Клубнічны рынак

клубничный рынокДварэц — месца масавай закупкі клубніц на Лунінеччыне — вядомы далёка за межамі нашага раёна. На клубнічны кірмаш звычайна з’язджаюцца нарыхтоушчыкі не толькі з розных куткоў Беларусі, але і Расіі.

Раней гандаль ажыццяўляўся ўздоўж аўтадарогі Кобрын — Гомель і прылягаючай на Бродніцу. Гэта не толькі стварала дарожную небяспеку, але і не лепшым чынам адбівалася на санітарным стане навакольнага асяроддзя. Для ўпарадкавання гандлю было вырашана стварыць рынак на спецыяльна адведзенай тэрыторыі. За справу ўзяўся індывідуальны прадпрымальнік Ігар Пракаповіч.

Тэрыторыя плошчай 700 квадратных метраў заасфальтавана, агароджана, адведзены месцы пад кантэйнерныя пляцоўкі. Адміністрацыйны будынак патрабуе яшчэ ўнутранай аддзелкі, у стадыі будаўніцтва — туалеты. Вядзецца добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі і падсыпка дарогі (трэба спадзявацца, што яна будзе прыдатная не толькі для аўтамабіляў, але і для веласіпедыстаў).

Усё гэта назіралі ўдзельнікі нарады, на якой разглядалася пытанне па стварэнню ўмоў і арганізацыі нарыхтоўкі суніц садовых у аграгарадку Дварэц. Намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч адзначыў, што неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб работа рынку была максімальна зручнай для людзей. Мяркуецца, што працаваць ён будзе з 6.00 да 22.00. Рэкамендавана ўстанавіць на ўездзе ўказальныя знакі, на тэрыторыі наладзіць гандаль безалкагольнымі напіткамі, марожаным і прысмакамі. Тыя, хто прыедзе здалёку, на месцы змогуць адзначаць свае камандзіровачныя пасведчанні.

Ігар Пракаповіч агучыў сумы, якія давядзецца плаціць нарыхтоўшчыкам: за легкавы аўтамабіль з прычэпам і мікрааўтобус — 150 тысяч рублёў, за грузавы аўтамабіль — 250 тысяч. Ён жа расказаў, што ў адміністрацыйным будынку прадаставяць месцы для ўсіх службаў, якія будуць ажыццяўляць кантроль і сачыць за парадкам. Выдатна было б, каб і фітасанітарныя сертыфікаты выдавалі тут жа. Аднак, пакуль станоўчы адказ на гэтае пытанне прадстаўнік інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Віктар Краўчанка не даў. Ён удакладніў, што патрабуецца дэталёва разгледзець некаторыя аспекты і заручыцца падтрымкай вышэйстаячага кіраўніцтва.

Было адзначана, што цяпер для вывазу ягады ў Расійскую Федэрацыю патрабуецца маркіроўка кожнай скрыні з указанием наступных дадзеных: назва прадукта — суніцы садовыя, краіна паходжання — Рэспубліка Беларусь, экспарцёр — прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас. Што датычыць фізічных асоб — жыхароў нашай краіны, якія мяркуюць прадаваць ягаду, ім дастаткова ўзяць даведку ў сельвыканкаме, індывідуальным прадпрымальнікам — закупачную ведамасць. Мяркуецца, што яе змогуць выдаваць не толькі сельвыканкамы, але і адміністрацыя рынку.

Нарыхтоўка клубніц у Дварцы цяпер будзе ажыццяўляцца толькі на рынку. На ўсе сігналы па закупу ў іншых месцах будзе аператыўна рэагаваць міліцэйская служба. У гэтым запэўніў намеснік начальніка РАУС Ігар Жук.

Зразумела і тое, што бабулек з вядзерцамі ад трасы ніхто выганяць не будзе. Для іх установяць гандлёвыя столікі побач з міні-кафэ.

Што датычыць астатніх населеных пунктаў раёна, то там нарыхтоўка будзе ажыццяўляцца ў тых месцах, дзе і летась. Праязджаючы па Новадворскай дарозе, заўважылі, што тут могуць узнікнуць праблемы. Справа ў тым, што ў двух месцах перакапаны пад’езды да пляцовак, дзе раней размяшчаліся нарыхтоўчыя машыны. Дарожнай службе рэкамендавана выправіць сітуацыю ў бліжэйшыя дні і часцей грэйдзіраваць гэтую дарогу.

Трэба спадзявацца, што чарговы клубнічны сезон будзе паспяховы для здатчыкаў, нарыхтоўшчыкаў і перапрацоўшчыкаў.

 

Add Comment

Войти с помощью: