Шчасце з цаглінак

OLYMPUS DIGITAL CAMERAЦаглінкі ўкладваюцца радамі і ствараюць асаблівы узор. Здавалася б, гэта зусім звычайны будаўнічы матэрыял. Але на кожным новым участку, дзякуючы дызайнерскай мнагаграннасці, ён выглядае па-свойму непаўторна.

Для Іны і Данііла БРУЦКІХ з Лунінца такія цаглінкі пад умелай рукой майстра ператварыліся ў прыгожы прасторныі дом. Тут, дзякуючы карпатлівай працы дарослых, будуецца шчасце вялікай мнагадзетнай сям’і. І хаця патрабуецца прыкласці яшчэ шмат сіл, каб прывесці ўсё да дасканаласці, галоўнае ўжо створана. А самай важнай прыступкай для новабудоўлі паслужыла шчырае каханне, дзякуючы якому з’явілася жаданне пераадольваць цяжкасці і разам ісці да сціплых жыццёвых перамог. Стымулам служыць імкненне даць сваім нашчадкам годнае выхаванне.

Гаспадары задумалі рэканструкцыю дома, дабудавалі да старога будынку некалькі новых пакояў, каб цесната не замінала гадаваць пяцёра дзяцей. Другі паверх толькі чакае сваёй чаргі ў добраўпарадкаванні, каб старанныя рукі Данііла Андрэевіча зрабілі явай іх агульныя мары. Трое з дзетак — дашкаляты, і ім пакуль больш камфортна быць побач з дарослымі.

Асабліва не хоча злазіць з маміных рук Максімка, якому ідзе другі год. Хаця цікаўнасці ў малога дастаткова. Чым бы жанчына не займалася, ён імкнецца дапамагаць. І моцна крыўдзіцца, калі нешта не дазваляюць. Хаця яму ёсць з кім будаваць свае казачныія палацы — трохгадовы Ромка заўсёды побач. Ён дапаможа ў гульнях, разам не так боязна залезці ў шафу ці пад ложак. А на вуліцыі можна пачаць асвойваць бліжэйшыя краявіды, дзе столькі цікавага, але куды іх не адпускаюць без нагляду дарослых.

У 6-гадовай Вікі свае дзявочыя клопаты. Трэба дагледзець лялькі, каб не сумавалі без увагі маленькай гаспадыні. Яшчэ яна любіць маляваць. На першых шэдэўрах адчуваецца жаданне спазнаць многа новага. Ды і частыя размовы пра першы клас, куды пойдзе восенню, моцна хвалююць. І страш-навата перад невядомасцю, але ж вельмі хочацца стаць вучаніцай.

Саша — трэцякласнік, ён пра школу ўжо ведае ўсё. Часам на занятках цікава і весела, а бывае і цяжкавата. Трэба справіцца з заданнямі па матэматыцы, своечасова вывучыць верш альбо правіла. Больш проста на ўроках фізкультуры, дзе можна нагуляцца з сябрамі і паспаборнічаць.

Анюта вучыцца ў 6 класе. З праграмай спраўляецца добра. Яшчэ знаходзіць час для любімага захаплення, якое перадалося ад мамы — ствараць разнастайныя вырабы з саломкі. У свой час Іна займалася ў прафтэхвучылішчы, асвойваючы асновы інкрустацыі. Цяпер яны разам з дачушкай шукаюць незвычайныя ўзоры, каб ва ўмелых руках тыя зазіхацелі маляўнічым букетам. Акрамя дэкаратыўнага майстэрства, матуля мае дыплом повара, што вельмі дарэчы ў іх вялікай сям’і. Можна прыгатаваць смачную і карысную ежу сваімі рукамі. І перадаць неабходнае ўменне малым, каб некалі ў дарослым жыцці хлопцы і дзяўчаты ведалі асноўныя сакрэты кулінарыі.

Для авалодвання больш мужчынскімі спецыяльнасцямі малым таксама ёсць у каго павучыцца. Тут аўтарытэт — тата, які можа амаль усё. Здольнасці Данііла Андрэевіча дапамагаюць самастойна зрабіць дорагакаштуючы рамонт дома звонку і ўнутры, што дазваляе эканоміць і не пакідае сумненняў у якасці выкананых работ.

З дзяцінства юнак са Столінскага раёна больш сутыкаўся з працай на зямлі — бацька ў той час меў вялікую фермерскую гаспадарку. Сярод братоў і сясцёр кожны з падлеткаў шукаў свой шлях у дарослае жыццё. Працягваючы сямейную справу, хлопец асвойваў азы земляробства ў сталіцы, паўгода быў на практыцы ў Германіі. Але паступова зразумеў, што ўсё гэта — не яго…

Больш па душыі аказалася тэхніка. Любіць пакорпацца пад капотам легкавіка, калі выпадае вольная хвілінка. А рабочыя будні праводзіць у кабіне “БелАЗа”. На “Граніце” працуе нядаўна, але паспеў прывыкнуць да манатонных рэйсаў са шчэбенем, калі магутная машына натужна раве на пад’ёмах і лёгка спускаецца ўніз глыбокага кар’ера.

Іна знаходзіцца ў водпуску за малодшым, з надзеяй чакае той час, калі дзеці падрастуць і стануць больш самастойнымі. Тады можна будзе заняцца справай, удасканальваючы прафесійнае майстэрства. Яна — лунінчанка, таксама расла ў дружным суседстве разам з братам і сястрычкамі.

Пазнаёміліся будучыя муж і жонка на вяселлі ў сваіх знаёмых. У Дзень абаронцаў Айчыны яны ажаніліся, мнагалюдна і весела адгулялі сваё рашэнне быць разам. Кожны год у лютым святкуюць не толькі мужчыны — і матулю ёсць з чым павіншаваць.

Мараць разам давесці да ладу рамонт у доме, а на падворку пасадзіць кветкі. Розных сартоў і колераў — бо ў вялікай сям’і ў кожнага свае густы і жаданні, задаволіць якія не так проста. Але ўсё гэта — прыемныя клопаты і справа часу. Калі дзеці падрастуць, будуць пасільна дапамагаць, работа пойдзе шпарчэй. Менавіта працавітасцю трэба выхоўваць сыноў і дачушак, добразычлівасцю вучыць іх браць прыклад з дарослых.

Цаглінкі аранжавага колеру ператварылі звычайную сядзібу Бруцкіх у шыкоўны будынак на прасторным падворку. Вокны другога паверха дадуць магчымасць юным талентам назіраць за наваколлем, шукаючы новыя пейзажы для малюнкаў ці саламяных вырабаў. Але самае галоўнае, што неабходна для сталення малых — “цаглінкі” ўзаемаразумення, павагі і любові, якіх яны вдосталь спазналі ў бацькоўскім доме. Тых шчырых пачуццяў хопіць на многія збудаванні дабра і чалавечнасці.

Марыя АЛЯКСАНДРАВА

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.