Пад залатою зоркай пачуццяў

яскевичСтарыя разгалістыя бярозы — сведкі даўніх падзей людского жыцця. Яны першымі сустракаюць каля сядзібы, ветліва махаючы галінкамі. Побач разрасліся маладыя зараснікі, якія вось-вось скінуць чарнавата-шэрае покрыва і разальюцца яркой зелянінай.

Ткая панарама адкрываецца наўскрайку Вулькі 2, дзе ў невялікай утульнай хаце мінаюць жыццёвыя ранкі Соф’і і Марка ЯСКЕВІЧАУ, якім было лёсам наканавана разам прайсці больш як 50 вёснаў і зім. Залатое вяселле адзначылі крыху раней, а нядаўна дзеці, унукі і праўнукі сабраліся на святкаванне 80-годдзя гаспадара.

Ён родам з Дварца. Трактарыста тагачаснай МТС накіравалі ў суседнюю вёску. Тут і сустрэўся ён з дзяўчынай, якая працавала даяркай. Так адбылося знаёмства, што перарасло ў шчырыя пачуцці кахання і павагі. Адгулялі сціплае вяселле, пабудаваліся, нарадзілі дзяцей…

Соф’я Васільеўна ўсё жыццё пражыла на сваёй малой радзіме. Бацька яшчэ пры Польшчы трапіў у акружэнне і аказаўся ў палоне, вырвацца з якога ўдалося намнога пазней. У вайну спалілі хату, і маці з трыма дзецьмі засталася без даху над галавой.

Людзям тады дапамагала дабрата. Бедныя, самі паўгалодныя, усе падтрымлівалі адзін аднаго. Іх прытулілі ў сябе далёкія суседзі, жыллё якіх уцалела. Больш як 15 душ у адным пакоі, столькі ж — за сталом, накрыць які не было чым. Дзяліліся кожнай бульбінай, апошнім кавалачкам хлеба. Адзіная карова сваім малаком выратоўвала дзяцей ад голаду. Гаспадыня налівала дзяўчынцы ў сподачак хоць кропельку, каб запіць даўкі камяк у горле. Многа год мінула, але такое не забываецца.

Спалі на падлозе. Ноччу ў цемры калі хто выходзіў на двор, то намацваў і пераступаў праз сонных людзей. Даймалі хваробы — кароста, адзёр, тыф. Як выжылі, зараз і самім не верыцца. Адзінай падтрымкай быў конь, якім дапамагалі апрацоўваць зямлю аднавяскоўцам, цягалі малатарню ці звозілі снапы. Атрыманыя ў падзяку хлеб ці жменя жыта і былі іх сняданкам або вячэрай.

З цяжкасцямі, але адбудаваліся пасля вайны, мірнае неба дадавала веры ў лепшае. Вярнуўся бацька, пасталелі браты, сустрэўся каханы чалавек.

У іх нарадзілася пяцёра дзяцей. Старэйшы сын Васіль служыў у Афганістане. Як трывожна было ў той час, але дзякуючы малітвам, вярнуўся жывым. Далей лёс закінуў яго ў Мурманск, адкуль цяпер ідуць частыя паштоўкі на радзіму. Мікалай і Марыя асталяваліся ў Лунінцы, Таццяна — у Мінску.

Намнога пазней за старэйшых нарадзілася Тамара, з-за чаго бацькі не пакінуты без увагі — жывуць на адным падворку. Ужо ў больш сталым узросце Соф’я Васільеўна і Марк Карпавіч пабудавалі побач вялікі драўляны дом. У прасторных пакоях ладзілі вяселлі і провады ў армію. Цяпер там жыве дачка — яе дзеці Даша і Сафійка любяць бавіць час з бабуляй і дзедам, якія вярнуліся ў стары — туды, дзе некалі пачыналася іх сямейнае шчасце.

Не ведаючы, ці радавацца, ці засмучацца ад гэтага, але старэйшыя Яскевічы так і не дачакаліся ўнукаў-хлопчыкаў. Ва ўсіх дзяцей нарадзіліся дзяўчынкі, якіх зараз дзевяць. Больш наладзілася сітуацыя з маленькімі праўнукамі — паявіліся Ілья і Марк. Даць імёны старэйшых — нашчадкам, яшчэ адна магчымасць прызнацца ім у бязмежнай любові і павазе. Хаця і так яны ўсе імкнуцца сказаць сваім родным галоўныя словы.

Дзецям Соф’і Васільеўны і Марка Карпавіча пашанцавала вырасці ў цудоўнай сям’і. Яны ніколі не чулі сваркі і лаянкі, бо паміж старэйшымі склаліся вельмі цёплыя адносіны ўзаемаразумення. З іх бралі прыклад знаёмыя, крышачку зайздросцілі тыя, хто не знайшоў свайго сямейнага шчасця. Прасілі падзяліцца сакрэтам, дзякуючы якому ўдалося пражыць у згодзе да залатога юбілею.

Але яны самі не ведаюць, у чым той сакрэт. Магчыма, як прынята гаварыць у маладых, сышліся характарамі. Ці проста ўмелі выслухаць і зразумець, не даючы волі эгаізму і ганарлівасці. А можа і сапраўды ім свяціла зорка кахання — шчырага, чыстага, вернага!

Калі цяпер Яскевічы азіраюцца на пражытае, то самым цяжкім у ім было ваеннае дзяцінства, затым больш сіл патрабавалася для працоўных абавязкаў, калі жонка ўвесь час была даяркай. Толькі ў апошнія тры гады перад выхадам на адпачынак паспела асвоіць машыннае даенне. Амаль кожны дзень нехта з малых ехаў у летні лагер ці ішоў разам з маці на ферму, каб дапамагчы справіцца з кармленнем жывёлы. Муж, пакінуўшы трактар, стаў слесарам на ферме, таксама ніколі не ведаючы святаў і выхадных.

Дома была вялікая гаспадарка — карова, свінні, куры. Доўга трымалі каня, дзякуючы якому ажыццяўлялася апрацоўка агарода і перавозка грузаў. Пазбавіцца ад яго, на жаль, прымусілі хваробы.

Невялікая аддаленасць ад вёскі — з хаты відаць ферму, вуліцу і цэнтральнае перакрыжаванне дарог — дадала нязручнасцей, калі праводзілі прыродны газ. Іх палічылі хутаранамі, бо знак з абазначэннем населенага пункта стаіць на некалькі дзясяткаў метраў бліжэй да цэнтра, чым іх хата. Не дапамаглі пісьмы ў розныя інстанцыі — іх пакінулі за межамі цывілізацыі, прапанаваўшы правесці газ за свой кошт. Было крыўдна, суседзі маюць льготы, а яны — не.

Але тут не холадна ў хаце, нягледзячы ні на што. Акрамя дроў, на якія парэзалі старыя пабудовы ў двары, грэе шчырасць сэрцаў і цяпло сямейных адносін. Не змаўкае надоўга тэлефон — нехта з нашчадкаў абавязкова захоча пачуць родныя галасы і набярэ знаёмы нумар.

Калі, дзякуючы сонцу, паднімецца разнатраўе, распусцяцца дрэвы і кусты, іх хата на ўсё лета схаваецца ў гэтай шчодрай зеляніне. Птушкі гаманлівай чарадой апусцяцца на бярозы, каб звіць свае гнёзды. Нібыта бяручы прыклад з людзей, якія стварылі дружную сям’ю — адзін раз і назаўсёды.

 

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.