Пра самы доўгачаканы май!

конкурс военной песниАгляд-конкурс інсцэніраванай ваеннай песні прайшоў на РУВП «Граніт» напярэдадні 9-га мая.

Вартаўнічая ахова зрабіла акцэнт на кранаючыя вершы пра жанчын, якіх вайна пазбавіла родных — мужоў, дзяцей, братоў. Лірычна дапоўнілі паэзію песні і відэаролік з дакументальнымі кадрамі ваенных кінахронік і фатаграфій тых гадоў. Асновай выступлення ліцейна-механічнага завода стаў відэасюжэт наведвання работнікам падраздзялення Сяргеем Крупянковым і яго дачкой адной з брацкіх магіл у раёне вёскі Моршчынавічы. Завяршыўся ён выкананнем гэтым жа дуэтам песні «Бяры шынель, пайшлі дадому!».

Філіял «Аграграніт» падрыхтаваў дакументальныя звесткі пра партызанскі рух на Беларусі і ўдзел у ім жыхароў Сінкевіч і навакольных вёсак. А хлопцы-вакалісты пад акампанемент гітары далі новае жыццё песні «Даўно мы дома не былі».

Фільм работнікаў гранітнага кар’ера Мікашэвічы ў жанры чорна-белага нямога кіно, зняты спецыяльна да конкурсу, мог прэтэндаваць на катэгорыю мастацкай «кароткаметражкі». Настолькі пераканаўча ігралі самадзейныя акцёры ў стужцы, сюжэтам якой паслужыў адзін са шматлікіх гістарычных фактаў расправы нямецка-фашысцкіх акупантаў над партызанамі і мірнымі жыхарамі! Як, зрэшты, і падчас тэатральнай інсцэніроўкі, што стала свайго роду працягам кінастужкі. Прыемна здзівілі гледачоў і журы пад кіраўніцтвам старшыні прафкама РУВП «Граніт» Таццяны Гарбенка кінаролік і музычная пастаноўка прадстаўнікоў упраўлення.

Не было абыякавых падчас выступлення зборнай цэхаў кантрольных вымяральных прыбораў і сартыроўкі. Дружнымі апладысментамі падтрымлівалі гледачы самадзейных танцораў і спевакоў, якія ўзялі на ўзбраенне прыёмы тэатра ценяў. Узмацнялі ўражанне чорна-белыя і каляровыя кантрасты гарнітураў і дэкарацый.

конкурс военной песни 02Работнікі чыгуначнага цэха пагрузкі паспрабавалі ў адной тэатральна-музычнай пастаноўцы максімальна поўна паказаць гады ваеннага ліхалецця, дзе смерць і разбурэнні ішлі побач з каханнем. I, мяркуючы па рэакцыі гледачоў, якія доўга не жадалі адпускаць артыстаў, задуманае атрымалася. Сапраўдны парад талентаўу музычным, танцавальным і песенным мастацтвах прадэманстравала аўтатранспартнае прадпрыемства.

Нялёгкай была работа прадстаўнікоў журы, якія ацэньвалі канкурсантаў па мноству крытэрыяў. Пакуль яны раіліся, паўзу запоўнілі юныя гараджане з калектыву народнага танца і вакальнага ансамбля «Дамісолькі», спявачкі Эма Цубер і Караліна Калянковіч.

Спецыяльны прыз за самае пранікнёнае выступленне, заснаваны генеральным дырэктарам РУВГ «Граніт» Эдуардам Гаўрылковічам сёлета дастаўся работніцы вартаўнічай аховы Лідзіі Кіслюк за дэкламацыю верша. Памятнымі падарункамі за ўдзел адзначаны філіял «Аграграніт», зборная КВПіА і сартыроўкі, упраўленне. Дыплом 4 ступені дастаўся гранітнаму кар’еру Мікашэвічы. На трэцім месцы размясцілася вартаўнічая ахова, а на другім — чыгуначны цэх пагрузкі. Званне пераможцы, як і прыз сімпатый гледачоў, заваявала аўтатранспартнае прадпрыемства. Як паведамілі ў Палацы культуры, лепшыя нумары конкурсу можна будзе ўбачыць у святочнай канцэртнай праграме 9 Мая.

Наталля ЛЯЛЮК

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.