Стабільнасць — гарантыя поспеху

Каторы год запар раённую зводку па асноўных сельгасработах узначальвае калектыў СВК “Лунінскі”.

Вось і сёлета сяўбу ранніх каласавых яны закончылі першымі ў раёне. А паспрыяла таму стабільнае становішча гаспадаркі. Калі летась асноўная частка сельгаспрадпрыемстваў раёна спрацавала з мінусавой рэнтабельнасцю, “Лунінскі” атрымаў чысты прыбытак 7,5 мільярда рублёў ад унутрыгаспадарчай дзейнасці, у тым ліку 3,5 мільярда — ад рэалізацыі прадукцыі. Гэта дазволіла з восені падрыхтаваць значныя плошчы пад сяўбу яравых культур, своечасова адрамантаваць тэхніку і ў аптымальныя тэрміны весці веснавыя палявыя работы.

Усяго ў гаспадарцы раннія каласавыя пасеяны на плошчы 616 гектараў, аднагадовыя культуры — на 135 гектарах, перасеяна загінуўшага за зіму рапсу 131 гектар. Акрамя таго, на палеткі вывезена і заарана ў глебу 38 тысяч тон арганікі, што на 1 тысячу тон больш, чым прадугледжана заданнем.

Актыўна вядуцца работы па назапашванню і ўнясенню мінеральных тукаў, якіх тут набыта па патрэбе. Паклапаціліся ў гаспадарцы і пра аднаўленне насеннага матэрыялу. У прыватнасці, набылі суперэліту трыцікале, эліту ячменю, пшаніцы і гароху палявога. Заклалі элітныя насеннікі траў — яжы, канюшыны і рэйграсааўсянага гібрыду, апошні, дарэчы, набыты на Палескай доследнай станцыі.

Адзінае, што засмучала да нядаўняга часу, — адсутнасць дажджоў і моцныя ветры, якія выдзьмуваюць не паспеўшае ўкараніцца насенне. Затрымацца яму ў глебе ў гаспадарцы разлічваюць на прыкатванне, праведзенае на тарфяніках.

Часовую перадышку для тэхнікі, пакуль не наступіў час сяўбы цеплалюбівай кукурузы, тут таксама выкарыстоўваюць з карысцю, — паспяхова вядуць работы па пасадцы бульбы на прыватных надзелах ветэранаў працы.

Галіна КУЧЭЙКА

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.