Як прымірыць людзей і буслоў?

аист на столбеВясна прыносіць радасць ад сонца і цяпла. Цішыня абуджаецца галасамі птушак, якія вяртаюцца з выраю і спяшаюцца звіць свае гнёзды. Асабліва чаканымі і любімымі ў народзе заўсёды былі і застаюцца буслы — як сімвал сямейнай згоды і прадаўжэння роду.

Але часам на радзіме крылатых гасцей сустракае расчараванне. Вярнуўшыся, яны не знаходзяць свае гнёзды, якія летась звілі побач з чалавечым жыллём. Іх знішчылі людзі — тыя, каму птушкі неслі сваю дабрыню і адданасць. І такія выпадкі не адзінкавыя — масава разбураюць буслянкі на электрычных слупах работнікі электрасетак.

Свае дзеянні адказныя асобы тлумачаць тым, што з-за адходаў жыццядзейнасці буслоў адбываюцца замыканні ў правадах. Пакідаць людзей без электрычнасці таксама не выйсце — таму і вырашылі пайсці на крайнія меры. Але дазваляецца праводзіць такія работы толькі да прылёту птушак, і ніяк не ў час іх гнездавання.

Як прымірыць буслоў з людзьмі? Ці ёсць іншы, больш гуманны шлях?

— Так. Можна зрабіць спецыяльныя прыстасаванні над правадамі. Але адна такая металічная канструкцыя каштуе больш як мільён рублёў, а толькі ў адной вёсцы мы налічылі больш за сто гнёзд, — адказвае галоўны інжынер раёна электрасетак Мікалай Яроцкі. — Мы згодны прымайстраваць іх бясплатна, але дзе ўзяць сродкі на набыццё — невядома?

Адна з жыхарак Вулькі 1 прапанавала пакінуць слупы са старых ліній, якія больш не эксплуатуюцца, каб там змаглі гнездавацца птушкі. Але Мікалай Сцяпанавіч сумняваецца ў правільнасці такога рашэння:

— Людзі лічаць па-рознаму. Некаторым слупы будуць замінаць на агародах ці падворках, і яны запатрабуюць іх прыбраць. Ці ўзнікне пагроза іх падзення і нанясення пакалечанняў, што таксама недапушчальна.

Стала зразумела адно: пакуль няма адпаведнага ўказання ці закона, вырашыць праблему не ўдасца. Але і пакідаць пытанне адкрытым не выпадае — мы жывем у цывілізаванай краіне, шануем сваю гісторыю і духоўнасць, і павінны ганарыцца такім суседствам з птушкамі. Балоцістая мясцовасць Палесся прыцягвае буслоў, гнёзды амаль на кожным слупе ў Кажан-Гарадку, Лобчы, Вульцы 1 і некаторых іншых вёсках раёна сталі іх адметнасцю, візітнай карткай. Задача людзей — знайсці выйсце ў гэтай сітуацыі, каб нікому не нанесці шкоды.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.