Клічуць Рому цягнікі

Рома КовалевКалі па пятніцах ён прыходзіць у школу, дзеці з радасцю абступаюць і імкнуцца задаць як можна больш пытанняў. Потым расказваюць і паказваюць усё самае цікавае, што адбылося ці змайстравалі за тыдзень, пакуль яны не бачыліся.

— Хадзі сюды, паглядзі вось на гэта. Ромка, паслухай. — хлопчык ледзь паспявае павітацца і адразу акунаецца ў гаманлівы вір школьнага жыцця.

Ва ўсе іншыя дні Рома КАВАЛЁЎ навучаецца дома, таму і сам паспявае моцна засумаваць без аднакласнікаў. Хаця яму ёсць з кім бавіць час у кватэры — пад вечар прыходзіць з дзіцячага сада малодшы брацік, потым вяртаецца з работы тата.

Але найбольш часу з хлопчыкам праводзіць мама. Так сталася, што з самага нараджэння яму патрабуецца і ўдзяляецца больш увагі, чым здаровым дзецям. Паездкі па медустановах займаюць шмат часу, а яшчэ трэба наведаць рэабілітацыйныя цэн-тры і санаторыі.

Ірына і Сяргей — бацькі Ромы. Яны — лунінчане, выраслі ў адным горадзе. Аднойчы іх позіркі сустрэліся, а на нябёсах у гэты момант запалілася новая зорка кахання. Дзяўчына працавала прадаўцом, юнак займаўся дрэваапрацоўкай. Маладыя людзі імкнуліся да шчасця і не бачылі перашкод. Стварылі сваю сям’ю. З нецярпеннем чакалі першынца.

Вестку аб тым, што народзіцца двойня, успрынялі з радасцю, але хутка пачаліся непрыемнасці. Адно дзіця страцілі яшчэ ў сярэдзіне тэрміну цяжарнасці, за другога змагаліся цяжка і доўга.

Ромка паявіўся на свет раней часу і важыў менш двух кілаграмаў. Але гэта быў толькі пачатак праблем. Хутка ў яго дыягнаставалі ДЦП. Урачы пачалі з таго, што прапанавалі адмовіцца ад хлопчыка, добра абследавацца, і потым нарадзіць здаровых дзяцей. Але катэгарычнае “не” з вуснаў маці прымусіла іх змяніць тактыку і заняцца лячэннем.

Кавалёвы ўсёй сям’ёй змагаліся за хлопчыка і радаваліся кожнай маленькай перамозе над хваробай. Праблема была ў тым, што даводзілася прымаць рашэнні не ведаючы, якім будзе вынік. І кваліфікаваных парад пачуць не было дзе — захворванне праяўляецца ў кожнага па-рознаму.

У 8 месяцаў дзіцяці правялі цяжкую аперацыю. На шчасце, самае страшнае засталося ў мінулым. Хоць пазней звычайнага, але Ромка навучыўся хадзіць, размаўляе і асвойвае школьную праграму. Адзінае, што даецца цяжэй, чым іншым дзецям — не паспявае разам з усімі пісаць, з-за чаго даводзіцца займацца дома. Але, каб не заставацца ў баку ад школьнага жыцця, раз на тыдзень садзіцца за парту, зліваецца з калектывам і знаходзіць агульную мову з сябрамі.

Марыць стаць машыністам. Авалодаць магутнай тэхнікай і кіраваць доўгім саставам пад сілу не кожнаму. Але так цікава было б дасягнуць сваёй мэты і падаваць працяглы гудок з цягніка ўсім знаёмым. Раней ужо хацеў быць вадзіцелем вялікагрузнага аўтамабіля і цікавіўся многімі іншымі прафесіямі, дзеля спасцігання якіх давядзецца старанна вучыцца.

Яго праблемы са здароўем па знешняму выгляду выдае ледзь прыкметная няўстойлівасць на нагах. У Лунінецкай гарадской арганізацыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам Рому ведаюць, як таленавітага чытальніка.

Ён вельмі любіць маму. Ды і як можна адносіцца іначай, калі яна і псіхолаг, і медык, і выхавацель. Па меры строгая, бязмежна пяшчотная і добрая. Дзякуючы пазіцыі Ірыны Юр’еўны, Рому ўсе знаёмыя ўспрымаюць як здаровага, роўнага сабе. У дзіцячым садзе, а потым у школе, яго прынялі і палюбілі. А ў будучым гэта дапаможа і яму не адчуваць сябе асаблівым, ці горшым за іншых.

Калі праблемы з інваліднасцю дзяцей часта негатыўна адбіваюцца на ўзаемаадносінах бацькоў, то тут зусім іншы выпадак. Муж і жонка сапраўды разам і ў бядзе, і ў радасці. Сяргей Васільевіч дапамагае ў паўсядзённых абавязках, застаецца даглядаць за малодшым сынам, калі Рома з мамай едзе на рэабілітацыю ці лячэнне. Менавіта дзякуючы просьбам старэйшага сына, які марыў мець браціка, у сям’і рызыкнулі нарадзіць Радаміра, якому зараз ідзе чацвёрты год.

Свае першыя «шэдэўры» хлопчыкі дэманструюць на сценах новай кааператыўнай кватэры, куды сям’я засялілася тры гады таму. Для малявання ёсць спецыяльная дошка, але часам аловак трапляе і на шпалеры. Пакаранне за гэта — пастаяць у куце. Рома яго вытрымлівае мужна, што сведчыць пра характар і ўменне адказваць за свае ўчынкі.

У той жа час ён вельмі добры, дзеліцца з іншымі дзецьмі цацкамі і прысмакамі. Любіць цікавыя тэлепраграмы, якія дапамагаюць пазнаваць многа новага. Найвялікшая ўвага родных накіравана на змаганне за здароўе хлопчыка. Дзеля неабходных фізічных практыкаванняў тата змайстраваў спецыяльнае прыстасаванне, заняткі на якім дапамагаюць стаць моцным і вынослівым.

Хочацца верыць, што ўсе старанні дарослых дадуць плён, і пра хваробу, ад якой пакутуе Рома ў дзяцінстве, будуць нагадваць толькі шматлікія знаёмствы з паез-дак па рэабілітацыйных цэнтрах і бальніцах. Бо ў такія моманты барацьбы з праблемай людзі хутчэй знаходзяць агульную мову, становяцца дабрэйшымі, разумеюць і падтрымліваюць тых, каму горш балюча.

Марыя ЯРАХОВІЧ

Add Comment

Войти с помощью: