Подых даўніны

музей пту146 01Подых даўніны хавае музейны пакой, размешчаны ў політэхнічным прафесійна-тэхнічным каледжы.

Створаныя ў 1985-ым майстрам вытворчага навучання, кіраўніком гуртка тэхнічнай творчасці Георгіем Стаўнічуком, незвычайныя экспанаты славіліся на ўвесь Савецкі Саюз. Пра гэта нагадваюць дыпломы і сярэбраныя медалі, прывезеныя з выставы дасягненняў народнай гаспадаркі з Масквы ў 89-90 гг. мінулага стагоддзя (напрыклад, сонечная электрастанцыя).

Асноўнай задачай, якая стаяла перад стваральнікам музейнага пакою, была прапаганда тэхнічнай творчасці. Гэтыя традыцыі папярэднікаў сёння беражліва шануе выкладчык спецдысцыплін Іна КАСПЯРОВІЧ (на здымку), якая разам з творчай групай рэканструявалі памяшканне і яго аснашчэнне. Цяпер сучасна выглядаюць шматлікія стэнды, прыведзена ў парадак і дапоўнена відэатэка, “другое жыццё” займеў юбілейны альбом навучальнай установы, адноўлена самая першая кніга педсавета… А самае галоўнае — тут вельмі грунтоўна і скрупулёзна сабралі дадзеныя па гістарычных перыядах станаўлення: ад пачатку работы — да сённяшніх дзён.

музей пту146 02— Вядома, зрабіць усё самастойна было б складана, — расказала Іна Георгіеўна. — Таму ўдзячна сваім памочнікам — выкладчыку гісторыі Алегу Яфрэмаву, навучэнкам групы №10С Алесі Лукашэвіч, Марыі Янчук і Аліне Дульскай. Разам дапоўнілі экспазіцыю дэкаратыўнымі вырабамі. Вось тут прыгожыя рэчы, змайстраваныя Лізаветай Кавалевіч, якая ўзначальвае творчае аб’яднанне “Рукадзелле”. На бачным месцы — устаноўка для вырабу электродаў Віктара Кавальца, прыбор для вызначэння пачатку і канца абмотак электрарухавіка Івана Русялевіча, многія іншыя. Цесна трымаем сувязь пакаленняў, таму з задавальненнем занатавалі на фотаздымках сваіх ветэранаў і значныя дасягненні калектыву. Дарэчы, апошні дапоўнім новым поспехам — перамогай валейбольнай каманды пад кіраўніцтвам Аляксандра Мірановіча на рэспубліканскім узроўні.

У цэнтры музейнага пакою — кніга ганаровых гасцей, старонкі якой стракацяць цёплымі водгукамі наведвальнікаў. Пакінуўшы некалькі радкоў у ім, увагу прыцягнуў невялікі дамавічок на сцяне. Упрыгожаны чырвонай стужкай (як стала вядома, разрэзанай падчас урачыстага адкрыцця ў дзень 35-гадовага юбілею каледжа), ён надзейна ахоўвае свой дом. А, значыць, яшчэ доўга музей будзе жыць, папаўняецца экспанатамі, дорачы гаспадарам і гасцям магчымасць дакрануцца да мінулага.

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.