Пра стаж, дапамогі і паслугі

семянчэнкаНа пытанні чытачоў адказвае начальнік упраўлення па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына СЯМЕНЧАНКА:

  • Ніна Зяблава, в. Кажан-Гарадок: Не згодна з тым, як мне падлічылі рабочы стаж для прызначэння пенсіі.

—    З такім пытаннем вы звяртаецеся не першы раз і ўжо атрымалі адказы з Міністэрства па працы і сацыяльнай абароне Рэспублікі Беларусь, Камітэта па працы і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама, а таксама з нашага ўпраўлення і Івацэвіцкага, дзе пры першапачатковым прызначэнні пенсіі была дапушчана памылка па заліку стажу работы ў калгасе. Яна даўно выпраўлена, і пенсію вы атрымліваеце згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні”.

  • Вольга Канапацкая, г. Лунінец. На момант афармлення пенсіі па ўзросту мой стаж работы складзе 38 год. Калі я працягну працаваць яшчэ 2 гады, ці будзе ў такім выпадку перагледжаны памер пенсіі?

—    Калі вы будзеце працаваць і адначасова атрымліваць пенсію па ўзросту, то ніякага пераразліку не будзе. Калі ж працуючы, адмовіцеся ад пенсіі, то дадатковы стаж будзе ўлічаны. Згодна з артыкулам 23-1 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” пры звароце за пенсіяй па ўзросту пазней за дасягненне агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту (або адмове ад атрымання ўжо прызначанай пенсіі) пры наяўнасці стажу работы не менш як 20 год для жанчын і 25 для мужчын, прадугледжана яе павелічэнне. За першы год работы без атрымання пенсіі яна будзе большай на 6 працэнтаў, за другі — на 8, за трэці — на 10, за чацвёрты — на 12, за пяты і кожны наступны год — на 14 працэнтаў. Калі работа без атрымання пенсіі будзе меншай як год, то павелічэнне за кожныя два поўныя месяцы складзе 1 працэнт заробку. Пры гэтым пенсія максімальнага памеру (75 працэнтаў заробку) не абмяжоўваецца. У выніку за 5 год работы яе памер павялічыцца ў 1,7-2 разы. Выбар — атрымліваць пенсію ў перыяд работы ці не, каб затым павялічыць, застаецца за пенсіянерам.

  • Сяргей Янковіч, в. Лахаўка. У снежні 2014 года працаваў у СВК “Новае Палессе» жывёлаводам па догляду за дойным статкам. На работу выходзіў штодзень, без выхадных. Чаму ў табелі ўліку рабочага часу наймальнік не адлюстроўваў фактычны час работы, а паставіў колькасць адпрацаваных гадзін па норме?

—    Ваш запыт накіраваны ў Пінскі міжраённы аддзел абласнога ўпраўлення Департамента дзяржаўнай інспекцыі працы для вывучэння сітуацыі.

  • Ганна Неўдах, г. Мікашэвічы. Я — інвалід другой групы, з цяжкасцю рухаюся. Нядаўна даведалася, што днямі ў Мікашэвічы прыязджаў цырульнік, які аказвае паслугі пенсіянерам. Скажыце, калі ласка, ці можа ён падстрыгчы мяне дома?

—    Сапраўды, з лютага 2015 года паслугамі цырульніка ДУ “Лунінецкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” могуць карыстацца не толькі непрацуючыя пенсіянеры і інваліды І і ІІ груп райцэнтра, але і тыя, што пражываюць у Мікашэвічах. Сюды спецыяліст будзе выязджаць у апошні чацвер кожнага месяца. Заяўкі на абслугоўванне прымаюцца па тэлефонах: 3-68-97, 2-33-51, 3-46-85. Можна звяртацца і асабіста на адрас: г. Лунінец вул. Фрунзе, 6 кабінеты 15 і 16. На сённяшні дзень мужчынская стрыжка каштуе 22900 рублёў, жаночая — 31800 рублёў.

  • Наталля Іванаўна, в. Бродніца. Жыву адна, пенсія невялікая, дапамагаць няма каму. Зараз ідзе вясна, трэба было б пасеяць градкі. А чым заплаціць за апрацоўку зямлі? Ці магу я разлічваць на грашовую дапамогу?

—    Матэрыяльная дапамога са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва выдзяляецца ў адпаведнасці з інструкцыяй пажылым і непрацаздольным грамадзянам. Да такой катэгорыі адносяцца непрацуючыя пенсіянеры, якія маюць права на пенсію па ўзросту на агульнай падставе, а таксама інваліды і сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Памер дапамогі, а яна аказваецца адзін раз у год, у кожным канкрэтным выпадку індывідуальны. Для яе атрымання неабходна напісаць заяву і прадаставіць дакументы, якія б пацвярджалі патрэбу ў дапамозе (квітанцыі, чэкі, сметы, эпікрыз, пералік назначаных медыцынскіх прэпаратаў з указаннем іх кошту, дагавор аб аказанні платных медыцынскіх паслуг і г.д.). Для гэтага вам неабходна звярнуцца на адрас: г. Лунінец, вул. Фрунзе, 6 (кабінеты 21 або 16), тэлефон 3-46-85.

  • Лунінчанка. Муж — удзельнік Вялікай Айчыннай войны. На якіх умовах нашай сям’і могуць быць аказаны сацыяльныя паслугі на даму.

—    З пералікам сацыяльных паслуг, якія аказвае аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму, вы можаце пазнаёміцца па тэлефоне 3-46-85. Згодна з рашэннем райвыканкама №912 ад 26.06.2013 г. удзельнікам і інвалідам Вялікай Айчыннай вайны яны аказваюцца бясплатна.

 

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.