“Доктар Тэрэза”

левонецБацькі далі ёй імя, што вельмі рэдкае ў нашых мясцінах. Калі так гавораць пацыенты, кожны разумее, аб кім ідзе размова. Яшчэ яна заслужыла права называцца сямейным докторам: назірае стан зроку ў лунінчан некалькіх пакаленняў. У красавіку Тэрэса (так па пашпарту) ЛЕВАНЕЦ прымае віншавонні з юбілеем.

— Ураджэнка Смаргонскага райна, выпускніца Гродзенскага медінстытута, для якой Лунінец стаў першым месцам работы. І адзіным — на працягу 45-ці год! Удзячны вам за адданасць нашаму краю.

—    Шчыра кажучы, гэта — заслуга не мая, а майго мужа. Па размеркаванню на Палессе прыбыла маладая сям’я — я з Генадзем Антонавічам і наша дачушка. Адпрацаваўшы тры гады, вельмі хацела вярнуцца на нашу агульную малую радзіму — Гродзеншчыну. Але тут нам далі першую кватэру — хаця і нядобраўпарадкаванае, але сваё жылле… Другі раз шанц змяніць месца жыхарства паявіўся пасля будаўніцтва новай бальніцы ў Пінску, куды мяне настойліва запрашалі. Але ў нас ужо было трое дачок. Мудры бацька разважыў: у вялікім горадзе — вялікія спакусы, наш маленькі гарадок — спакойны, знаёмы, да таго ж тут такая цудоўная рыбалка! Так і засталіся.

—    У кожным жарце ёсць частка праўды… Ведаючы вашу сацыяльную актыўнасць, што займае шмат часу, магу меркаваць, што дзяцей сям’я выхоўвала ўласным прыкладам працавітасці. Акрамя пасады ўрача-акуліста, вы неслі шматлікія грамадскія нагрузкі: кіравалі прафкамам, участкам грамадзянскай абароны і арганізацыяй Таварыства Чырвонага Крыжа, узначальвалі шэраг ведамасных камісій. Усё гэта — сведчанне вашай адказнасці.

—    Бадай, самы складаны час быў на пасадзе намеснікам галоўнага ўрача, калі пачалося ўзвядзенне новага будынка раённай паліклінікі. Сапраўды, тады даводзілася з раніцы да вечара кантраляваць ход работ, займацца набыццём абсталявання, даваць тлумачэнні шматлікім правяраючым. Хапала дыпламатычнасці, каб адстойваць інтарэсы ўстаноў аховы здароўя без урону для асабістай рэпутацыі. Азіраючыся на пройдзены прафесійны шлях, магу адзначыць: жыццё адбылося не дарэмна…

—    Ваш вопыт каштоўны як спецыяліста і як арганізатара. У калектыве віншуючы вас з юбілеем, загадчыца паліклінікі Людміла Елізава пажадала яшчэ шмат год працаваць разам. Што дапамагае быць запатрабаванай, заставацца ў страі? Можа, песня? Дарэчы, назавіце, калі ласка, вашу любімую.

—    Падабаюцца ўсе добрыя. Прыгожым голасам абдзелена, але ў кампаніі сяброў з радасцю падцягну любы куплет. Маім захапленнем былі танцы. Толькі музыку пачую — і на круг, з якога магла не зыходзіць гадзінамі. Гэта — у маладосці. Цяпер часцей назіраю, як скочуць іншыя. Узрост нагадаў аб сабе абмежаваннем рухальнай актыўнасці… Але мне не ўласцівы сум. Ідзе вясна, рукі прагнуць спрадвечнага сялянскага занятку. Я — дачка звычайных калгаснікаў, ад якіх перадалася любоў да зямлі. Раней трымалі дачу, цяпер дастаткова градак каля нашага дома.

—    Усім вядомы вашы “мічурынскія” дасягненні і вашы таленты гаспадыні. Шчодра дзеліцеся “фірменнымі сакрэтамі” з сябрамі і калегамі. Усё ж, перш-наперш, Тэрэса Войцехаўна, вы з мужам сталі заснавальнікамі ўрачэбнай дынастыі. Толькі Наталля выбрала прафесію фінансіста. Яшчэ дзве дачкі — урачы. У Лунінцы Іна Генадзьеўна працягвае вашу, афтальмалагічную, справу, у Брэсце на УЗІ працуе Вольга Генадзьеўна, у якой муж — таксама доктар…. Магу працягваць пералік вашых вартасцей, але вы кожнага папярэджваеце: не гаварыце доўга, а то заплачу!

—    З узростам усе становімся сентыментальнымі, а тут плачу ўжо цэлы тыдзень. Атрымала самы жаданы падарунак да свайго юбілею — 3-га красавіка нарадзілася ўнучка. Першая — ужо студентка, чацвёртая — немаўля. Так што будзем мацаваць уласнае здароўе, каб дапамагаць дзецям ставіць на ногі ўнукаў. І часцей узгадваць вялікую спявачку: “Нам рано жить воспоминаньями”!

Сёлета сама прырода паклапацілася пра адметнасць доктара — яе юбілей адзначаўся на другі дзень каталіцкага Вялікадня. Сімвалічны падарунак Тэрэсе Войцехаўне ўручыў ксёндз — прыгожую свечку з пажаданнем, каб яшчэ шмат-шмат год гарэла полымя яе жыцця.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ

Add Comment

Войти с помощью: