Першая пасяўная

Юрий КорчикУпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ўзначаліў Юрый Корчык. Да гэтага ён 4 гады займаў пасаду дырэктара Палескай станцыі. Яшчэ раней была служба ў арміі, вучоба ў Горацкай сельгасакадэміі, работа майстрам і інжынерам па ахове працы на «Палессеэлектрамашы”, 6 год — галоўным інжынерам на Палескай станцыі.

— Юрый Аляксеевіч, як вядома, папярэдні год для Лунінеччыны-аграрнай склаўся не вельмі ўдала. I ўсё з-за зніжэння прадукцыі фермаў…

— Менавіта таму перад аграрным сектарам стаіць вельмі важная задача — рост валавай прадукцыі палёў і фермаў павялічыць на 3,5 працэнта ў параўнанні з папярэднім годам. У прыватнасці, неабходна атрымаць 57,2 тысячы тон малака, рэалізаваць 6,6 тысячы тон мяса, 77,1 тысячы тон зерня, 7,4 тысячы тон рапсу, 35 тысяч тон бульбы, 4,2 тысячы тон агародніны. За 2 месяцы года надоі ў гаспадарках раёна склалі 99,5 працэнта ў параўнанні з такім жа перыядам 2014-га. У той жа час за кошт павелічэння таварнасці, малака рэалізавалі больш — 104,3 працэнта. Між тым, будзем прыкладаць усе сілы, каб таварнасць, якая зараз складае 88,4 працэнта ў сярэднім па раёне, была не меншай як 90 працэнтаў. Каб павысіць надоі, звяртаем асаблівую ўвагу на збалансаванасць рацыёнаў для дойнага статка, закупляем шрот і неабходныя камбікармы.

— Ваша прызначэнне на пасаду супала з пачаткам яравой сяўбы. Ці здольны сельгаспрадпрыемствы правесці яе своечасова і з высокай якасцю работ?

— Сяўба — для вяскоўца галоўнае. Упэўнены, што кожны кіраўнік сельгасарганізацыі пастараецца мабілізаваць усе сілы на паспяховае яе правядзенне. У гаспадарках ёсць неабходная тэхніка і дастаткова механізатараў. Вядуцца работы па выдачы крэдытаў на набыццё ГЗМ і мінеральных угнаенняў. Асноўныя крыніцы паступленняў — 2-працэнтны крэдыт Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, а таксама акумуляванне сродкаў за прадукцыю, рэалізаваную на ААТ “Лунінецкі малочны завод” і Пінскі мясакамбінат.

— Вясна сёлета выдалася сухой. Днём плюсавыя тэмпературы, ноччу мінусавыя. Як вызначылі, што наступіў аптымальны час для сяўбы?

— Час сапраўды наступіў. Першае зерне ў глебу кінулі ў пятніцу, 13 сакавіка, калі на базе СВК “Вулькаўскі світанак” праводзілі раённы семінар. На працягу тыдня да гэтай гаспадаркі далучыліся яшчэ сем — СВК “Лунінскі”, “Дварэцкі”, філіялы “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод” і “Аграграніт”, ПУСП “Рэдзігерава-агра” і КУП “Міжлескае”. Цяпер сяўбу вядуць усе сельгаспрадпрыемствы. У выніку на 26 сакавіка яравыя культуры размясцілі на плошчы 2143 гектары, што складае 7,7 працэнта да задания. Ход работ у пачатку кампаніі крыху стрымлівалі начныя маразы. У той жа час гэта не перашкаджала падрыхтоўцы глебы і вывазцы арганікі на палеткі. Паралельна вядзяцца падкормка азімых культур. Справіцца з пасяўной кампаніяй мяркуем за 16-20 дзён.

Галіна КУЧЭЙКА

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.