Школьны бізнес

школьный бизнесНа працягу 7 год клапатлівымі рукамі вучняў Язвінскай СШ вырошчваецца расада кветак, частка якой ідзе на продаж. Старанна дапамагаюць упрыгожыць наваколле сёлетнія выпускнікі Павел МАРЦІНКОЎСКІ, Уладзіслаў ПЯСОЦКІ і Андрэй ГАРАДКАВЕЦ.

У Язвінскай СШ добра ведаюць, як зарабіць на гэтым своеасаблівым тавары не адзін, а некалькі мільёнаў рублёў. Цяпліца ў школе — не толькі частка навучальнага працэсу, але і нядрэнны бізнес. Пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Жанны МАКЕЙЧЫК работа тут кіпіць цэлы год.

—    Усе добра ведаюць, якое зараз усюды нестабільнае становішча, — расказвае Жанна Фёдараўна. — Вырашылі паспрабаваць самастойна папоўніць школьны «кашалёк». Камунальная служба заключыла з намі дагавор на пастаўку кветак.

Работу па вырошчванню расады ў школе пачынаюць з восені. Старшакласнікі падрыхтоўваюць глебу. Таму ўжо з сакавіка ў скрынях зелянеюць расліны.

—    Калі ў сеянцаў з’яўляецца 2-3 сапраўдныя лісточкі, пачынаем пікіраваць, —  працягвае настаўніца. — Для расады адбіраем толькі добра развітыя сеянцы. З дапамогай маленькіх рыдлёвак рыхлім глебу, маем сеянец і перасаджваем яго. Важна пастарацца захаваць глебу на каранях. Саджаем глыбока. Затым спрабуем злёгку выцягнуць расліну за ліст — правяраем, ці моцна сядзіць сеянец у зямлі. Паліваем 1-2 разы на тыдзень.

Хутка кветкі высадзяць на клумбы горада. Сальвіі і цэлозіі будуць радаваць вока лунінчан і гасцей яркімі фарбамі да самай восені.

Хтосьці скажа: які толк дзецям ад цяпліцы, калі ўсё, што вырасла тут ідзе на продаж? Нічога падобнага! Галоўная задача школы — падрыхтаваць дзяцей да самастойнага жыцця, дапамагчы ім добра арыентавацца ў новых эканамічных умовах. Працуючы ў цяпліцах, хлопчыкі і дзяўчынкі набываюць бясцэнны вопыт. А паколькі ўсе яны сельскія жыхары, магчыма, скончыўшы школу, вернуцца ў родную вёску. Тады і спатрэбяцца навыкі работы на зямлі.

Марына АРЭШКА

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.