«Вы не вейтесь, русые кудри…»

коцубаГэтая выпадкова пачутая песня на чужыне надавала сіл і веры ў лепшае лунінчаніну Івану КАЦУБА, які спаўна зведаў здзекаў у час прымусовай работы ў Германіі. Сёлета 7 сакавіка былы вязень адзначыў 91-шы год нараджэння.

Яго малая радзіма — вёска Дзятлавічы. У сям’і гадавалася васьмёра дзяцей: 6 хлопчыікаў і 2 дзяўчынкі. Якое яно — дзяцінства, абпаленае вайной? Напэўна, ва ўсіх аднолькавае: адчувалі страх, голад. Старэйшы Лука загінуў на фронце. Абараняць Айчыну адправіўся і Мікалай, які ў адным з баёў атрымаў ранение. За Іванам прыйшлі людзі ў форме. Павезлі ў Лунінец, потым на цягніках — у Брэст, Гродна. Урэшце, мінавалі Польшчу і апынуліся ў нямецкім горадзе Варэнмюрэц. Тут прысвоілі парадкавы нумар, і прызначылі на працу да немца, які валодаў вялікай сядзібай. Сярод такіх жа зняволеных аказаліся палякі, чэхі, украінцы і, што асабліва радавала, аднавясковец Міхаіл Чарнавокі. Падтрымліваць адносіны з іншаземцамі Івану давалася лёгка — да вайны паспеў закончыць 7 класаў польскай школы. За год вывучыў і нямецкую мову. З раніцы да вечара юнакі завіхаліся каля коней. “Да іх гаспадары адносіліся куды лепш, чым да нас, людзей…”, — толькі прамовіў Іван Фёдаравіч.

Спачатку дазвалялася пісаць пісьмы дамоў. Пашчасціла адзін раз нават пасылку атрымаць са жменяй сухіх чарніц. Увогуле, у ежы пераважала бручка, спаць даводзілася на матрацах. Неаднойчы хацелі збегчы, але як гэта зрабіць на справе? Днём працавалі, а ноччу не ведалі дарогі. Урэшце, паспрабавалі, ды няўдала… Іх вярнулі, прызначылі на работу да іншага баўэра. Калі праз тры гады прыйшло доўгачаканае вызваленне, дамоў дабіраліся пешшу. Праўда, са Львова ўдалося сесці на цягнік.

З чыгункай Іван Фёдаравіч звязаў далейшае мірнае жыццё. Уладкаваўся грузчыкам на станцыю, потым выконваў абавязкі стрэлачніка на горцы. У працоўнай кніжцы стракацяць запісы аб узнагароджванні. Беражліва захоўвае Ганаровую грамату райвыканкама, юбілейныя медалі. У 1947-ым ажаніўся з дзяўчынай з Ракітна. Разам з Марыяй Пятроўнай спачатку здымалі жыллё, потым атрымалі 3-пакаёвую кватэру ў Лунінцы. Нарадзілі сына і чатырох дачушак. Садкі, школы, вяселлі, провады ў армію — жыццё праляцела, як імгненне. 10 год таму Іван Фёдаравіч страціў жонку, якая вельмі хварэла. Цяпер сам радуецца 7 унукам і 8 праўнукам. Неўзабаве і прапраўнукі паявяцца. Ім і ўсім землякам старажыл зычыць моцнага здароўя, мірнага неба над галавой і доўгага веку ў пары з любімым чалавекам!

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.