Лятаць на патрэбнай вышыні

IMG_2881Ніхто не стане спрачацца, што 90-годдзе — дзень асаблівы. Тым больш, калі такі паважаны юбілей святкуе ветэран Вялікай Айчыннай вайны і вядомы на Лунінеччыне меліяратар Павел ПАЖЫВІЛКА.

Нарадзіўся ён 8 сакавіка 1925 года ў вёсцы Сулавы Жабчыцкага раёна, які пасля рэфармавання стаў часткамі Пінскага і Іванаўскага. Навокал былі балоты.

З прыходам вызвалення Павел прайшоў курсы снайпераў і трапіў на фронт. Сапраўдная вайна сустрэла яго моцнай кантузіяй. Пасля бамбёжкі з трох бакоў вакол сябе ўбачыў свежыя варонкі… Нібы здзекуючыся, смерць хадзіла побач. Каля Одэра дарогу юнаку загарадзіла разрыўная куля. Ад глыбокай раны страціў многа крыві, быў у непрытомнасці. Потым аперацыя, замест наркозу — вядомыя сто грамаў. Урачы самі не верылі, што выжыве.

Пасля вяртання скончыў Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум. Накіравалі на Лунінеччыну, прызначылі начальнікам міжраённага меліярацыйнага ўпраўлення асушальных і арашальных сістэм. Тройчы ўдастоены гонару паехаць у Маскву на ВДНГ.

У асабістым жыцці спазнаў цеплыню пачуццяў блізкіх — жонкі Валянціны Іосіфаўны, дачок Святланы і Таццяны. Даўно раз’ехаліся дзеці, падраслі ўнукі. Ужо 8 год, як аўдавеў…

Пра жыццёвы шлях і працоўныя дасягненні юбіляра расказаў начальнік ПМС Віктар Клімовіч, уручаючы кветкі і Ганаровыя граматы ад дзяржаўнага аб’яднання “Брэстмеліяводгас” і райвыканкама. Урачыстасць прайшла ў цёплай атмасферы, дзе ўладарылі ўспаміны. Працоўны стаж Паўла Несцеравіча складае каля 50 год, нават не ўлічваючы вучобу ў тэхнікуме. Ён ніколі не ставіў сябе вышэй за іншых — працаваў з рыдлёўкай і ішоў наперад.

Цяпер у родным калектыве працуюць толькі трое з яго паплечнікаў, якія разам з маладзейшымі прыйшлі павіншаваць таварыша і настаўніка. Прыехалі былыя калегі з Пінска і Іванава.

Юбіляр мае добрую памяць, якая да драбніц захавала падзеі мінулага. А калі былы франтавы запявала праз 70 год праспяваў адну з любімых песень, многія расчуліліся да слёз. У расказанай ім прытчы пра арла гучала правільная пазіцыя кіраўніка — не апускацца нізка і не лятаць занадта высока, каб можна было бачыць людзей і іх праблемы.

“Сустрэцца ў тым жа саставе на 100-годдзе Паўла Несцеравіча” — такую задачу паставілі падчас віншаванняў. Хочацца верыць, што задуманае збудзецца — ён надоўга застанецца жывым прыкладам стараннасці, мужнасці і адвагі.

 

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.