Смак партызанскага хлеба

ВанюкУсім нам знаёмыя светлыя адчуванні, якія дорыць юнацтва. Пазнаванне свету і новых пачуццяў агортваюць цудоўным покрывам з мар і надзей, здаецца жыццё будзе бясконцым, бясхмарным і шчаслівым. Так думаюць сённяшнія юнакі і дзяўчаты, так пачынала шлях у дарослае жыццё і моладзь 1940-ых, яшчэ не ведаючы, якія цяжкія выпрабаванні выпалі на яе долю.

Гсінна ВАНЮК з Бродніцы нарадзілася ў 1925 годзе. Ёй давялося на сабе зведаць нягоды ваеннай акупацыі. Цяпер жанчыне хочацца выгаварыцца, скінуць з душы пакутлівы боль, але слабое здароўе не дазваляе гэтага зрабіць. Паўшэптам яна імкнецца расказаць хоць што-небудзь з тых дзён і начэй, напоўненых трывожным лязгатам аўтаматаў у партызанскіх моцных далонях, дымам ад паходнай кухні, калі гатавалася няхітрая страва на абед. Яшчэ былі трапныя жарты бравых байцоў, амаль непрытомная стомленасць ад бадзяння па лясных сцежках і горыч ад страт, калі маладыя хлопцы заставаліся знявечанымі на полі бою. Іх імкнуліся вынесці на сабе баявыя таварышы, хавалі ў неглыбокія магілы, знімалі на развітанне шапкі і застывалі ў хвіліне маўчання. Апускалі долу позірк, поўны адчаю і нянавісці, імклівага жадання змагацца з ворагам.

Горкая слязінка коціцца з вачэй Ганны Дзмітрыеўны ад тых перажыванняў, якія не забыліся і праз 70 год. Спачатку была аблава, у час якой у Нямеччыну забіралі аднавяскоўцаў. Тады ж хацелі вывезці і дзядзьку, але мужчына паспрабаваў уцячы. На жаль, яго напаткала варожая куля. Пасля гэтага перапалоханая дзяўчына пабегла ў партызанскі атрад — яна прыкладна ведала яго месцазнаходжанне. Расказала аб тым, што здарылася ў роднай вёсцы. Камандзір пабаяўся адпускаць яе дадому, каб часам катаваннямі ворагі не выпыталі ў яе дарогу да народных мсціўцаў. Ды неўзабаве і ў лесе стала неспакойна. Пачалася блакада, давялося сыходзіць праз балоты, каб не трапіць пад кулі. Людзі выратаваліся, але ўвесь побыт на месцы стаянкі быў знішчаны. Заставацца ў гэтых мясцінах было рызыкоўна. Тады прынялі рашэнне перайсці да вёскі Гоцк.

Ганну не пасылалі на заданні, але жыццё ў лесе было нялёгкім. Хацелася прымяніць свае сілы ў агульнай барацьбе. Кволай дзяўчыне даручылі работу повара. Не хапала мукі, каб спячы гаркаваты хлеб, амаль не заставалася іншых прадуктаў, а ёй хацелася накарміць людзей. Вестак аб набліжэнні фронту чакалі з нецярпеннем. Думалася, вось будзе Перамога, і ўсё жудаснае скончыцца, жыццё вернецца ў даваеннае рэчышча.

Толькі так бесклапотна ўжо не было ніколі. Пасля вызвалення мужчыны пайшлі далей праганяць ворага, а адроджваць скалечаную зямлю давялося жанчынам і старым. Іх сям’я засталася без бацькі яшчэ да вайны. Пры Польшчы, імкнучыся хоць крыху пазбавіцца ад галечы, той паехаў на заробкі ў Амерыку. Марыў забраць з сабой сям’ю. Але здарылася няшчасце — ён памёр.

Ганна памятае, як яны засталіся без даху над галавой. Свой родны куточак чарнеў грудай галавешак — пры адступленні ворагі знішчылі ўсе пабудовы. Выжыць дапамагала праца. Часова перабіваліся ў чужых людзей, на іхніх палетках і гнуліся з ранку да вечара. Хадзілі ў заробкі да тых, хто меў магчымасць заплаціць торбачку жыта — так ратаваліся ад голаду.

Часта Ганна працавала ў гаспадароў за млыном, пад Азярніцай. Не ведала тады, што лёс яшчэ прывядзе яе на гэты падворак. Хутка з арміі вярнуўся іх сын Сцяпан. Ён амаль адразу заўважыў Ганну, у маладых склаліся цёплыя адносіны.

Беднасць не замінала каханню. Так стварылася новая сям’я, якой наканавана было стаць любячай і трывалай. Да сённяшняга дня муж і жонка захавалі павагу, тактоўнасць, якія дапамагалі ім праходзіць поруч праз радасці і нягоды на працягу доўгіх 64 год.

Цяпер, з вышыні паважанага ўзросту яны кажуць, што жылося добра. Бо тая неўладкаванасць маладосці згубілася ў цеплыні сталасці, сцерліся з памяці нязначныя праблемы і часовыя нягоды. Адчуваючы надзейнае мужчынскае плячо, жанчыне можна было больш увагі аддаваць дзецям, выхоўваючы ў іх станоучыя рысы, навучаючы асновам вясковых няхітрых абавязкаў. Для мужа асабліва важным быў клопат жонкі, каб ён, не хвалюючыся за дамашніх, больш дбаў пра кавалак хлеба, які здабываў нялёгкім мазалём.

Паступова здолелі з хутара перабрацца бліжэй да вёскі, уладкаваўшыся ў невялічкай хатцы, у якой ніколі не было цесна. Рабочыя будні аддавалі калгасу на будоўлі і ў паляводстве. Чамусьці ў іх нарадзіліся толькі дзяўчаты. І хацелася б мець хлапчука-памочніка, але наракаць на лёс было не ў правілах старэйшых. Шчыра радаваліся тром дачушкам, аддавалі ім любоў і клопат.

І ў адказ атрымалі на старасць удзячнасць нашчадкаў. Засцерагаючы родных ад няўтульнасці, Марыя і Вера пабудаваліся побач з бацькамі. Не пакідае іх без увагі і Вольга, якая жыве ў Любачыне. Ніколі Ганна Дзмітрыеўна і Сцяпан Савіч не застаюцца без догляду маладзейшых. Тыя падрыхтуюць дровы, каб у пакоі было цёпла, прынясуць неабходныя прадукты, каб на стале была смачная і карысная ежа. А галоўнае, старыя не адчуваюць сябе пакінутымі, і гэта дае ім дадатковыя сілы для змагання з хваробамі.

Жанчыне споўнілася 89 год, яна амаль не ўстае з ложка. Боль у грудзях замінае гаварыць, з вялікім намаганнем можа сказаць самае неабходнае. А была некалі такая пявуння і весялуха! Гаспадар на два гады маладзейшы, і адчувае сябе значна лепш, таму ён клапоціцца пра жонку, пакуль нашчадкі занятыя сваімі справамі. Любіць плясці кашы. Мужчыне прыемна бавіць час са сваёй “палавінкай” — паднесці вады, паправіць падушку, ці згадаць разам з ёй пра многае з таго, што хвалявала за доўгае сумеснае жыццё. Найбольш іх цікавяць радасці і праблемы дзяцей, як складваецца жыццёвы шлях у 6 унукаў. Чым напоўнены будні і святы ў самых юных — 7 праўнукаў.

Зараз ім не так проста зразумець маладых, але асноўныя каштоўнасці не змяніліся і праз дзесяцігоддзі — сумленнасць, працавітасць, адказнасць за свае ўчынкі.

Ваеннае мінулае часта прыходзіць у снах, хвалюючы і развярэдзіўшы паўзабытыя душэўныя раны. І як прыемна прачнуцца, каб упэўніцца, што за сценамі няма ўзрываў снарадаў — калі і грукае што, дык гэта грымоты, ці нехта з суседзяў коле дровы або рамантуе дах. Калі яркі свет падае ў вокны, дык гэта не водблескі пажарышчаў, а проста ўзышло ранішняе сонца, сведчачы аб тым, што новы дзень будзе ясным і прыгожым. Прыемна адчуваць, што цяжкае змаганне было не дарэмным — на роднай зямлі пануе мір і спакой, які наканавана берагчы ўжо новым пакаленням.

Марыя ЯРАХОВІЧ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.