Не дапусціць бяду

1 студзеня 2015 года ўступіў у сілу Дэкрэт №6 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў”. Аб першых выніках правапрымяніцельнай практыкі дакумента разважаюць член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна УДАВЕНКА, старшыня суда Міхаіл ДЗЕНІСОВІЧ, пракурор Аляксандр КАРЛЮК, начальнік раённага аддзела Следчага Камітэта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый ЛІРА.

вдовенко1Удавенка. Сёння ніхто не сумняваецца ў тым, наколькі своечасовы Дэкрэт №6. Без перабольшвання можна сказаць, што наркотыкі пагражаюць не толькі здароўю, але і жыццю беларускіх грамадзян, ствараюць рэальную пагрозу дэмаграфічнай бяспецы нацыі. Менавіта таму сенатары аднадушна падтрымалі прыняцце гэтага дакумента. I сёння вельмі важна растлумачыць людзям, што за набыццё, перавозку, захоўванне і распаўсюджванне атруты прадугледжана жорсткае пакаранне. У ходзе абмеркавання Дэкрэта многія законатворцы сышліся ў меркаванні, што ўпушчаны вельмі важны накірунак барацьбы з наркаманіяй — прафілактычная работа. Вось чаму ў дакуменце вялікая ўвага надаецца якраз папярэджванню злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў. Што датычыць тых, хто ўжо трапіў у атрутную пастку, то для іх плануецца стварыць цэлую сетку асобных выпраўленчых устаноў і спецыялізаваных лячэбна-працоўных прафілакторыяў з вельмі строгімі нормамі і правіламі ўтрымання.

лираЛіра. Уся бяда ў тым, што наркотыкі сталі больш даступнымі, у тым ліку і дзякуючы сучасным сродкам сувязі і зносін. Да таго ж, на змену традыцыйным опіуму і марыхуане прыйшлі сінтэтычныя — “спайсы”, “міксы”, “маркі”… Доўгі час яны ўвогуле не лічыліся наркотыкамі і знаходзіліся па-за межамі правапрымяніцельнай практыкі. Зараз сітуацыя кардынальна памянялася. Зако натворцы разам з праваахоўнікамі распрацавалі механізм дакладнага вызначэння новых псіхатропаў і аператыўнага ўключэння іх у спіс забароненых, што дазваляе злачынцаў, якія займаюцца іх незаконным абаротам, прыцягваць да адказнасці па ўсёй строгасці закона.

Між тым, расследаванне такіх спраў дастаткова складанае. Сёння няма збыту атруты ў традыцыйным яго разуменні “прадавец — грошы — пакупнік”. Для рэалізацыі забароненых рэчываў актыўна выкарыстоўваецца інтэрнэт. Менавіта таму Дэкрэтам ускладзены абавязкі на ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў аналізаваць іх змест, не дапускаць выкарыстання з мэтай незаконнага распаўсюджвання наркатычных сродкаў. Адначасова ўведзена абавязковая ідэнтыфікацыя электронных кашалькоў, створаных у электронных плацёжных сістэмах, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Больш жорсткай стала крымінальная адказнасць за злачынствы падобнага кшталту. Так, з 13 да 15 год павялічаны максімальны тэрмін пазбаўлення волі за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў пры абцяжарваючых абставінах (напрыклад, учыненае групай асоб ці з выкарыстаннем асабліва небяспечных рэчываў і ў буйным памеры). За збыт атруты непаўналетняму можна “зарабіць” 15 год (раней — 8). Дзеянні, звязаныя з рэалізацыяй наркотыкаў арганізаванай групай, караюцца тэрмінам да 20 год (раней — 15), выраб псіхатропаў у лабараторных умовах — да 20 год (раней — 8). Калі ж пасля ўжывання наркотыку наступіла смерць чалавека, то гэта прыроўніваецца да асабліва цяжкага злачынства і караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да 25 год.

Адначасова ўзмоцнены і меры адміністрацыйнай адказнасці. Так, паяўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’янення можа “пацягнуць” на штраф у памеры да 10 базавых велічынь. Непрыняцце індывідуальным прадпрымальнікам ці юрыдычнай асобай мер па недапушчэнню на дыскатэках, у культурна-забаўляльных установах ужывання наркотыкаў ці іх збыту пагражае штрафам у памеры да 50 базавых велічынь.

Выяўленнем фактаў незаконнага абароту наркатычных і псіхатропных рэчываў на Лунінеччыне займаецца спецыяльная група, створаная ў РАУС. Яна актыўна працуе і арыентавана, перш за ўсё, на ліквідацыю каналаў паступлення атруты ў раён. У тым ліку, з-за мяжы. Сёння ўстаноўлена адказнасць не толькі за, так бы мовіць, унутраную, але і трансгранічную наркатычную злачыннасць, нават пры адсутнасці прыкмет кантрабанды. Сёлета закончаны вытворчасцю 3 крымінальныя справы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. Галоўныя фігуранты знаходзяцца пад вартай. У гэтым сэнсе адчуваем рэальную падтрымку пракурора, які падзяляе наша перакананне ў тым, што абавязковай мерай для такіх падазраваемых з’яўляецца змяшчэнне ў следчы ізалятар. Больш таго, разам з пракуратурай плануем правесці некалькі паказальных выязных арыштаў, якія могуць стаць перасцярогай для многіх аматараў уступіць у канфлікт з законам. Асабліва актуальна гэта ў маладзёжным асяродку.

карлюкКарлюк. Пракуратура, як вядома, з’яўляецца наглядным органам, але ў справе супрацьстаяння незаконнаму абароту наркотыкаў мы не толькі рэкамендуем, але і самі актыўна ўключыліся ў прафілактычную работу: ідзем у навучальныя ўстановы, працоўныя калектывы, праводзім шматлікія праверкі, выступаем у сродках масавай інфармацыі і г.д. Тым больш, што падстаў для гэтага шмат. За два апошнія гады на тэрыторыі раёна ўчынена 99 злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных рэчываў, 22 — з іх рэалізацыяй. I, што трывожыць асабліва, галоўнымі фігурантамі 12 спраў сталі непаўналетнія. Менавіта таму асноўная мэта Дэкрэта №6 — максімальна актывізаваць намаганні дзяржаўных органаў, устаноў адукацыі, аховы здароўя, саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, добраахвотных дружын, грамадскіх аб’яднанняў у справе супрацьстаяння распаўсюджванню наркотыкаў, асабліва ў маладзёжным асяродку. Зусім нядаўна мы правялі праверку ў некалькіх установах адукацыі. Нягледзячы на тое, што на ўліку ў нарколага знаходзяцца 42 падлеткі, работа з імі фактычна не праводзілася. Практычна неабароненымі застаюцца і іншыя дзеці. Выдалі педкалектывам і іх кіраўнікам прадпісанні з дакладным указаннем усіх недахопаў. Паўторная праверка паказала, што многія выпраўлены. Аднак заспакойвацца, як разумееце, рана. За два апошнія месяцы 7 чалавек затрымана ў стане наркатычнага ап’янення ў грамадскіх месцах, трое з іх — непаўналетнія. Аператыўна распрацавалі спецыяльны план сумесных дзеянняў з міліцыяй. Пад пільную ўвагу трапілі, перш за ўсё, каледжы. Зараз праводзім праверкі ў інтэрнатах. Для гэтага ў распараджэнні супрацоўнікаў РАУС ёсць нават спецыяльна навучаны сабака. Паяўляецца шмат новых ідэй, якія плануем абмеркаваць у ходзе чарговага пасяджэння Каардынацыйнага савета. У прыватнасці, мяркуем звярнуцца за дапамогай да свяшчэннікаў. Іх размовы з падлеткамі таксама будуць мець плён. Зрэшты, растлумачальныя гутаркі трэба весці не толькі з дзетварой, але і з іх бацькамі. Калі ў адной з мікашэвіцкіх школ прапанавалі правесці медыцынскі агляд дзяцей на ўжыванне наркотыкаў, некаторыя дарослыя выступілі супраць. Між тым, яны павінны разумець, што і такі метад іншы раз можна прыняць, каб зняць пэўныя праблемы і, не выключана, засцерагчы сыноў і дачок ад большай бяды.

У будучым мяркуем не пакідаць без увагі і працоўныя калектывы. Так, да нас паступаюць прапановы ад кіраўнікоў правесці рэйды на выяўленне фактаў знаходжання ў стане наркатычнага ап’янення на рабочых месцах. Дарэчы, дагэтуль мы практычна не прымянялі арт. 61 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які дае права ставіць пытанне аб канфіскацыі аўтамабіля, на якім перавозіцца наркотык ці псіхатроп, а таксама камп’ютарнай тэхнікі і мабільных тэлефонаў, задзейнічаных у працэсе збыту забароненых рэчываў. Будзем спадзявацца, што суд нас падтрымае ў памкненні абгрунтавана прымяняць гэты артыкул у адносінах да злачынцаў.

денисовичДзенісовіч. Трэба зазначыць, што зараз зніжаны ўзрост наступлення крымінальнай адказнасці за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, з 16 да 14 год. Сёння падлеткі ў вялікай ступені знаходзяцца пад уплывам інтэрнэта. Яны стараюцца быць падобнымі на вядомых тэлегерояў, а іншы раз падражаюць лідарам у нефармальных маладзёжных групоўках. Не сакрэт, што менавіта тут яны нярэдка спрабуюць курыльныя сумесі і іншыя рэчывы, аб шкодзе якіх проста не задумваюцца. Між тым, нават перададзеная сябру цыгарэта з “траўкай” — гэта па новаму заканадаўству не што іншае, як збыт наркотыку. I зусім не мае значэння, заплаціў той за яе грошы ці не, сам учынак “цягне” на пакаранне, у тым ліку і звязанае з пазбаўленнем волі. I бацькам нярэдка варта было б ведаць, з кім сябруюць іх дзеці, тлумачыць ім, што ў сумніўнай кампаніі наркотык могуць падкінуць. Пра ўсё гэта днямі гаварыў у сельскагаспадарчым каледжы, дзе праводзілі паказальнае пасяджэнне аб накіраванні аднаго з навучэнцаў у спецустанову. У зале было ціха, слухалі ўважліва. Хочацца верыць, што такія размовы будуць мець плён.

Што да судовай практыкі, то па прымяненню новага Дэкрэта яна пакуль небагатая. У вытворчасці — адна справа. Усе астатнія злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, учынены да 1 студзеня 2015 года, а значыць, пры іх разглядзе прымяняем старое заканадаўства. Хаця, справядлівасці дзеля, варта сказаць, што і па ім пакаранні дастаткова жорсткія. З пачатку года разгледзелі 6 спраў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. Да крымінальнай адказнасці прыцягнуты 1 жанчына і 6 мужчын. Чацвёра з іх — жыхары Лунінца, трое — Мікашэвіч. Як бачыце, ранейшая выснова пра тое, што наркотыкі больш распаўсюджаны ў Мікашэвічах, пацвярджаецца не заўсёды. Пяцёра абвінавачваемых атрымалі рэальныя тэрміны пазбаўлення волі. Адзін пакараны абмежаваннем волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, яшчэ адзін атрымаў такое ж пакаранне толькі з адбыццём тэрміну ў выпраўленчай установе. Тэрміны дастаткова сур’ёзныя. Так, двум абвінавачваемым прызначана 11 і 13 год пазбаўлення волі, але калі б іх злачынствы падпадалі пад дзеянне Дэкрэта №6, прыгавор суда быў бы куды больш жорсткім. Задумацца ёсць над чым.

Удавенка. Увогуле, работа і праваахоўнікаў, і грамадства павінна быць скіравана на стварэнне пачуцця нецярпімасці да фігурантаў наркатычных спраў. Прайшоў час, калі можна было думаць, што гэта — іх лад жыц-ця і іншых ён не датычыць. Сёння яны нясуць пагрозу ў беларускія сем’і. Мы не маем права дапусціць, каб сюды прыходзіла бяда.

Матэрыял падрыхтавала
Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

 

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.