Самая багатая бабуля

шпакКалі нехта з чытачоў падумае, што расказ пойдзе пра грошы ці золота, то ён глыбока памыляецца. Бо дабрабыт і душэўны спакой не заўсёды вымяраюцца матэрыяльнымі каштоўнасцямі. Часам ёсць нешта больш значнае і дарагое для чалавека, чым метал ці паперкі з надпісамі адпаведнага наміналу.

У Марыі ШПАК з Азярніцы багацце асаблівае. Яно вабіць рознымі галасамі і звонкім смехам, які разліваецца па пакоях. Яно пазірае здзіўленымі вачанятамі і дакранаецца цёплымі далонькамі да твару. А часам цікаўна назірае за бабуляй, імкнучыся пераняць яе рухі і словы.

У Марыі Макараўны — 42 унукі і ўнучкі. I гэта — не мяжа. Хутка чакаецца папаўненне ў малодшай дачкі. А дзеці старэйшай парадавалі першымі праўнукамі.

Ураджэнка Вічына ніколі асабліва не марыла пра вялікую сям’ю. У маці іх нарадзілася дзесяць, але выгадаваць змаглі толькі пяцёра. Жылося тады цяжка, не было дактароў і лекаў. А калі пачалася вайна, не думалася, што нехта наогул застанецца пасля таго пекла.

Нарадзіўшыся ў 1937-ым, дзяўчынка памятае сукенку, якую ёй купілі яшчэ пры Польшчы. Малую тады занеслі ў лаўку на руках і выбралі абнову. Потым знакаміты ўбор перашывалі лялькам, імкнучыся крыху расквеціць бедны свет яе маленства.

Ужо больш яркімі назаўсёды засталіся ў дзіцячай памяці моманты акупацыі. Бацька быў інвалідам першай сусветнай вайны. Прыйшлі немцы і аблюбавалі іх хату сабе для жылля, прымусіўшы гаспадароў пакінуць пакоі. Малых і дарослых прытулілі ў сябе суседзі. З болем яны назіралі, як прадстаўнікі новай улады груба выкідвалі на вуліцу ці спальвалі іх маёмасць і мэблю. Згнілі пад дажджом скруткі палатна, так старанна вырабленыя матуляй і беражліва захоўваемыя, як галоўная каштоўнасць.

Аднойчы немец даў дзяўчынцы цукерку. Але што за радасць з таго прысмака, калі малая штодзённа адчувала голад. Згадваецца самае, страшнае. Перад прыходам нашых акупанты ўсю вёску сагналі разам і загадалі капаць для сябе велізарную магілу.

Стаяў нечалавечы лямант, крык, слёзы, людзі развітваліся з самымі роднымі і дарагімі. Матулі тулілі дзетак да грудзей, імкнучыся хоць неяк выратаваць малых ад смерці. Мужчынскія рукі і твары цямнелі ад гора і бездапаможнасці. Да нечалавечай расправы заставаліся імгненні…

Іх выратавалі чырвонаармейцы. Пачуліся стрэлы, і спалоханыя вырадкі кінуліся абараняцца. Людзі скарысталіся замінкай і разбегліся ўрассыпную. Некаторым услед ляцелі кулі, але, дзякуючы мітусні, пашанцавала застацца ў жывых.

Лёгкае жыццё вярнулася не адразу. Засталося многа бандытаў, якія хаваліся ў лясах. Адсутнасць строгіх законаў развязвала рукі марадзёрам, тым, хто не хацеў жыць мірна і сумленна. Здзекаваліся, як маглі. Даймаў голад, бо немцы пагналі за сабой усю дамашнюю жывёлу. Аднак, сваю карову яны хавалі ў лесе, і яна засталася сапраўднай карміцелькай. Малако, бацвінне буракоў і ягады доўга заставался адзіным рацыёнам для дзяцей і дарослых.

Сямігадовай Марыі давялося бачыць, як людзі паміралі ад голаду. Многа прыходзіла бежанцаў, прасілі хоць якой-небудзь ежы. Але чым было дзяліцца, калі мясцовыя самі галадалі. Ад бяссілля мужчыны і жанчыны ў непрытомнасці валіліся прама на вуліцы. Ніхто не ведаў іх імёнаў і прозвішчаў, няшчасныя ціха адыходзілі ў вечнасць…

Праз год ці два паспакайнела, пабольшала жывёлы, сабралі новы ўраджай. Радуючыся мірнаму небу і кавалку хлеба, людзі жылі весела. Моладзь збіралася на вячоркі, дзе ткалі і пралі, смяяліся і спявалі. У самаробны абутак клалі кавалачкі бяросты, якая пры хадзьбе моцна рыпела, што лічылася вельмі модным у той час.

Замуж Марыя Макараўна пайшла ў 25 год у Азярніцу. Муж Адам быў адзіным сынам у сям’і. Калі ён нарадзіўся, бацькі імкнуліся трапіць у Польшчу, думаючы, што там лепшае жыццё. Аднак на мяжы жанчыну з малым вярнулі, а мужчыну ўлады палічылі за шпіёна і пасадзілі ў турму. Тэрмін далі невялікі, але ён і застаўся па той бок назаўсёды, а хлопчык рос толькі з маці. Адам зайздросціў тым, хто меў многа сясцёр і братоў, таму і нарадзілі яны васьмёра дзяцей.

Працавалі ў калгасе: яна — даяркай, ён — трактарыстам. Пабудавалі дом, адгулялі вяселлі старэйшых. Дачакаліся пенсіі, але гаспадар паспеў атрымаць яе толькі адзін раз. Ад хваробы лёгкіх памёр у 60 год, на жаль, так і не даведаўшыся, што праз два дзесяцігоддзі іх сям’я стане самай багатай на ўнукаў не толькі ў сваёй вёсцы, а ва ўсім наваколлі.

Але не ўсё так радасна ў жыцці. У мінулым годзе на вялікую радню абрынулася страшная бяда. Выганяючы на пашу статак кароў, на дарозе трапіў у аварыю 12-гадовы Вова, унук Марыі Макараўны. Трагедыя здарылася ў сям’і сына, які жыве па суседству. Месяц урачы змагаліся за жыццё хлопчыка, але выратаваць не змаглі… Бабулі нялёгка было перажыць страту. Які палец не парэж, ён аднолькава баліць. Як бы не супакойвалі іншыя малышы, а ў душы засталася глыбокая рана.

Жанчына не ўяўляе свайго жыцця ў адзіноце. Зараз яны месцяцца пад адным дахам з дачкой Аленай, яе мужам і іх дзецьмі, якія ніколі не даюць сумаваць. З радасцю прыязджаюць сюды з розных вёсак і райцэнтра астатнія ўнукі і праўнукі самых розных узростаў. На кожнага ў бабулі хапае добрых слоў і цёплых, пяшчотных далоняў. I ёй даруецца, калі часам не адразу згадае, як каго завуць ці калі дзень нараджэння. Дарэчы, свой жанчына святкуе заўсёды ў чысты чацвер перад Вялікаднем, і не прызнае іншую дату па календары. Абавязкова едзе ў гэты дзень у царкву. А праз два гады чакаецца юбілей, на які мараць сабрацца да бабулі ўсе яе шматлікія нашчадкі. Яны не хвалююцца, што не памесцяцца разам пад адным дахам: у цеснаце — не ў крыўдзе. Спакойная наконт гэтага і Марыя Макараўна — багацця ніколі не бывае многа.

Марыя ЯРАХОВІЧ

Add Comment

Войти с помощью: