Утрымаць лідарскія пазіцыі

лис встреча с прессойНапярэдадні прафесійнага свята — Дня друку — у Брэсце прайшла прэс-канферэнцыя старшыні аблвыканкама Анатоля Ліса. Сустрэчы з прадстаўнікамі рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі папярэднічала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў абласнога спаборніцтва сярод друкаваных і электронных СМІ. Журналіст нашай раёнкі Алена Даніловіч атрымала Ганаровую грамату прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ў Брэсцкай вобласці за лепшае асвятленне алімпійскай тэматыкі ў 2014 годзе, а сама газета адзначана Дыпломам абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” за актыўную пропаганду беларускай літаратуры і адлюстраванне творчасці мясцовых аўтараў. З лірычнай ноткі віншаванняў з надыходзячым Днём друку пачалася і размова з А.В. Лісам. Праўда, амаль адразу яна перайшла ў рэчышча дзелавога і прынцыповага дыялогу з журналістамі.

АБ НАВЯДЗЕННІ ПАРАДКУ НА ЗЯМЛІ

Справай першаступеннай важнасці назваў А.В. Ліс навядзенне і падтрыманне парадку ў населеных пунктах Брэстчыны. Спрыяў гэтаму і праведзены нядаўна суботнік, удзел у якім бралі больш як 370 тысяч жыхароў вобласці. У яго ходзе прыведзены ў належны выгляд 249 мемарыяльных комплексаў, помнікаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызан, месцаў масавай гібелі мірнага насельніцтва.

Ліквідавана нямала несанкцыянаваных сметнікаў, прагрэйдзіравана 164 кіламетры вуліц і дарог. Ямкавы рамонт зроблены на плошчы ў 14 тысяч квадратных метраў. Акрамя гэтага, новы выгляд набылі 1300 дарожных знакаў, на вуліцах паявілася свежая дарожная разметка. Высаджана амаль 3 тысячы дрэў і 850 тысяч кустарнікаў. Наведзены парадак на 335-ці могілках, якія знаходзяцца ў вядзенні жыллёва-камунальнай службы. Адрамантавана амаль 2 тысячы пагонных метраў агароджы і турнікетаў.

У ходзе суботніка жыхарамі Брэстчыны зароблена 8 мільярдаў рублёў. “Палова гэтай сумы пойдзе ў рэспубліканскі бюджэт, другая — застанецца ў нашым распараджэнні, — адзначыў Анатоль Васільевіч. — Ужо вядома, што накіраваны гэтыя грошы будуць на ўзвядзенне маладзёжнага патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці, умацаванне матэрыяльнай базы ўстаноў аховы здароўя і на падрыхтоўку да летняга сезона месцаў аздараўлення дзетвары”.

АБ СІТУАЦЫІ Ў ЭКАНОМІЦЫ І НЕ ТОЛЬКІ

Вынікі першага квартала адлюстравалі падзенне на 2 працэнты паказчыка па валаваму рэгіянальнаму прадукту, што абумоўлена аб’ектыўнымі прычынамі. Прыкладна такое становішча і па рэспубліцы ў цэлым. Адмоўны ўплыў аказала дэвальвацыя расійскага рубля, з-за чаго пацярпелі беларускія экспарцёры; недаступнасць крэдытных рэсурсаў; зніжэнне бюджэтнага фінансавання ў будаўнічым і аграпрамысловым сектарах эканомікі. “Па выніках года асаблівага прыросту ВРП не чакаецца, аднак, мы спадзяемся захаваць узровень 2014 года, а пры больш спрыяльнай сітуацыі забяспечыць невялікі рост і выйсці на прагнозны ўзровень — 100,7-101,1 працэнта”, — падкрэсліў А.В. Ліс.

Вялікія спадзяванні ўскладваюцца на развіццё аграпрамысловага сектара, дзе вобласць упэўнена трымае лідарскія пазіцыі. I ў першую чаргу — у жывёлагадоўлі. Па аб’ёмах вытворчасці малака і надоях на карову Брэстчына займае другое месца ў рэспубліцы. У вобласці самая высокая шчыльнасць жывёлы ў разліку на 100 гектараў сельгасугоддзяў — 69 галоў (па рэспубліцы — 56). Прыкметна палепшылася таварнасць малака — 89,7 працэнта, і зараз яна самая высокая ў краіне. Летась гатункамі “экстра” і “вышэйшы” рэалізавана яго 82,8 працэнта (у 2009 годзе — 54,3 працэнта).

