Галоўнае — клопат аб працаўніках

Лунінеччыну на VII з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў прадстаўляў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар ГАПОН.

Удзельнічаць у такім высокім форуме, дзе прысутнічала больш як 500 чалавек, сярод якіх кіраўніцтва краіны, міністэрстваў і буйных прадпрыемстваў для мяне было вельмі ганарова. Думаў, што гэта будзе звычайнае афіцыйнае мерапрыемства, накшталт, паслухалі, прынялі неабходныя рашэнні і разышліся. Аднак уразіла пануючая на ім дзелавая абстаноўка, у ходзе якой закраналіся вельмі важныя пытанні, што датычылі розных сфер дзейнасці прафсаюзаў. Гэта захаванне працоўнага заканадаўства і сацыяльнай справядлівасці, ахова працы і абарона правоў работнікаў…

Перад пачаткам пасяджэння дэлегаты пабывалі на абноўленым Кургане Славы. Як адзначыў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, нягледзячы на кароткія тэрміны прафсаюзы правялі маштабную рэканструкцыю гістарычнага аб’екта напярэдадні святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі. І, трэба сказаць, выглядае ён унушальна. Узведзены стараннямі ўсяго савецкага народа ў 1966-ым на месцы жорсткіх баёў, ён утрымлівае жмені зямлі з усіх 15 краін былога Савецкага Саюза і з’яўляецца яскравым напамінам нашчадкам аб падзеях лета 1944 года. Менавіта тут была разбіта 105-тысячная групоўка гітлераўскіх войск. Гэтая падзея ўвайшла ў гісторыю як “Мінскі кацёл”. Адсюль пачалося імклівае наступление савецкіх войск па вызваленню ад нямецкай навалы ўсёй Еўропы.

Выступленне Прэзідэнта краіны ўразіла сваёй шчырасцю, разуменнем праблем прафсаюзнага руху і падказкай шляхоў да іх вырашэння. Аляксандр Лукашэнка па праву назваў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі самай масавай і аўтарытэтнай грамадскай арганізацыяй, якая аб’ядноўвае ў сабе больш як 90 працэнтаў эканамічна-актыўнага насельніцтва краіны. Аднак заспакойвацца на гэтым няварта. Прафсаюзныя арганізацыі неабходна пашыраць за кошт менш актыўных працаўнікоў. На жаль, у нас на Лунінеччыне таксама ёсць выпадкі, калі членамі прафсаюза не з’яўляюцца нават некаторыя прадстаўнікі адміністрацыі, не тое, што звычайныя рабочыя і служачыя. Прымушаць іх уступаць у арганізацыю ніхто не будзе, аднак, не з’яўляючыся членамі прафсаюза, яны страчваюць права карыстацца сацыяльнымі пакетамі, замацаванымі калектыўнымі дагаворамі. Кіраўнік дзяржавы паднімаў таксама праблему неабароненасці работнікаў, якія працуюць у прыватных структурах. Гэтым людзям таксама неабходна гарантаваць сваю падтрымку. Пастаўлена задача да 2016 года аб’яднаць іх у прафсаюзныя арганізацыі. Работа ў гэтым напрамку будзе абавязкова весціся і ў нас на Лунінеччыне, без увагі не пакінем ні прыватныя прадпрыемствы, ні фермерскія гаспадаркі.

Агучыў Прэзідэнт і праблему спаду вытворчасці, якая пацягнула за сабой скарачэнне працоўных рэсурсаў. Маўляў, не сёння, заўтра крызіс мінуе, і ў эканоміцы ўсё наладзіцца. Хто ж застанецца працаваць пры нарошчванні выпуску прадукцыі, калі на прадпрыемствах скарачаюць маладых актыўных спецыялістаў і работнікаў? Нагадаў ён і пра тое, што Дэкрэт №5 не толькі дае значныя правы кіраўнікам, але і патрабуе ад іх весці вытворчасць на высокім узроўні. Не спраўляешся — пакідай яе. Гэта датычыць і выпадкаў, калі людзей звальняюць за любую правіннасць, часам забываючы, што існуюць больш мяккія меры пакарання, напрыклад, вымова ці пазбаўленне прэмій. Калі бачыце, што вас спрабуюць звольніць беспрычынна, не спяшайцеся пісаць заяву на звальненне па дамоўленасці бакоў, а звяртайцеся ў прафсаюзныя камітэты, якія павінны адстойваць вашы правы.

Прафсаюзам трэба ўзяць пад кантроль вымушанае скарачэнне людзей. Сярод жадаючых працаваць не павінна быць беспрацоўных, іх неабходна навучаць праз цэнтры занятасці новым запатрабаваным прафесіям. У той жа час, каб намаганні прафсаюзаў не распыляліся, Прэзідэнт рэкамендаваў на бліжэйшы час вызначыць 5-6 накірункаў, якім і аддаць перавагу ў сваёй дзейнасці. Яны і былі пазней замацаваны ў пастановах з’езда. Асноўныя з іх — павышэнне ўзроўню і якасці жыцця працоўных, забеспячэнне поўнай і прадуктыўнай занятасці, годнай заработнай платы, сацыяльнай абароненасці членаў прафсаюзаў; забеспячэнне ўстойлівага развіцця нацыянальнай эканомікі; прававая абарона працоўных і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў; развіццё навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, спорту, турызму, замацаванне здаровага ладу жыцця; ахова працы; арганізацыя і кадравае ўмацаванне прафсаюзаў.

Прэзідэнт рэкамендаваў таксама спыніць перадачу сацыяльных аб’ектаў, якія належаць прадпрыемствам і арганізацыям, на баланс выканкамаў. У гэтым прафсаюзы павінны праявіць сваю настойлівасць.

Не абышоў сваёй увагай кіраўнік дзяржавы і многія іншыя праблемы нашага грамадства. Імпанавала, што лейтматывам усяго выступлення Аляксандра Лукашэнкі быў клопат пра чалавека працы. І гэта —    галоўнае.

Запісала Галіна КУЧЭЙКА

Add Comment

Войти с помощью: