Фотаздымкі радасці і болю

рита соцУ сямейным альбоме вельмі многа фотаздымкаў з маленькой Рытай. Пачынаючы з ганка раддома, адкуль дарагі пакуначак трапіў у рукі клапатлівага таты. Потым малую купалі, апраналі ў квяцістыя ўборы, дарылі прыгожыя цацкі. Усе падзеі занатаваны ў каляровым варыянце, нібыта бацькі нават у такіх дробязях імкнуліся бачыць усё добрае і светлае. На жаль, часам жыццё прапаноўвае свае, больш змрочныя, фарбы…

Лунінчанка Людміла СОЦ пазнаёмілася з будучым мужам Аляксандрам у Міжлессі. Туды яе накіравалі на працу пасля заканчэння Мінскага педагагічнага каледжа. Дзяўчына імкнулася перадаць вучням свае веды ў роднай мове, навучыць іх палюбіць усю яе мілагучнасць і прыгажосць. Вольны час праводзіла сярод цудоўных краявідаў аддаленай вёскі. Не дзіўна, што сустрэча з мясцовым хлопцам паступова аказалася лёсавызначальнай, і хутка маладыя трымалі ў руках новенькае пасведчанне аб рэгістрацыі шлюбу.

Здавалася, наперадзе будуць толькі радасць і бесклапотнасць. З нецярпеннем чакалі паяўлення першынца. Цяжарнасць праходзіла на дзіва лёгка. Але як толькі Рытка паявілася на свет, у яе адразу выявіліся праблемы са здароўем.

Доўга дактары не маглі паставіць правільны дыягназ. Спатрэбіліся паездкі ў абласныя і сталічныя цэнтры, але лячэнне не давала станоўчых вынікаў. Аслабіўся імунітэт ад вялікай колькасці прымаемых медыкаментаў, і дзіця пастаянна хварэла на прастуду і запаленне лёгкіх. Здаралася, раніцай іх выпісвалі дадому, а вечарам “Хуткая” вязла назад.

З часам выявілі, што прычына крыецца ў малазразумелай для простага чалавека генетыцы і храмасомах. На жаль, такія захворванні назусім вылечыць немагчыма, але як адрэагуе асобна ўзяты арганізм, не ведалі самыя адукаваныя спецыялісты. Некаторыя давалі змрочныя прагнозы, іншыя — абнадзейвалі.

Дарослыя мужна змагаліся за дачушку. Бальніцы, аздараўленчыя і рэабілітацыйныя цэнтры, зноў бальніцы… I, нягледзячы ні на што, новыя яркія фотаздымкі дадаваліся ў сямейны альбом. Вера ў немагчымае дапамагала жыць. Калі малой споўнілася 5 год, задумаліся пра папаўненне. Другая цяжарнасць праходзіла з трывогай, але Дашка, дзякуй Богу, нарадзілася здаровай.

Зараз малодшая рыхтуецца стаць першакласніцай, Рыце — 12 год. Яна займаецца ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Гэта высокая, хударлявая дзяўчынка, якая цікавіцца ўсім новым і незнаёмым. I беспамылкова вызначае, хто ідзе да яе з адкрытым сэрцам, а каму няварта выказваць свой давер. Сама ніколі і нікога не пакрыўдзіць.

Затрымка псіхамоўнага развіцця паўплывала на тое, што Рыце цяжка размаўляць. Толькі асобныя словы, і то па складах. Але родныя добра яе разумеюць. Знайшлі сцяжынку да думак і пачуццяў сваёй падапечнай выхавальнікі і педагогі, якім вельмі ўдзячны Людміла і Аляксандр. Акрамя заняткаў з выхаванцамі, у цэнтры праводзяцца мерапрыемствы для бацькоў асаблівых дзетак, якім такая падтрымка бывае вельмі неабходнай. А калі па святах праводзяцца вясёлыя конкурсы і спартландыі з удзелам дарослых, радасці ў Рыты і яе сяброў проста няма межаў.

Соцы любяць усёй сям’ёй ездзіць на рыбалку, летам часта адпачываюць на беразе рэчкі ці возера. Спакой і размеранасць знаходзяць на дачы, пад якую нядаўна купілі домік у вёсцы. Цеснавата ім стала ўчатырох у аднапакаёвай кватэры, але жыллёвае пытанне пакуль не вырашана.

Людміла сумуе па школе. Аддаючы сілы і час на догляд за Рытай, жанчыне не хапае любімай работы. Але і сумяшчаць абавязкі не атрымаецца, бо дачушку нельга пакідаць адну. А яшчэ ёй неабходны частыя праверкі ў розных медустановах, куды яны таксама ездзяць разам.

Калі маленства старэйшай занатавана на фотаздымках у альбоме, то зараз летапіс сям’і знаходзіцца больш у электронным варыянце. Ад гэтага страчваецца магчымасць сесці ў цішыні пакоя і разгарнуць крышачку пажаўцелыя старонкі, каб вярнуцца ў мінулае. I хаця яно было нялёгкім, але бацькі ніколі не падалі духам. Тым больш, што Рыта не любіць слёз. I калі часам нешта накочваецца на горла і вочы, дарослыя трымаюцца з усіх сіл, каб не хваляваць дзяўчынку. З-за такой неабходнасці яны становяцца больш вытрыманымі і мужнымі.

Калі адзначаюць дні нараджэння, то абавязкова збіраюцца ўсе разам за адным сталом. Тады рыхтуецца смачнае печыва, якім Рыта любіць частаваць тату і дзядулю. На вуліцы шчодра дзеліцца прысмакамі з дзецьмі, корміць катоў і птушак. Яе дабрыня быццам льецца праз край, кожнай кропелькай адорваючы іншыя сэрцы, дапамагаючы людзям лепш зразумець, што такое шчырасць і любоў.

З ранняга дзяцінства жаданай цацкай была лялька. А яшчэ — гумавыя каровы і Карлсаны. Малая ведала магазіны, дзе тыя прадаваліся, і цягнула туды дарослых. Самымі рознымі выявамі мультымедыйных “Машы і мядзведзя” дзяўчынка цікавіцца зараз. Гэта і малюнкі ў кнігах і часопісах, і яркія ўпакоўкі на таварах.

Рыта моцна трымаецца за руку мамы. Гэта дапамагае пераадольваць цяжкасці, пра якія яна не можа расказаць, але якія часам вельмі хвалююць маленькае сэрца. Не менш балюча бывае і маме.

Людміла згадзілася расказаць гісторыю іх сям’і, каб хоць крышачку падтрымаць іншых людзей, якія сутыкнуліся з падобнымі праблемамі. Каб тыя ведалі, што яны не адны на свеце са сваёй бядой. Асабліва страшна спачатку, калі хвароба дзіцяці толькі прыходзіць у дом, і невядома, як з ёй змагацца, дзе шукаць выйсце. Жанчына раіць трымацца. Як бы горка ні было — хаваць свае слёзы. Таксама як яна імкнецца не паказвацца заплаканай сваёй Рыце.

А калі стане сумна, адкрыць альбом з каляровымі фотаздымкамі. Хоць твары на іх не заўсёды вясёлыя, але жыццё часам нельга перайначыць, і варта прыняць яго такім, як ёсць.

 

Марыя ЯРАХОВІЧ

Add Comment

Войти с помощью: