У кожнай гульні — да перамогі

DSC04280Чэмпіянат Беларусі па футболе з удзелам каманд вышэйшай лігі стартуе 11 красавіка. Аб тым, як падрыхтаваўся да гульняў у элітным дывізіёне ФК Граніт, гутарым з намеснікам старшыні савета клуба Андрэем БАХНО.

—    Як ацэньваеце першую сустрэчу 1/4 фіналу Кубка Беларусі з мінулагоднім уладальнікам гэтага трафея — “Шахцёрам»?

—    Калі ахарактарызаваць адным словам — “чакальны” футбол. Ніхто не хацеў апераджаць падзеі, таму балельшчыкі назіралі крыху сумную тактычную гульню. У першыя 10-15 хвілін “гранітаўцы” прэсінгавалі, а потым сканцэнтраваліся на абароне. Было б цудоўна, калі б у атаках на апошніх хвілінах Дзмітрый Ігнаценка забіў гол, аднак гэтага не адбылося. Будзем настройвацца на сустрэчу ў гасцях. Пакуль каманда не зусім сыграная, некаторыя ігракі прыбылі зусім нядаўна і яшчэ не гатовыя.

—    Ведаю, што за матчам вы сачылі разам са старшынёй асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола» Сяргеем Румасам. Ці спадабалася яму гульня?

—    Кіраўнік АБФФ станоўча ахарактарызаваў інфраструктуру спартыўнага аб’екта. Прыемна было бачыць, з якім захапленнем ён сачыў за атакуючымі дзеяннямі нашай каманды. Безумоўна, балеў за “гранітаўцаў”.

—    На сённяшні дзень ФК “Граніт» укамплектаваны цалкам?

—    Практычна, да. Хіба што 1-2 абаронца трэба яшчэ пашукаць. Да пачатку чэмпіянату ёсць яшчэ час. Зорак у нашай камандзе няма, але ёсць патэнцыял. На жаль, у гэтым сезоне вароты не зможа абараняць Арцём Гамялько (па стану здароўя). У нядзельным матчы надзейнасць прадэманстраваў Ігар Хамляк. Але ў нас ёсць яшчэ Ілья Гаўрылаў. Так як ён былы ігрок “Шахцёра”, то галоўны трэнер Сяргей Бароўскі папрасіў, каб у кубкавых сустрэчах ён не ўдзельнічаў. Мы згадзіліся.

—    А што з дублем?

—    Зараз ідзе камплектаванне. Дзеля папулярызацыі і развіцця футбола на Лунінеччыне вырашылі, што касцяк каманды складуць менавіта мясцовыя жыхары. Да таго ж яны прадставяць раён у абласным чэмпіянаце. З імі будзе працаваць трэнер з Мінска.

—    Вы атрымалі адтэрміноўку па ліцэнзіраванню ў часці дзіцяча-юнацкіх каманд. Як плануеце вырашаць гэта пытанне?

—    Гэта сапраўды праблема. Стадыён у Мікашэвічах перадаюць нам. Месца для трэніровак ёсць. А вось сфарміраваць каманды з 18-ці і 19-гадовых юнакоў складана. Маладыя людзі гэтага ўзросту звычайна служаць у арміі ці выязджаюць на вучобу ў іншыя гарады. Будзем думаць, як выйсці з палажэння.

—    Наколькі зручны сёлетні каляндар для “гранітаўцаў»?

—    Зразумела, што з кожнай гульнёй каманды будуць вызначацца большай сыгранасцю. Таму лепш было б з мацнейшымі сустрэцца ў пачатку сезона. Але лічу, што кожны матч будзе прынцыповым і цяжкім.

—    Кажуць, што дрэнны той салдат, які не жадае стаць генералам. А аб чым марыць у гэтым сезоне ФК “Граніт”?

—    У кожнай гульні будзем настройвацца толькі на перамогу. А як атрымаецца, пабачым. Пастараемся зрабіць усё магчымае, каб парадаваць балельшчыкаў прыгожым футболам. Спадзяемся, што на нашы гульні лунінчане будуць прыходзіць сем’ямі.

 

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.