“Не было каму скардзіцца”

Ostarbeiter-Abzeichen-gutНабліжаецца да 90-годдзя Максім ГРЫНЕВІЧ з Дрэбска, і усё часцей вясковец прыгадвае аб цяжкім жыццёвым шляху.

Ён быў падлеткам, калі пачалася вайна. На другі год акупацыі хлопца прымусова вывезлі ў Нямеччыну. Стараста склаў спіс, куды ўключыў да 60-ці прозвішчаў. Вось і вымушана была сям’я развітацца са старэйшым сынам, каб захаваць малодшых — яго чатырох брацікаў і сястрычку. Сабралі тое, што было загадана, — асабістыя рэчы (кашулі, штаны), харчы на дарогу. Едучы з землякамі, адчуваў сябе лепш сярод аднавяскоўцаў, але ўпэўнены: быў бы крыху старэйшым — абавязкова здзейсніў уцёкі…

15-гадовага хлопца прызначылі на працу да баўэра. Быццам знаёмымі былі сялянскія заняткі, але адна справа рабіць на сябе, другая — на гаспадара… У 5 гадзін раніцы даглядаў жывёлу на сядзібе, а пасля ехаў на палеткі. Тры гады вывозіў гной, садзіў бульбу і збожжа, капаў, палоў, збіраў ураджай.

— Як толькі здужаў усё вытрымаць?.. — і сёння слёзы наварочваюцца на вочы старога. — Але куды дзенешся? Сціснеш зубы — і працуеш. Не было каму скардзіцца…

Зняволеных, ці “остарбайтэраў”, як іх называлі па-нямецку, вызвалілі савецкія войскі. Па волі лёсу, менавіта ў маі 1945-га Максім страціў бацьку. Яго імя ўвекавечана ў кнізе “Памяць. Лунінецкі раён”: “Радавы стралок Нічыпар Трафімавіч Грыневіч загінуў 03.05.1945, пахаваны ў г.Волін (Германія)”.

Сын даведаўся аб гэтым, калі вярнуўся дамоў. Дарэчы, хутка быў прызваны на тэрміновую службу. Нікога не хвалявала, што немцы забралі каня і ўсю жывёлу, што маці застаецца адна з малымі дзецьмі… Усё ж пасля зваротаў гаротнай жанчыны пайшлі ёй насустрач — Максім вярнуўся з арміі раней, чым аднагодкі.

Дапамог маці паставіць на ногі братоў і сястру. У нашых мясцінах заўсёды быў дэфіцыт рабочых месцаў. Адзін з братоў працаваў у Ленінградзе, дзе і застаўся, другі — асталяваўся ў Лунінцы. У памяці Максіма Нічыпаравіча жывуць і тыя, хто завяршыў ужо зямны шлях…

Аксана Астапчык,
вучаніца 11 А класа
Лунінецкай гімназіі.

Add Comment

Войти с помощью: