Паслядоўнік Астапа Бэндэра

судГэты 19-гадовы юнак у некалькі іншых умовах і абставінах упаўне мог бы прэтэндаваць на званне вынаходлівага і надзвычай кемлівага, настолькі ўражвае здольнасцямі ўваходзіць у давер і ці не на ляту хапаць магчымасць пакласці ў кішэню грошы. Вось толькі не шляхам сумленнага заробку, а самага звычайнага падману і крадзяжу.

Упершы раз у поле зроку праваахоўнікаў грамадзянін Г. трапіў у юным узросце за банальны крадзеж. Атрымаў паўгода выпраўленчых работ, аднак, паспрабаваўшы смак “лёгкіх” грошай, пра іншае нават і не марыў. Не прайшло і года, як зноў аматарства да чужога дабра прывяло ў залу суда, дзе пачаўся адлік новага тэрміну. На гэты раз — рэальнага пазбаўлення волі на 1 год 7 месяцаў.

Аднак, “подзвігі” на Лунінеччыне, здаецца, здольныя перакрыць па сваёй нахабнасці ўсё, што Г. натварыў дагэтуль. Але ж аб усім па парадку. Нягледзячы на тое, што жыў на Міншчыне, юнак нярэдка бываў у нашым раёне. Адсюль, з Вялікіх Чучавіч, паходзіла яго маці. У чарговы раз наведаўшы радзіму бацькоў, спакусіўся на прапанову знаёмага і, як растлумачыў сам, “неафіцыйна” ўладкаваўся грузчыкам да фермера. Дарэчы быў інтэрнат у Міжлессі, дзе прапанавалі пажыць. Тут аднойчы знайшоў пашпарт на чужое імя. Дакумент быў непратэрмінаваным, што адразу ж наштурхнула на думку выкарыстаць яго ў злачынных мэтах. 3 гэтай хвіліны цяжкая праца ў фермера падалася вельмі непрыцягальнай.

Бессмяротны Астап Бэндэр, які ведаў больш як 200 спосабаў адносна законнага адабрання грошай, мог бы толькі пазайздросціць вынаходлівасці свайго калегі-сучасніка. Прыехаўшы ў Лунінец, Г. часу не марнаваў. На Прывакзальнай плошчы ён звярнуў увагу на салон сотавай сувязі “Уеісот”. Зайшоўшы ў памяшканне, усміхнуўся даверліваму аператару і пацікавіўся, ці нельга ў растэрміноўку аформіць тэлефон. Атрымаўшы сцвярджальны адказ, выбраў самы дарагі апарат і накіраваўся да касы. Дзяўчына нават не зірнула на “ўладальніка” дакумента, хуценька аформіла крэдыт, выдала SIM-карту, ветліва ўсміхнуўшыся на развітанне.

Падбадзёраны нечаканым поспехам, Г. накіраваўся ў Баранавічы, падсвядома спадзеючыся, што там, у большым горадзе, куды лягчэй будзе яшчэ раз скарыстацца чужым пашпартам. I не памыліўся. Але, перш-наперш, паспяшаўся пазбавіцца ад крадзенага новенькага тэлефона, добра ведаючы, што тэлефанаваць па ім не давядзецца: калі выявяць падлог, уладальніка адразу ж вылічаць і затрымаюць.

Пакупнік на апарат знайшоўся хутка, балазе, прадаваў яго па цане ўдвая меншай за рэальную. Розніцу вырашыў кампенсаваць апрабаваным шляхам. У цэнтры Баранавіч на вуліцы Савецкая зайшоў у магазін “Цифра”. Доўга таптаўся каля вітрыны, прыдзірліва выбіраючы планшэт. Кансультант, які знаходзіўся побач, з палёгкай уздыхнуў, калі прывярэдлівы кліент нарэшце спыніўся на адной з не самых дарагіх, але ўсё ж прэстыжных мадэляў. Дзяўчына, што працавала ў магазіне, ненавязліва падказала: на пакупку планшэта можна хутка і зручна аформіць крэдыт у “Хоум крэдыт банку”. Далей усё развівалася па знаёмаму сцэнарыю: чужы пашпарт — дакументы — планшэт, коштам амаль у 3 мільёны рублёў. Ад яго Г. таксама пазбавіўся без асаблівага шкадавання: грошы грэлі кішэню куды лепш, чым, хоць і дарагая, ды ўсё ж не дужа патрэбная цацка.

Пасля лунінецкага ваяжу вынаходлівы злодзей учыніў яшчэ некалькі крадзяжоў на Случчыне, а потым зноў “засвяціўся” на Лунінеччыне. У адзін з пераднавагодніх дзён вырашыў завітаць да знаёмай дзяўчыны ў Лахву. Папярэджваць не стаў, хацеў, як растлумачыў сам, зрабіць сяброўцы прыемны сюрпрыз. Цяпер пэўна можна сказаць, што апошняй пашанцавала: не ведаючы пра візіт госця, яна з’ехала ў іншы горад. Г. нічога не заставалася, як бавіць час у чаканні зваротнага цягніка на Лунінец. Але ж не тым ён быў, каб марна губляць час. Гуляючы па мястэчку, звярнуў увагу на комплексны прыёмны пункт. Не трэба было валодаць асаблівымі ведамі, каб вызначыць, што ні сігналізацыі, ні якога б то ні было ахоўнага прыстасавання на будынку няма. Нават пра знакамітыя рашоткі на вокнах гаспадары не паклапаціліся.

Старэнькая шыба была выстаўлена без асаблівай цяжкасці. Трапіўшы ў пакой, злодзей спыніў позірк на металічным сейфе. Ён быў зачынены на замок. Аднак, адкрыўшы верхнюю шуфляду пісьмовага стала, Г. беспамылкова намацаў пад паперамі масіўны ключ. (Ах, гэтая адвечная чыноўніцкая даверлівасць і абыякавасць!) Ключ падышоў. На самым відавоку ў сейфе стаяла картонная скрынка з грашамі.

Ужо на чыгуначным прыпынку Г. пералічыў здабычу — амаль 3 мільёны рублёў! Нядрэнна для невялікай прагулкі па вёсцы.

Не будзем раскрываць тайны следчых і тое, як удалося выйсці на вопытнага зладзюгу. Яго затрымалі, і за ўсе свае ўчынкі ён паўстаў перад судом. Раскайваўся, прызнаваў віну і тое, што наўмысна ішоў на канфлікт з законам у імкненні займець грошы. У спадзяванні на літасць, абяцаў не паўтараць уласных памылак. Прысуд быў строгім. Нягледзячы на тое, што злачынца кампенсаваў нанесены ўрон, 2 гады яму давядзецца правесці ў выпраўленчай калоніі агульнага рэжыму.

Ва ўсёй гэтай гісторыі насцярожвае, аднак, не толькі злачыннае нахабства вялікарослага лайдака, колькі не менш злачынная няўважлівасць асоб, якім даручана мець справу з грашамі. Праяві яны самую звычайную пільнасць, звярнуўшы ўвагу на дакумент і змешчанае ў ім фота — некалькіх гучных эпізодаў крымінальнай справы магло б увогуле не быць.

Міхаіл ДЗЕНІСОВІЧ, старшыня суда

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.