Успаміны стомленых сэрцаў

константин арабейІх адрас у ваколіцах Бастыні знайсці прасцей за ўсё, калі спытацца пра жывёлагадоўчы комплекс. За прасторнымі сучаснымі пабудовамі прытулілася невялікая драўляная хата, дзе цепліцца жыццё дваіх старажылаў — Канстанціна і Надзеі АРАБЕЙ.

Муж і жонка сціпла сустракаюць ранкі сваёй старасці, не надакучваючы нашчадкам ці прадстаўнікам мясцовай улады. Доўгае жыццё навучыла разлічваць больш на свае сілы. I цяперашнія выгоды, без якіх не ўяўляюць сябе маладыя, для старэйшага пакалення здаюцца нязначнымі.

Магчыма, на погляды паўплывала перажытае, асабліва падзеі ваеннага часу. Здавалася б, мінула 70 год, пара забыцца пра набалелае. Але яно не пакідае — вяртаецца калі ў снах, а калі ў трывожных успамінах іх стомленых сэрцаў…

Канстанцін Васільевіч нарадзіўся ў 1932-ім, і ў гады акупацыі быў падлеткам. У партызаны пайшла ўся іх сям’я, бо заставацца ў вёсцы стала рызыкоўна і хацелася змагацца з захопнікамі. Адна сястра дапамагала пячы хлеб для атрада, другая — удзельнічала ў адказных аперацыях. Знайшлася справа і для невялікага хлапчука. Кіраўніцтва яму давярала, таму смела накіроўвала ў разведку. На дарослага чалавека немцы адразу звярнулі б увагу. А Косця мог рабіць выгляд, што займаецца дзіцячымі справамі, і за гэты час падлічыць тэхніку, узбраенне, запомніць прыкладную колькасць ворагаў. Так жа незаўважана вёў назіранне за чыгункай — колькі адпраўляецца саставаў і куды. Даводзілася пераадольваць вялікія адлегласці па лясных сцежках, каб выканаць даручэнне і непрыкметна вярнуцца назад.

У Надзеі Аляксандраўны свая трагічная гісторыя, звязаная з вайной. Родам з 1925-га, дзяўчына ў час акупацыі была амаль дарослай. У час аблавы пашчасціла вырвацца і ўцячы ў лес. Але згарэла хата, не засталося нічога з маёмасці. Жылі ў хляве, потым змайстравалі маленечкую пабудову, дзе туліліся ад холаду. Старалася не паказвацца на вочы немцам ці паліцаям. Але аднойчы давялося сустрэцца з імі твар у твар і рызыкаваць сабой.

Яе цётка перад вайной была ў радах камуністаў, і ў часы новай улады жанчына стала галоўным ворагам для захопнікаў. Яе затрымалі і расстралялі ў цэнтры вёскі разам з пяццю такімі ж простымі людзьмі. Родныя даведаліся пра здарэнне, і паўстала праблема пахаваць блізкага чалавека па хрысціянскаму звычаю.

Ведаючы, што мужчыне наўрад ці дазволяць забраць цела, могуць і самога забіць, бацька адправіў на рызыкоўнае заданне Надзею. Маўляў, дзяўчыну не крануць. Запрог каня і загадаў ехаць. Трэсліся калені ад страху, холадам працінала ўсё цела, калі ўбачыла на дарозе шэсць трупаў, а непадалёку натоўп немцаў. Адчуваючы пах крыві і пораху, жывёліна спалохана кінулася прэч. Адбегла, спынілася. Надзея зняла хустку, завязала каню вочы і павярнула назад, спадзеючыся з новай спробы справіцца з даручэннем. Не ведала, як зможа пагрузіць страшны груз, бо дзявочай сілы для гэтага яўна не хапіла б.

Конь зноў адбег. Немцы моўчкі назіралі за яе спробамі. Потым прыйшлі, узялі за аброць, падвялі бліжэй. Знакамі спыталіся, менавіта каго яна хоча забраць. Паказаўшы на акрываўленую цётку, Надзея ўжо не спадзявалася, што яе адпусцяць жывой. Але ворагі чамусьці яе і сапраўды не кранулі. Паклалі на воз жаночае цела, далі ў рукі лейцы і махнулі рукой.

Вярталася, здавалася, з таго свету. У крытычны момант перажытыя адчуванні больш ніколі не пакідалі ў спакоі на працягу ўсяго жыцця.

Але вайна скончылася, маладосць брала сваё. Ім, дзяўчатам таго пакалення, не так проста было знайсці сваю палавінку. Многія хлопцы-равеснікі, з якімі марылі пра шчасце, навечна засталіся ў брацкіх магілах розных краін. Праз некаторы час Надзея ўзяла шлюб з Канстанцінам, маладзейшым на 7 год.

Нарадзіліся сын і дачка, жылі ў роднай вёсцы. Жонка працавала ў калгасе з самага яго стварэння і да пенсіі — даяркай, цялятніцай, паляводам. Муж быў пастухом, потым грузчыкам на лесаперапрацоўцы.

Увесь час трымалі сваю вялікую гаспадарку, і абавязкова каня. Ёсць ён на падворку і цяпер — адзіны з усёй жыўнасці пазбаўляе доўгажыхароў ад суму. Жывёліна вельмі старая, не здужае цягнуць воз ці плуг. Худога нельга прадаць і на мяса. Так і дажывае свой век са шчырай адданасцю людзям. Канстанцін Васільевіч і Надзея Аляксандраўна самі нарыхтоўваюць сена і іншыя кармы для яго.

—    Можа б у СВК выдзелілі, вы не звярталіся? — пытаюся.

—    Навошта? Мы самі, — адказваюць у адзін голас. — А з паўсядзённымі абавязкамі сын з нявесткай дапамагаюць, яны ў райцэнтры жывуць.

Дачка пасялілася ў Наваполацку, таму ёй цяжэй пераадольваць адлегласць праз усю краіну і часта наведваць бацькоў. Затое прыезд унукаў і праўнукаў для дзеда з бабуляй — вялікае свята.

Ад зеляніны папрыгажэла наваколле, схаваўшы пад яркімі колерамі ранейшую шэрасць і маркоту. Маладая лістота калышацца перад вокнамі, часам лёгенька стукаючы ў шыбы. Пасвятлела і на сэрцах немаладых людзей, якія дачакаліся вясны і цяпла, перамагаючы шматлікія хваробы. Вера ў лепшае ажывае ў маі, калі святкуецца Дзень Перамогі. Ім, сведкам ваеннага ліхалецця, асабліва прыемна сустракаць мірныя ранкі з адчуваннем, што іх равеснікі не марна прынялі на сябе цяжкі ўдар у баях за вызваленне.

Марыя ЯРАХОВІЧ

Add Comment

Войти с помощью: