Дарыць дзяцінству дабрыню

main_bigНа базе ЦДТ адбылася творчая справаздача 28 маладых спецыялістаў першага і другога гадоў работы ўстаноў адукацыі Лунінеччыны.

Разам са старэйшымі калегамі ўдзельнікі прэзентавалі сваё бачанне дзейнасці, расказалі аб поспехах і праблемах, дасягненнях і творчых знаходках. Увогуле, 2014-2015 навучальны год для гэтай катэгорыі педагогаў прайшоў прадукцыйна. Лаўрэатамі раённага этапа абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны” сталі Вольга Сайко з Дварэцкай яслі-сад-СШ і Святлана Астапчык з СШ №4 г. Лунінца (абедзве выкладаюць англійскую мову), Аксана Рыбчынская СШ №1 г. Лунінца (хімія), а таксама намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Краснавольскай яслі-сад-СШ Вольга Бондар. У тройку прызёраў гэтага спаборніцтва ўвайшлі Таццяна Ярмольчык з Дубаўскай СШ (беларуская мова і літаратура), Анастасія Канановіч з СШ №2 г. Мікашэвічы (хімія) і Сяргей Карпец з СШ №2 г. Лунінца (тэхнічная праца).

Паспяхова педагогі ўдзельнічалі ў раённай канферэнцыі “Удасканаленне якасці адукацыйнага працэсу ў сучаснай школе: тэорыя, практыка, аналіз, ацэнка”. Яе дыпламантамі прызнаны прадстаўніцы СШ №2: г. Мікашэвічы — Анастасія Канановіч (хімія), г. Лунінца — Крысціна Міхайлоўская (англійская мова).

Не ігнаравалі маладыя спецыялісты і іншыя шматлікія мерапрыемствы, у тым ліку абласных і рэспубліканскіх узроўняў. Пры гэтым прыносілі ў скарбонку дасягненняў мноства дыпломаў. Найбольшую іх колькасць прэзентавала педагог дадатковай адукацыі ЦДТ Вольга Цяльпук.

Усе ўдзельнікі справаздачы атрымалі Падзячныя лісты, памятныя стужкі і кветкі ад раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Прыемна, што ў Год моладзі нашы педагогі займаюць годную пазіцыю!

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ

Add Comment

Войти с помощью: