фёдаравічам. На жаль, цяпер пра цудоўнага чалавека засталіся ўспаміны…

Лёс непрадказальны, і што нас чакае ў будучыні, не ведаюць нават самыя адукаваныя спецыялісты. Вольга Iванаўна зычыць здароўя і даўгалецця ўсім людзям, каб як найменш болю сціскала чалавечыя сэрцы. Яшчэ жанчына шчыра дзякуе тым, хто ў цяжкую хвіліну падтрымліваў добрай парадай, спагадлівым позіркам, умеў выслухаць і зразумець.

Хочацца верыць, што новыя вышыванкі яшчэ зазіхацяць у яе далонях, рана на сэрцы зарубцуецца, бы некалі — хай не адразу, але зажылі траўміраваныя пальцы рукі. Доўга балела, цяжка было, але змагла — выстаяла…

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.