Такія вынікі былі атрыманы, дзякуючы праведзенай маштабнай мадэрнізацыі жывёлагадоўлі. Так, за апошнія 5 год у вобласці пабудавана 66 новых і рэканструявана 258 старых малочнатаварных фермаў. Сёлета плануецца ўзвесці 16 і рэканструяваць яшчэ 27 МТФ. На гэтыя мэты плануецца зрасходаваць больш як 520 мільярдаў рублёў.

Што датычыць раслінаводства, то ў бліжэйшыя гады асаблівая ўвага будзе ўдзелена стварэнню трывалай кармавой базы, павелічэнню аб’ёмаў вытворчасці ўласнага расліннага бялку. Для гэтага распрацаваны план паэтапнага пераходу на пашырэнне плошчаў пад зернебабовыя і шматгадовыя травы. Сёлета пасяўныя плошчы з зернебабовымі культурамі даведзены да 40 тысяч гектараў — прыкладна 10 працэнтаў у структуры збожжавага кліну. У наступныя гады яны будуць павялічаны да 51 тысячы гектараў.

Па-ранейшаму пільная ўвага будзе ўдзелена рапсу, які сёння займае 60 тысяч гектараў. “Але ж нам самым старанным чынам трэба працаваць над яго ўраджайнасцю. Летась мы сабралі нядрэнны ўраджай, атрымаўшы з кожнага гектара па 23,7 цэнтнера. Але ж хіба гэта можа задаволіць, калі ў асобных гаспадарках аддача ў разы большая — па 40-43 цэнтнеры з гектара”, — зазначыў кіраўнік вобласці.

У мэтах забеспячэння грамадскага пагалоўя якаснымі кармамі будуць павялічвацца да 140 тысяч гектараў плошчы са шматгадовымі травамі. Прыкладна 70 працэнтаў у іх структуры зоймуць бабовыя.

Характарызуючы сітуацыю ў сельскай гаспадарцы, А.В. Ліс не прамінуў адзначыць і тое, што на яе не заўсёды спрыяльна ўплываюць кліматычныя ўмовы. Менавіта таму адпаведнай пастановай Саўміна зацверджаны пералік раёнаў, якія маюць статус неспрыяльных для вырошчвання сельскагаспадарчай прадукцыі. На Брэстчыне іх 7 — Ганцавіцкі, Драгічынскі, Іванаўскі, Лунінецкі, Маларыцкі, Пінскі і Столінскі. Для сельгасвытворцаў тут разам з традыцыйнымі накірункамі бюджэтнага фінансавання прадугледжаны надбаўкі за рэалізуемую прадукцыю. У прыватнасці, малако адсюль дзяржава купляе на 10 працэнтаў даражэй. Выплаты ажыццяўляюцца з абласнога бюджэту. Атрыманыя сродкі гаспадаркі накіруюць на набыццё мінеральных угнаенняў, гаруча-змазачных матэрыялаў, пагашэнне запазычанасці за электраэнергію.

У ходзе размовы акрэслілі праблемы і ў прамысловым сектары эканомікі. Першай А.В. Ліс назваў недастатковыя тэмпы прамысловай вытворчасці: зніжэнне дапушчана ў 12-ці з 19-ці рэгіёнаў. Насцярожвае, што ў гэтым пераліку апынуліся буйныя прамысловыя цэнтры Брэст і Пінск. Складаная сітуацыя ў Пінскім, Іванаўскім, Лунінецкім і Кобрынскім раёнах. Прычыны ўзніклі не сёлета, і яны вядомы. Перш за ўсё, гэта надзвычай жорсткая грашова-крэдытная палітыка Нацбанка і Урада, якая зрабіла практычна недаступнымі крэдытныя рэсурсы. Адмоўна адбіліся рэзкае скарачэнне заказаў з боку буйных рэспубліканскіх зборачных вытворчасцей і зніжэнне бюджэтнага фінансавання ў будаўніцтве і аграпрамысловым комплексе. Негатыўны ўплыў аказала хуткая дэвальвацыя валют дзяржаў-партнёраў і, як вынік, — пагаршэнне становішча экспарцёраў у Расійскай Федэрацыі.

