Пешаходы больш асцярожныя, чым вадзіцелі

ГАИУ початку мая ў раёне (зрэшты, як і па ўсёй краіне) праходзіў Трэці Глабальны тыдзень бяспекі дарожнага руху. З пытання пра яго вынікі пачалася наша размова з начальнікам аддзялення ДАI РАУС Аляксандрам АНТАНОВІЧАМ:

— Варта сказаць, што тыдзень, аб’яўлены рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН, накіраваны на павышэнне бяспекі дарожнага руху ўвогуле, але сёлета быў прысвечаны абароне дзіцячых жыццяў. Так званая Дзіцячая дэкларацыя была распрацавана ў лістападзе мінулага года з удзелам дзяцей усяго свету. Хлопчыкі і дзяўчынкі выказалі свае думкі, страхі, пачуцці, якія валодаюць імі, калі яны едуць ці пехатой ідуць у школу. У вялікай ступені ад нас, дарослых, залежыць, наколькі ўпэўнена і бяспечна будуць адчуваць сябе на дарозе нашы дзеці. Менавіта таму з 4 па 10 мая праводзіліся спецыяльныя мерапрыемствы з тым, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы гібелі і дзіцячага траўматызму ў дарожна-транспартных здарэннях. Дванаццаць разоў на працягу тыдня пабывалі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ў працоўных калектывах і навучальных установах раёна. У ходзе выступленняў увагу акцэнтавалі на папярэджанні ДТЗ і прафілактыцы трагедый на дарогах. Такія гутаркі не выключалі практычнай работы. Пры нясенні дарожна-патрульнай службы асаблівую ўвагу звярталі на правілы перавозкі дзяцей-пасажыраў. За час правядзення мерапрыемстваў падобныя парушэнні сталі прычынай адміністрацыйнага пакарання траіх вадзіцеляў. Зразумела, што гэтую работу будзем працягваць і надалей.

—    Мінулы год стаў асабліва праблемным для нашага раёна з-за прыкметнага павелічэння колькасці ДТЗ і іх ахвяр. Сёлета сітуацыя палепшылася?

—    З пачатку года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 4017 парушэнняў Правілаў дарожнага руху. Гэта менш, чым летась, а таксама ў суседнім Столінскім (6184) ці Пінскім (4967) раёнах. Але ж аматараў паліхачыць на дарогах, што нярэдка становіцца прычынай ДТЗ, у нас амаль столькі ж, як на Століншчыне. Больш як 700 выяўлена парушальнікаў-пешаходаў. Многія з іх прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за грэбаванне святлоадбіваючымі элементамі. Аднак 122 — стваралі рэальную небяспеку, знаходзячыся на дарозе ў нецвярозым стане. Справядлівасці дзеля, варта сказаць, што і п’яных за рулём не меншае: сёлета такіх затрымалі 74 чалавекі. На штрафстаянку дастаўлены 61 аўтамабіль.

—    З наступлением цяпла становішча ўскладнілася?

—    Бадай што так. За перыяд з 1 па 17 мая супрацоўнікамі ДАІ выяўлена 499 парушэнняў ПДР, што на 34 больш, чым за такі ж час летась. Верагодна, шматлікія майскія святы сталі перадумовай таго, што некаторыя вадзіцелі дазволілі сабе “расслабіцца” і рызыкнулі п’янымі сесці за руль. Аднак дзяржаўтаінспектары не дрэмлюць: 14 вадзіцеляў затрымалі яны па прычыне знаходжання за рулём у стане алкагольнага ап’янення. На 10 больш стала ліхачоў. А вось пешаходы пачалі весці сябе больш асцярожна і абачліва. У параўнанні з такім жа леташнім перыядам іх за парушэнне ПДР затрымана ў паўтара раза менш.

—    Як думаеце, чым кіруюцца тыя, хто рызыкуе ісці на канфлікт з законам?

—    Магчыма, спадзяюцца на славутае “авось”. А яшчэ — на тое, што бяда на дарозе можа здарыцца з кім заўгодна, але не з імі. Як правіла, рэчаіснасць нярэдка жорстка абвяргае гэтыя спадзяванні. І плаціць даводзіцца дастаткова высокую цану — калі не жыццём і здароўем, то матэрыяльна. Закон сёння строгі ў адносінах да грубых парушальнікаў. Гэта варта памятаць усім — і вадзіцелям, і пешаходам.

Гутарыла Таццяна ПЯТРОВА

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.