Кропкай адліку стане Вялікдзень

РайисполкомЛунінеччына наводзіць парадак. Пакуль найбольш актыўна ў гэтую справу ўключыліся камунальнікі, што тлумачыцца характарам і аб’ёмамі іх работы. Аднак на пасяджэнні рабочай групы яе кіраўнік, намеснік старшыні райвыканкама Руслан Хоміч запатрабаваў пазбавіцца ад зімовай спячкі ўсіх, каму неабыякавы стан падведамаснай тэрыторыі і ўвогуле — выгляд мясцін, дзе жывем.

Першымі трымалі справаздачу прадстаўнікі сферы адукацыі. Заўваг тут было больш, чым у іншых. Трэба спадзявацца, што з наступлением устойлівага цяпла, калі можна будзе высаджваць кветкі, тэрыторыя вакол навучальных устаноў набудзе жаданы гожы выгляд. Пакуль жа прадстаўнікі раа выказалі занепакоенасць немагчымасцю прыбраць старыя дрэвы на тэрыторыі некаторых дзіцячых дашкольных устаноў. Справіцца з гэтай работай самастойна не атрымліваецца, менавіта таму на дапамогу абяцалі прыйсці камунальнікі і супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, дзе ёсць спецыяльная тэхніка.

Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван Піліпцэвіч звярнуў увагу на стан тэрыторыі вакол некаторых устаноў культуры, у прыватнасці, клуба ў в. Сітніца. Ды і ўвогуле, адзначыў галоўны вартавы прыроды, трэба прыбіраць тэрыторыю не да агароджы, але і па-за ёй.

Такое патрабаванне зразумелае ў дачыненні да прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і абжытых прыватных падворкаў, але куды больш складана прымусіць навесці парадак каля сядзіб, дзе ніхто не жыве, хаця гаспадары ёсць амаль у кожнай. У гэтым выпадку на дапамогу прыходзяць рабочыя групы, створаныя ў сельвыканкамах. Як зазначыў Іван Піліпцэвіч, ужо зроблена некалькі рэйдаў, вынікі якіх будуць падведзены пасля Вялікадня.

Участкі, выдзеленыя пад індывідуальную забудову, на якіх няма агароджы і чамусьці не вядуцца работы, пад асаблівую ўвагу возьме землеўпарадкавальная служба.

Прагучаў абгрунтаваны папрок у адрас праваахоўнікаў, бо з пачатку года на парушальнікаў санітарнага парадку не складзена ніводнага пратакола. Па-ранейшаму не баяцца пакарання тыя, хто пакідае мяшкі са смеццем на абочынах вуліц і дарог. Было прапанавана аднавіць ранішнія рэйды па вуліцах. Як паказвае практыка, злавіць за руку неахайных грамадзян іншы раз удаецца.

У ходзе размовы асаблівая ўвага была ўдзелена навядзенню парадку на месцах пахавання воінаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Як станоўчы, адзначаны той факт, што нярэдка службы аб’ядноўваюць намаганні ў імкненні выканаць як мага большы аб’ём работ па навядзенню парадку. Прыкладна так дзейнічаюць КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” і ДРБУ-101. З дапамогай дарожнікаў камунальнікі прагрэйдзіравалі больш як 40 кіламетраў дарог і прыступаюць да ямкавага рамонту асфальтавага пакрыцця.

Дырэктару Лунінецкай ЖКГ Георгію Шпакоўскаму давялося даваць тлумачэнні і яшчэ на адну балючую тэму. На жаль, апошнім часам у населеных пунктах раёна прыкметна пабольшала бадзячых сабак, якія сталі рэальнай пагрозай для людзей. Разам з тым, менавіта апошнія нясуць віну за горкі лёс бяздомных жывёлін, якіх спецыяльная служба вымушана знішчаць. Дарэчы, непрыемная гэта работа праводзіцца апошнім часам куды больш цывільна, чым раней.

Месячнік па навядзенню парадку на зямлі павінен прыкметна змяніць выгляд Мікашэвіч. Тут звычайна разлічваюць на дапамогу РУВП “Граніт” і іншых прадпрыемстваў маладога горада. Зрэшты, і самі жыхары не павінны застацца ўбаку. У Мікашэвічах, як і паўсюдна, пройдуць суботнікі, у ходзе якіх будуць высаджаны маладыя дрэўцы і дэкаратыўныя кусты, раннімі веснавымі кветкамі ўпрыгожаць клумбы. Усё, што можна, будзе пабелена і пафарбавана.

Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі звычайна выступае ў ролі кантралюючага ведамства. Праверкі санітарнага стану населеных пунктаў не спыняюцца. З пачатку года спецыялісты пабывалі на 85 аб’ектах, звярнулі ўвагу на многія прыватныя падворкі. Набліжэнне Вялікадня найбольш прыкметна адчуваецца менавіта тут. Як запэўніў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Віталь Дзегцяроў, менавіта вялікае праваслаўнае свята стане своеасаблівай кропкай адліку. Да гэтага дня ёсць магчымасць навярстаць упушчанае. Пасля яго падыход да парушальнікаў ці тых, хто дэманструе абыякавасць у адносінах да важнай справы, будзе куды больш строгім.

Зрэшты, сімвалічную кропку ў веснавым пераўтварэнні населеных пунктаў паставіць рэспубліканскі суботнік, які пройдзе 18 красавіка. Праўда, каб гэтая кропка была сапраўднай і важкай, нам яшчэ трэба зрабіць немалы аб’ём работ, якія няварта адкладваць у доўгую скрыню.

 

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.