Цікавіліся журналісты і сітуацыяй з пастаўкамі мяса-малочнай прадукцыі ў Расію. На гэта губернатар расказаў, што за 3 месяцы года толькі прадпрыемствамі “Брэстмясамалпрама” адгружана прадукцыі на 115,81 мільёна долараў ЗША — 93,8 працэнта ў агульным экспарце. У натуральным адлюстраванні гэта — больш як 32 тысячы тон цэльнамалочнай прадукцыі, 8 тысяч тон сыроў, 2 тысячы тон сметанковага масла, 4 тысячы тон сухой сыроваткі, больш як 6 тысяч тон ялавічыны і 1 тысяча тон каўбаснай прадукцыі. Сёння ўсе прадпрыемствы-вытворцы рэгіёна маюць магчымасць пастаўляць сваю прадукцыю на расійскі рынак.

Адзіным нявырашаным пакуль пытаннем застаецца часовая забарона на экспарт свініны і вырабаў з яе, якія не прайшлі тэрмічную апрацоўку. Прычына — выяўленне генома афрыканскай чумы свіней у прадукцыі некаторых беларускіх вытворцаў. Кіраўнік вобласці дадаў, што да прадукцыі мясакамбінатаў Брэстчыны прэтэнзій у расійскіх спажыўцоў няма.

БУДЗЕ БОЛЬШ АГРАГАРАДКОЎ

У час рабочай паездкі па Міншчыне Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка даручыў у кожным раёне ў дадатак да існуючых аграгарадкоў вызначыць па 5 перспектыўных вёсак для іх далейшага развіцця. Зразумела, журналістаў цікавіла, ці праведзена гэтая работа ў нашай вобласці?

Адказваючы на пытанне, Анатоль Васільевіч сказаў, што пакуль спіс новых аграгарадкоў (а сёння на Брэстчыне такіх населеных пунктаў ужо 222) пакуль не вызначаны. Вядома толькі, што асноўнымі крытэрыямі пры адборы будуць наяўнасць вытворчай інфраструктуры, сельскагаспадарчых і іншых арганізацый рэальнага сектара эканомікі, якія дазволяць забяспечыць занятасць пражываючага тут насельніцтва. Ды і сама колькасць жыхароў таксама будзе брацца пад увагу.

Адначасова старшыня аблвыканкама зазначыў, што работа па развіццю сацыяльнай сферы не толькі аграгарадкоў, але і іншых населеных пунктаў, не спынялася. Яна працягваецца па-сёння ў межах Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011-2015 гады. Удасканальваецца работа сферы абслугоўвання, выконваюцца рамонты ва ўстановах адукацыі і аховы здароўя, асфальтуюцца дарогі, у дамы прыходзіць прыродны газ і г.д. Так, за апошнія 4 гады на развіццё сацыяльнай сферы было накіравана 1,3 трыльёна рублёў, з іх 0,7 трыльёна — бюджэтныя сродкі.

Пацікавіліся журналісты абгрунтаванасцю чутак наконт магчымай рэарганізацыі Баранавіцкага ўніверсітэта, на што кіраўнік вобласці зазначыў, што ў нас у рэгіёнах не так і многа падобных навучальных устаноў, каб іх рэарганізоўваць. А запатрабаванасць БарГУ сумнення не выклікае. Так, сярод выпускнікоў 2012-2014 гадоў 63 працэнты — жыхары Брэстчыны. Больш як палова выпускнікоў застаецца працаваць у нашай вобласці. “Розніца паміж паступіўшымі ў БарГУ з Брэсцкай вобласці і размеркаванымі сюды на працу — толькі 9 працэнтаў. Гэта абнадзейвае, бо любому рэгіёну заўсёды патрэбны добрыя спецыялісты”, — запэўніў Анатоль Васільевіч.

Больш як 2 гадзіны доўжылася размова журналістаў са старшынёй аблвыканкама. На ўсе пытанні Анатоль Васільевіч адказваў дакладна і шчыра, а на развітанне яшчэ раз павіншаваў прадстаўнікоў СМІ з прафесійным святам, пажадаўшы не губляць вастрыні пер’яў.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.